Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства сельскай гаспадаркі: Ніякай засухі ў Беларусі няма


Праз анамальную сьпёку ў некаторых рэгіёнах Беларусі збожжавыя культуры жнуць на корм жывёле.

У прыватнасьці, на Магілёўшчыне, асабліва ў паўднёвых раёнах, сьпёка зьнішчыла да паловы ўраджаю збожжавых культур. Пра гэта кажуць спэцыялісты сельскай гаспадаркі. У некаторых аграгаспадарках пашкоджанае збожжа ўжо жнуць, каб пусьціць на корм жывёле. Выгарала ад сьпёкі і трава, якая ішла на фураж. Гаспадаркі падлічваюць страты і чакаюць дажджоў.

У гаспадарках Бабруйскага раёну не хаваюць, што сёлетні ўраджай будзе значна меншы, чым леташні. Глеба абязводжаная і каласавыя выгараюць, прызнаюць спэцыялісты.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і прамысловасьці запэўніваюць: ніякай засухі няма, ураджаю нічога не пагражае.

«Ніякай засухі ў нас няма. Абсалютна. Мы жывем ня ў клімаце Гішпаніі ці Італіі. А гэтыя краіны жывуць у гарачым клімаце і квітнеюць. Харчовасьць збожжа ў нас вельмі высокая. Крупяных культураў вельмі шмат на складах яшчэ зь мінулага ўраджаю. Плюс той ураджай, які мы зьбяром і дапрацуем сёлета — усяго гэтага дастаткова. Будзем, як заўсёды, есьці грэчку і аўсянку зь ёгуртам на сьняданак», — сказала Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіда Бярэшчанка.

Разам з тым Зінаіда Бярэшчанка адзначыла некаторыя асаблівасьці сёлетняй уборачнай кампаніі ў пляне нарыхтоўкі кармоў для грамадзкай жывёлагадоўлі:

«Плошча, якая пацярпела, складае толькі 0,6% ад агульнага аб’ёму ўсіх плошчаў. Ніякай трагедыі ў гэтым няма».

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафэсар Міхаіл Кадыраў кажа, што гэты год лічыцца неспрыяльным для ўраджаю — у некаторых раёнах Беларусі дажджоў не было больш як 30 дзён, што адаб’ецца на паказьніках ураджайнасьці:

У сувязі з апошнімі зьменамі клімату ў паўднёвых раёнах кожны другі год — засушлівы

«Надвор’е ў гэтым годзе адназначна не спрыяе высокаму ўраджаю. У паўднёвых раёнах, дзе не было дажджу з 9 траўня, палова пасеваў загінула. І справа ня толькі ў сьпёцы. Справа ў агульным дэфіцыце вільготнасьці, які асабліва адчувальны на пясчаных глебах. Бяда ў тым, што ў сувязі з апошнімі зьменамі клімату ў паўднёвых раёнах кожны другі год — засушлівы. Зараз у Гомельскай вобласьці загінулі ячмень, азімае жыта, пашы выгаралі і не адрасьлі».

Хоць сытуацыю нельга назваць крытычнай, Міхаіл Кадыраў адзначае, што ўраджай збожжа сёлета будзе на чвэрць меншы, чым у сярэднестатыстычны год:

«Ёсьць магчымасьці і досьвед таго, як выходзіць з такіх сытуацыяў пры ўмове, што пойдуць дажджы ў бліжэйшыя дні. Трэба будзе ўнесьці азотныя ўгнаеньні, апрацаваць глебу. Але, апроч дажджоў, патрэбныя сродкі, каб купіць угнаеньні, купіць паліва для тэхнікі. Гэта значныя выдаткі. Звычайна Беларусь у сярэднія па ўраджайнасьці гады зьбірае 7–7,5 мільёна тон збожжа. Калі надвор’е спрыяльнае, як летась, то выходзіць 9 мільёнаў тон. Сёлета зьбяром каля 6 мільёнаў тон збожжа. Гэта мала, але не катастрафічна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG