Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міратворцы з АДКБ Украіне непатрэбныя


Вячаслаў Пазьняк
Вячаслаў Пазьняк

«Украіна ніколі не пагодзіцца на ўвод на яе тэрыторыю міратворцаў пад эгідай АДКБ (Дамовы аб калектыўнай бясьпецы)» — такое меркаваньне выказаў беларускі палітоляг, спэцыяліст у галіне міжнароднай бясьпекі Вячаслаў Пазьняк.

Ён пракамэнтаваў для Свабоды сёньняшнюю сустрэчу ў Менску Аляксандра Лукашэнкі з генэральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.

Палітоляг падкрэсьліў, што цяпер у сьвеце абмяркоўваюць магчымае ўвядзеньне міратворцаў у зону канфлікту ва Ўкраіне і розныя фарматы гэтай акцыі:

«Што тычыцца АДКБ і яе магчымага ўдзелу ў міратворчай акцыі ва Ўкраіне, то гэтая размова ня можа быць ні ў якім разе пераведзеная ў нейкую практычную справу. Увядзеньне міратворцаў заўжды адбываецца толькі са згоды дзяржавы, якая па гэта зьвяртаецца ў тую ці іншую міжнародную арганізацыю. Зразумела, што Ўкраіна ніколі не пагодзіцца на міратворцаў з АДКБ — арганізацыі, у якой вядучую ролю адыгрывае Расейская Фэдэрацыя».

13 красавіка, паводле прэсавай службы кіраўніка беларускай дзяржавы, Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў зь Мікалаем Бардзюжам «сытуацыю, якая складаецца на постсавецкай прасторы». Генсек АДКБ заявіў, што цяпер «сытуацыя вельмі вострая на ўсіх кірунках», а «самае галоўнае — гэта спробы НАТО ўвязацца ў гэты працэс, у тыя падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне».

«Калі глядзець на танальнасьць размовы Бардзюжы і Лукашэнкі, то першае ўражаньне, што дагэтуль рэакцыя АДКБ на падзеі, якія яе трывожаць, была недастатковая», — адзначае Вячаслаў Пазьняк:

«Зусім нядаўна праходзілі кансультацыі паміж краінамі, што ўваходзяць у АДКБ. Таму прыезд Бардзюжы паказвае, што па іх выніках зроблены пэўны аналіз, і цяпер генсек будзе даводзіць гэтую інфармацыю да кіраўнікоў дзяржаў, што ўваходзяць у арганізацыю. Гэта неабходна для таго, каб узгадніць супольныя меры рэагаваньня.

Яны могуць быць дваякія. Па-першае, гэта ўдасканаленьне сыстэмы кіраўніцтва тымі фармаваньнямі АДКБ, якія ўжо створаныя. Напрыклад, можна чакаць умацаваньня сродкаў наземнай і паветрана-касьмічнай выведкі.

Па-другое, мабыць, можа адбыцца актывізацыя і разьвіцьцё спэцыяльных сілаў хуткага рэагаваньня, па аналёгіі з тым, што робіць НАТО.

Магчымасьці АДКБ абмежаваныя нежаданьнем некаторых яе краін-удзельніц уступаць у сур’ёзныя супрацьдзеяньні з НАТО

Але тут ёсьць свае праблемы. Магчымасьці АДКБ абмежаваныя нежаданьнем некаторых яе краін-удзельніц уступаць у сур’ёзныя супрацьдзеяньні з НАТО. Возьмем для прыкладу Казахстан. Ён нядаўна праводзіў супольныя вайсковыя вучэньні з Паўночна-Атлянтычным альянсам. Пагадзіцеся, было б дзіўным чакаць, што Казахстан, у якога дачыненьні з НАТО паглыбляюцца і разьвіваюцца, стаў бы выступаць супраць альянсу. Дарэчы, і дачыненьні Беларусі з НАТО, пры ўсёй традыцыйнай для афіцыйнага Менску рыторыцы, разьвіваюцца таксама досыць устойліва».

У АДКБ, які афіцыйна лічыцца ваенна-палітычным саюзам, цяпер уваходзяць шэсьць краін. Гэта — Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан. У розныя гады ў АДКБ таксама ўваходзілі Ўзбэкістан, Азэрбайджан і Грузія.

Арганізацыя стваралася на аснове Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, якую падпісалі ў Ташкенце 15 траўня 1992 году. Частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня выступала супраць далучэньня да гэтай Дамовы, бо гэты крок супярэчыў курсу на нэўтральны статус Рэспублікі Беларусь. Таму Беларусь афіцыйна падпісала дакумэнт 31 сьнежня 1993 году.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць, «каб АДКБ не ператварылася ў чарговы фантом».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG