Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-10 самых смачных беларускіх страваў, каб парадаваць гасьцей


Беларуская кухня
Беларуская кухня

Прыгатаваныя зь мясцовых прадуктаў і па традыцыйных рэцэптах стравы – больш карысныя для здароўя, чым замежны фастфуд, сьцьвярджаюць некаторыя навукоўцы. Павал Берасьнеў прапануе дзесяць самых смачных і простых беларускіх страваў, каб парадаваць сваіх сямейных і гасьцей.

1. Тушаная фасоля з цыбуляй і морквай

Запечаная фасоля – гэта страва, якая пры гатаваньні ў вёсцы патрабуе мінімальнага ўдзелу ў працэсе: фасоля на ноч заліваецца вадой, з раньня ставіцца ў печ – і ў абед вы маеце шыкоўную, наварыстую, духмяную і сытную страву.

Фасолю можна прыгатаваць і ў гарадзкіх умовах. Спачатку замочваем яе ў вадзе на ноч, каб набухла. Потым ставім варыцца ў падсоленай вадзе: надоўга і на малым агні, пакуль не разварыцца і ня стане амаль што гатовая. Асобна смажым цыбулю з морквай і сушанымі грыбамі (грыбы трэба папярэдне заліць кіпнем, каб разьмяклі) на нерафінаваным алеі (можна дадаць крышачку масла). Пасьля пасыпаем спэцыямі і трохі тушым, бо спэцыі добра аддаюць водар у алеі.

Нашу прыгожую і залацістую сумесь морквы, цыбулі і грыбоў зьмешваем з фасоляй. Калі трэба – дасольваем і дасыпаем яшчэ спэцыямі. Усё выкладваем у бляху, накрываем фольгай і ставім у разагрэтую да 180–200 градусаў духоўку на 30–40 хвілін. Усё, можна есьці – амаль як зь печы!

Што спатрэбіцца: фасоля, цыбуля, морква, сушаныя грыбы, спэцыі, соль, алей, масла.

2. Калдуны з сушанымі яблыкамі​

Трымайце эксклюзіўную страву ад салігорскіх палешукоў – такога рэцэпту вы ня знойдзеце нават у інтэрнэце. Усе прывыклі, што калдуны робяцца зь мясам або грыбамі, а тут – вэгетарыянскі варыянт.

Пачынаем з бульбы – яе трэба надзерці на тарцы, як на дранікі, і пасаліць – каб і ня прэсна было, і ня надта салёна. Перамешваем і адціскаем праз марлечку ад лішняй вільгаці, каб бульбяная маса стала сухаватай. Бо потым трэба будзе рабіць бульбяныя шарыкі, і яны не павінны разлазіцца ў вадзе.​

Далей бульбяную масу раскачваем на далоні і ў сярэдзіну кладзем сушаныя яблыкі, парэзаныя на невялікія долькі. Закрываем як пельмені, скачваем у шарыкі, абвальваем у муцэ і закідаем у рондаль з кіпнем. Варыць – пакуль не паўсплываюць.​

У гэты час на патэльні смажым цыбулю на масьле, але не да поўнай гатоўнасьці. І не забудзьцеся пасаліць. ​

Апошні этап – вылавіць калдуны з рондаля, даць ім трохі абсохнуць на талерцы і пакласьці на патэльню да цыбулі. Абсмажваць да залацістай корачкі, падаваць на стол пад сьмятанай і запіваць малаком.

Што спатрэбіцца: бульба, сушаныя яблыкі, масла, соль, сьмятана.

3. Дранікі​

Вядома, у ТОП-10 не абысьціся бяз дранікаў, якія прысутнічаюць у шмат якіх славянскіх кухнях пад нацыянальнымі назвамі. Мы ж гатаваць будзем паляшуцкі варыянт дранікаў – дадаўшы цыбулі.

Дранікі
Дранікі

Дзяром бульбу на тарцы. Калі задужа вадзяністая – адціскаем праз марлю, бо калі вадкасьці будзе шмат, то дранік цяжка будзе варочаць на патэльні. Дробна рэжам цыбулю, зьмешваем з бульбай і солім. Солі павінна быць дастаткова, каб дранікі ня выйшлі прэснымі. ​

Смажым на алеі да залацістых корачак (можна дадаць крышачку масла, але не абавязкова). Падаём гарачымі, паліваем сьмятанай.​

Што спатрэбіцца: бульба, цыбуля, соль, алей, сьмятана.

4. Бабка​

Бабку можна гатаваць у двух варыянтах – сапраўдную і вэгетарыянскую. У любым выпадку дзяром бульбу – тут ужо вадкасьць можна не адціскаць.

