Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры: Алексіевіч ня можа стаць Героем Беларусі


Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў нацыянальным аэрапорце «Менск»

Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў нацыянальным аэрапорце «Менск»

Міністэрства культуры лічыць, што Сьвятлана Алексіевіч «ня можа быць прадстаўленая да прысваеньня званьня «Герой Беларусі».

Пра гэта Міністэрства культуры паведаміла ў адказе на калектыўны зварот з просьбай прадставіць нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч да прысваеньня званьня «Герой Беларусі». Пад зваротам падпісаліся 334 грамадзяніна.

«31 дзень Міністэрства культуры раілася зь Міністэрствам інфармацыі і грамадзкім аб’яднаньнем „Саюз пісьменьнікаў Беларусі“, каб у адказе працытаваць артыкул закону аб дзяржаўных узнагародах і сказаць: „Падставаў няма“. Аднак тэкст звароту спасылаецца на той жа самы артыкул і кажа: „Глядзіце вось жа падставы!“», — напісаў у фэйсбуку Уладзь Сташкевіч.

Міністэрства культуры ў сваёй адмове спаслалася на закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь»:

«Званьне „Герой Беларусі“ зьяўляецца найвышэйшай ступеньню адзнакі Рэспублікі Беларусь і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, зьвязаныя з подзьвігам, зьдзейсьненым у імя свабоды, незалежнасьці і працьвітаньня Рэспублікі Беларусь».

Камэнтуючы рашэньне Міністэрства культуры Уладзь Сташкевіч адзначае:

«Думаю, можна напісаць цікавы матэрыял з аналізам таго, хто ж тыя 11 Герояў Беларусі і за якія подзьвігі яны былі прадстаўлены да ўзнагароды. Самая гераічная сфэра ў нас, безумоўна, сельская гаспадарка. Але даюць і за жывапіс, спорт і нават рэлігію, дык чым жа літаратура горш?»

Апошняй званьне Героя Беларусі атрымала спартоўка Дар’я Домрачава. Сярод 11 Герояў Беларусі ёсьць былы кіраўнік Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч, старшыня агракамбінату «Сноў» Міхаіл Карчміт і мітрапаліт Менскі і Слуцкі, ганаровы патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG