Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства гандлю: У Беларусі ня могуць вырасьціць 600 тон часныку


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Міністэрства гандлю прызнала, што беларускія сельгаспрадпрыемствы недастаткова вырошчваюць часныку, каб ім у поўным аб’ёме забясьпечыць айчынны гандаль. Пра гэта гаворыцца ў адказе на калектыўны зварот магілёўцаў, якія выказалі незадаволенасьць тым, што ў мясцовых крамах прадаюць толькі замежны часнык.

«Вырошчваньне гэтай культуры сканцэнтравана пераважна ў прыватных і фэрмэрскіх гаспадарках. Пры гадавой патрэбе арганізацыяў гандлю блізу 600 тон у сельгаспрадпрыемствах Беларусі вырошчваецца меней 150 тон, альбо 25 працэнтаў ад неабходных аб’ёмаў», — прызнаецца ў лісьце.

Паводле ўрадоўцаў, стрымлівае павелічэньне вырабу часныку працаёмістасьць. Яго вырошчваньне «зьвязанае зь вялікай доляй ручной працы, а таксама істотны ўплыў умоў надвор’я на ўраджайнасьць і якасьць культуры», — тлумачаць чыноўнікі.

Магілёўцаў запэўніваюць, што аб’ёмы вырошчваньня часныку будуць павялічаныя.

«Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе часнык будзе прадавацца толькі наш беларускі. Мо наважымся нават яго імпартаваць у той жа Кітай ці Расею», — усьцешана камэнтуе адказ Міністэрства гандлю ініцыятар абароны беларускага часныку магілёвец Аляксей Паўлоўскі.

20 гадоў намі кіруе супрацоўнік сельскай гаспадаркі, і вось вынік: тая гародніна, якая вякамі ў нас расла, цяпер у занядбаньні

Актывіст сабраў пад зваротам да чыноўнікаў подпісы болей як сотні гараджан. Сваю кампанію ён назваў «За беларускі часнык».

«У нас цяпер нямала працаўнікоў сельскай гаспадаркі сядзяць бяз працы, і вырошчваньне часныку акурат праца для іхных рук. У вёсках спакон вякоў гэтая культура вырошчвалася. Яна наша, беларуская. Гэта дзейны сродак супраць інфэкцыйных хваробаў. Дваццаць гадоў намі кіруе супрацоўнік сельскай гаспадаркі, і вось вынік: тая гародніна, якая вякамі ў нас расла, цяпер у занядбаньні. Як ён вучыўся ў той акадэміі?» — абураецца Аляксей Паўлоўскі, разважаючы над сытуацыяй.

Паўлоўскі распачаў збор подпісаў, як даведаўся, што ў магілёўскіх крамах на паліцах толькі часнык з Кітаю. У некаторых гароднінных крамах гэтая культура ў дэфіцыце.

Зварот з подпісамі за часнык актывіст дасылаў Аляксандру Лукашэнку і дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Сярод адрасатаў была і Лідзія Ярмошына. Паводле актывіста, яна забясьпечыла перамогу Лукашэнкі на выбарах, пасьля якіх зьнік з крамаў беларускі часнык.

XS
SM
MD
LG