Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім Міры абмеркавалі новую стратэгію менскага працэсу на Данбасе


Прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік

Прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік

У Менску 27 ліпеня адбыўся чарговы раўнд перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Напярэдадні заходнія дыпляматы, якія выконваюць функцыі каардынатараў у падгрупах, абмеркавалі новую стратэгію для Менскага працэсу ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

Днём раней прадстаўнік АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе амбасадар Марцін Сайдзік і каардынатары чатырох працоўных падгрупаў абмяркоўвалі будучую стратэгію Менскага працэсу. Пасяджэньне прайшло ў старасьвецкім замку ў мястэчку з сымбалічнай назвай Мір.

Амбасадар Сайдзік на брыфінгу з гэтай нагоды не раскрыў дэталі рашэньняў, толькі заявіў, што галоўнае, каб гэтыя дамоўленасьці рэалізаваліся. Падрабязнасьці пасол паабяцаў расказаць асобна — увосень, да другой гадавіны Менскіх пагадненьняў:

«Ад нас чакаюць вынікаў, чакаюць іх увосень. Мы ўжо працягнулі дзеяньне Менскіх пагадненьняў у канцы мінулага году, таму мусім намагацца рэалізаваць, увасобіць гэтыя пагадненьні яшчэ мінулага году».

Зь мінулага раўнду перамоваў не рэалізаваная папярэдняя дамоўленасьць аб стварэньні на лініі разьмежаваньня на Данбасе трох зонаў бясьпекі. Сёньня таксама не ўдалося падпісаць дамову аб зонах бясьпекі, зь якіх вывелі б усю зброю і вайскоўцаў. Спачатку бакі перамоваў мелі амбіцыі наконт 12 такіх зонаў, затым — трох, сёньня ідзе гаворка пра дзьве зоны бясьпекі: у Залатым і Пятроўскім Луганскай вобласьці.

Але і наконт іх у бакоў няма згоды, паведаміў амбасадар Сайдзік:

«Там яшчэ ёсьць, у прынцыпе, адно адкрытае пытаньне, досыць важнае, але было б лепш, каб бакі вас наўпрост праінфармавалі пра сутнасьць гэтых праблемаў».

Сайдзік заклікаў да алімпійскага замірэньня

Прагрэсу ў перамовах аб вызваленьні палонных чакаюць сем’і 108 украінскіх байцоў, якіх незаконна ўтрымліваюць на акупаваных тэрыторыях. Пакуль добрых навінаў ад перамоўцаў няма. Адно што гэтую тэму не забываюць, яе працягваюць абмяркоўваць.

Каардынатар падгрупы па бясьпецы сёньня зноў заклікаў бакі супрацоўнічаць з Чырвоным Крыжам і забясьпечыць доступ да палонных.

У канцы свайго выступу Сайдзік далучыўся да закліку генэральнага сакратара ААН аб алімпійскім замірэньні:

«Я спадзяюся, і я ўжо некалькі разоў гэта казаў, што кожны дзень без агню — гэта перамога, і калі гэта будзе нагода, каб не страляць адзін у аднаго, не забіваць адзін аднаго — гэта таксама плюс. Мне проста дрэнна праз кожнага чалавека, які траціць жыцьцё ў гэтым канфлікце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG