Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мінск Сіці» ня будзе. Ці зьявіцца «Мінск Сьвет»?


Адзін з варыянтаў забудовы «Мінск Сіці»
Адзін з варыянтаў забудовы «Мінск Сіці»

Шырока разрэклямаваны праект «Мінск Сіці» з хмарачосамі і арыгінальнай забудовай дзелавога цэнтру, які бралася рэалізаваць расейская кампанія «Ітэра», канчаткова пахаваны. Цяпер улады выношваюць новую канцэпцыю выкарыстаньня тэрыторыі аэрапорту ў цэнтры сталіцы — пад назвай «Мінск Сьвет». Замоўнікам выступае замежнае прадпрыемства «Дана Астра» з сэрбскай доляй уласнасьці і шэраг мясцовых арганізацыяў. Лётнішча «Мінск-1» зачыніцца да 1 ліпеня, графік працаў на аб’екце будзе зацьверджаны на бягучым тыдні. Ці ўдасца рэалізаваць штосьці вартае гэтым разам?

Пасьля пяцігадовага зацішша ў справе асваеньня 300 гектараў тэрыторыі маральна састарэлага аэрапорту за гэты аб’ект узяўся новы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Косінец. На адмысловай нарадзе ён падкрэсьліў, што з боку інвэстара прадстаўлены канцэптуальны плян, вызначаныя першыя кварталы, якія будуць уключаць у сябе міжнародны фінансавы цэнтар, будынкі грамадзка-дзелавога прызначэньня, жылую забудову, а таксама інжынэрную, транспартную і сацыяльную інфраструктуру. Прадугледжваецца ўзьвядзеньне чатырох 30—45-павярховых офісных хмарачосаў, а таксама высотнага гатэльнага комплексу. Мінімальны аб’ём інвэстыцыяў павінен скласьці 3,5 мільярда даляраў.​

Пры гэтым перад пачаткам будоўлі давядзецца зьнесьці багата разнастайных аб’ектаў. Тым ня меней чыноўнік запатрабаваў ад падначаленых не марудзіць, перанёсшы першапачатковы тэрмін рэалізацыі інвэстпраекту з 2025 году на 2020. Але ці адпавядае глябальнасьці задумаў рэальны стан рэчаў? Ці здолеюць сэрбскія рэалізатары дадаць сталіцы таго глянцу, на адсутнасьць якога падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі наракаў Аляксандар Лукашэнка? Менскі архітэктар Вадзім Пракопчык мае на гэты конт вялікі сумнеў:

«У прынцыпе, такая думка ёсьць, яна ўжо даўно сфармаваная: ніякі прыстойны інвэстар сюды сёньня ня пойдзе ні ў якім выглядзе. І нават тыя, што імкнуліся сюды да ўсіх крызісаў, — гэта былі другасныя расейскія кампаніі. Але ніводзін прыстойны інвэстар укладаць сюды ў будаўніцтва ня будзе. Так што мець нейкія спадзевы на тое, што нехта прыйдзе і навядзе нейкі глянец — гэта на маю, думку, проста гульня. Ілюзія, больш нічога».

Стэнд кампаніі «Ітэра» на выставе ў 2010 годзе з макетамі забудовы «Мінск Сіці» ды Кальварыйскай вуліцы
Стэнд кампаніі «Ітэра» на выставе ў 2010 годзе з макетамі забудовы «Мінск Сіці» ды Кальварыйскай вуліцы

Карэспандэнт: «Чаму лічыце, што сур’ёзныя інвэстары ў Беларусь ня пойдуць?»

«Няма ніякіх гарантыяў, а гэта галоўная ўмова ў любым бізнэсе. Сапраўднае будаўніцтва — гэта вялізныя інвэстыцыі. А што ў нас? Сёньня ўкладаеш, а заўтра табе кажуць „Auf Wiedersehen“. Ніхто ня будзе так працаваць. І паколькі абсалютна несур’ёзны падыход да інвэстараў, то ніхто ня хоча ўкладаць. Навошта? Ёсьць іншыя краіны, дзе можна цалкам бясьпечна рэалізоўваць свае праекты. Тут могуць быць хіба што расейцы, якія будуць абяцаць адно, будаваць іншае, альбо нехта „пераапрануты“, як у нас звычайна робіцца. Нібыта замежны інвэстар, аўстрыйскі ці яшчэ які, па краінах паглядзіш — усе замежнікі. А прыгледзісься — твар расейскі».

Будынак аэрапорту «Менск-1»
Будынак аэрапорту «Менск-1»

Раней на тэрыторыі скасаванага аэрапорту меліся рэалізаваць праект «Мінск Сіці». Да 2020 году плянавалася здаць культурна-дзелавы цэнтар, жыльлё і сацыяльныя аб’екты. Аднак з-за валютнага крызісу 2011 году і далейшай нявызначанасьці расейскі інвэстар запатрабаваў паўзы, што беларускія ўлады расцанілі як сабатаж. У выніку «Ітэру» ад справы адлучылі, а паралельна быў абвешчаны новы конкурс. Ахвотных аказалася няшмат, і выбар кандыдата працягнулі шляхам перамоваў наўпрост з патэнцыйнымі забудоўшчыкамі. Увосень 2014 году Аляксандар Лукашэнка ўхваліў рэалізацыю інвэстпраекту «Экспэрымэнтальны шматфункцыянальны комплекс „Minsk World“» («Мінск Сьвет»). Сэрбскі забудоўшчык атрымаў шырокі спэктар ільготаў і прэфэрэнцыяў.

Аэрапорт «Менск-1»
Аэрапорт «Менск-1»

Холдынг «Дана Астра» цяпер будуе ў беларускай сталіцы комплекс «Маяк Менску» ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі і шэраг іншых жылых кварталаў. Можна прыгадаць, што ў выпадку з тым жа «маяком» менчукам абяцалі беспрэцэдэнтную ў сваім размаху сучасную архітэктурную карціну, якая пры бліжэйшым разглядзе аказалася пасрэдным мікрараёнам са звыклымі панэльнымі шматпавярховікамі. Ні чаканага новага яскравага сымбаля Менску, які павінен быў «прабіць неба», ні ўльтрасучасных хмарачосаў, ні арыгінальнай канцэпцыі ўвасабленьня. Архітэктар Вадзім Пракопчык мяркуе, што гэткім жа чынам будзе рэалізоўвацца чарговы «беспрэцэдэнтны праект»:

Вадзім Пракопчык
Вадзім Пракопчык

«Дзяржава такім чынам цяпер працуе, што чыноўнікам трэба шукаць грошы. Ведаю па сваіх знаёмых, што выпраўляюць з праектных інстытутаў шукаць пляцоўкі, каб тэрмінова пачаць нешта будаваць. Равуць ажно зьверху: патрэбныя грошы! То бок прыходзіць інвэстар — яму неабходна хуценька даць пляцоўку, каб зь яго выцягнуць сродкі, пакуль не перадумаў. Ну, а якія пляцоўкі ў нас? У Менску засталіся толькі паркі і сквэры, зялёны дыямэтар, які пакуль яшчэ абсалютна ўнікальны. І вось яго зараз будуць увесь забудоўваць, гэта ўжо цалкам зразумела. Нам проста, зноў жа, пашанцавала — чарговы крызіс крыху запавольвае ўсе гэтыя працэсы. Але не здымае з парадку дня».

Дзеля праекту «Мінск Сьвет» запатрабуецца вынесьці з тэрыторыі аэрапорт і авіярамонтны завод, зьнесьці забудовы прыватнага сэктару, зачыніць дзейныя Козыраўскія могілкі. Адметна, што авіярамонтны завод мае працаваць да апошняга моманту, а частка ўзьлётна-пасадачнай паласы будзе прымаць самалёты на абслугоўваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG