Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя прызнала праблему з цэнамі на лекі ў Беларусі


Цэны ў Беларусі насамрэч вышэйшыя за расейскія і эўрапейскія, але вінаватыя ў гэтым замежныя вытворцы, сьцьвярджае намесьнік міністра.

На выступе перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Валер Шаўчук прызнаў, што цэны на некаторыя лекі ў Беларусі вышэйшыя, чым у Расеі, а па 15–20 пазыцыях — вышэйшыя, чым у Эўропе, перадае БелаПАН.

«Многія замежныя вытворцы пры экспарце сваёй прадукцыі ўлічваюць абʼём рынку. Калі яго абʼём вялікі, цана, адпаведна, ніжэйшая, — тлумачыў Шаўчук. — Зразумела, што фармацэўтычны рынак Беларусі не параўнаць з расейскім. У грашовым выражэньні ёмістасьць беларускага рынку складае 700 мільёнаў даляраў, расейскага — каля 20 мільярдаў даляраў».

Паводле яго словаў, Міністэрства аховы здароўя спрабуе наўпрост, без пасярэднікаў дамовіцца з вытворцамі аб пастаўках лекаў. Але некаторыя, спасылаючыся на памер рынку, кажуць: «Ня хочаце — не купляйце». Таксама міністэрства спрабуе зьбіць цэны празь зьніжэньне аптовых і розьнічных надбавак (максымальная надбаўка — 40%, а на дарагія замежныя лекі — ня больш за 3–4%). Разам з тым Беларусь спрабуе наладзіць вытворчасьць уласных лекаў — пасьля гэтага, кажа Шаўчук, і замежныя вытворцы зьніжаюць цэны на аналягі.

XS
SM
MD
LG