Для вэгетарыянскай бабкі трэба трошкі папасэраваць на патэльні цыбулю да залацістага колеру, дадаць у бульбу, перамяшаць і дастаткова пасаліць.

Для сапраўднай бабкі абсмажваем цыбулю з салам (калі яно ўжо засоленае са спэцыямі, то выйдзе вельмі духмяна). Потым зьмешваем з бульбай, добра солім і ставім запякацца – ці ў гліняныя гаршчэчкі, ці ў бляху. Пры тэмпэратуры 180–200 градусаў выпякаем хвілін 40. Бабку ядуць гарачай і з малаком.​

Што спатрэбіцца: бульба, сала, цыбуля, соль.

5. Мачанка з грыбамі​

Каб згатаваць мачанку, спатрэбіцца дзьве патэльні. Першая – для аладак з адной шклянкі кефіру, аднаго яйка, цукру і солі. І, вядома, мукі – яе трэба дадаваць столькі, каб кансыстэнцыя цеста нагадвала сьмятану.

Адстаўляем у бок цеста для аладак «адпачыць» хвілін на дзесяць, а пакуль на глыбокай патэльні смажым грыбы, дадаём да іх цыбулю і солім. Калі ўсё гэта будзе амаль гатова, у апошні момант заліваем тлустай сьмятанай. Не шкадуйце – ліце, каб плавала!​

Ну, а цяпер смажым аладкі і падаём з нашай грыба-цыбульнай падліўкай – або заліваем зьверху, або мачаем асобна.​

Што спатрэбіцца: кефір, яйка, цукар, мука, соль, грыбы, цыбуля, сьмятана, алей.

6. Расольнік зь ячнымі крупамі

Аўтэнтычны вясковы варыянт расольніку – з добрым кавалкам мяса. Але можна і безь яго – смак усё адно выйдзе ого-го!

На двухлітровы рондаль спатрэбіцца тры бульбіны і тры сталовыя лыжкі ячных крупаў (пярлоўкі). Бульбу дробна рэжам і закідаем у кіпень. Туды ж – груцу і два ляўровыя лісты. Даём трохі пакіпець, дакідаем салёныя парэзаныя гуркі (2–3) і варым на малым агні.​

Адначасова на патэльні на масьле абсмажваем парэзаную цыбуліну і надраную на тарцы морквіну, падсольваем, дадаём спэцыі. Калі морква стане прыемна-аранжавай, закідаем цыбулю з морквай у рондаль і варым усё разам дзясятак хвілін на малым агні. Каштуем. Калі не хапае, дасыпаем солі і спэцыяў. Падаём расольнік гарачым і са сьмятанай.

Што спатрэбіцца: бульба, ячныя крупы, цыбуля, морква, вада, масла, ляўровы ліст, салёныя гуркі, соль, спэцыі.

7. Грэнкі

Беларуская закуска да піва ці да супу.

Чорны хлеб трохі абсмажваем на патэльні на нерафінаваным алеі і націраем часныком. Пасьля рэжам на «саломку». Падаваць можна разам з часнычным соўсам (яго можна зрабіць, калі зьмяшаць сьмятану з плаўленым сырам і дробна парэзаным часныком). ​

Што спатрэбіцца: чорны хлеб, алей, часнык.

8. «Жоўценькая» каша, або каша з гарбузом​

Зь дзяцінства самая любімая каша ў многіх з нас – «жоўценькая», з бабінай печы.

Прыгатуем яе ў гарадзкіх умовах. Добра мыем шклянку проса – ажно пакуль вада ня стане чыстай (гэта трэба, каб уся горыч сышла). Далей наразаем кубікамі гарбуз (яго спатрэбіцца каля 300 грам), зьмешваем з просам, заліваем 1,5 шклянкамі вады, дасыпаем 2–2,5 лыжкі цукру, перамешваем і ставім на вялікі агонь.​

Трэба паціху перамешваць і чакаць, пакуль ня выкіпіць вада. Калі гэта адбудзецца, добра мяшаем, дадаём шклянку малака і 50 грамаў масла. Зноў перамешваем і даварваем у рондалі, або ў гліняным гаршчэчку ставім у духоўку на паўгадзіны (пры 180–200 градусах).

Што спатрэбіцца: гарбуз, проса, малако, цукар, масла.

9. Запечаныя яблыкі зь мёдам​

Гэта традыцыйны беларускі дэсэрт – вельмі просты і смачны. Рэцэпт асабліва актуальны для тых, у каго бацькі назапасілі шмат яблык зь лецішча.

Рэжам яблыкі папалам, выразаючы семкі. У сярэдзіну кожнай палавінкі кладзем трошкі мёду і дзьве чайныя лыжкі цукру. Ставім у духоўку (180–200 градусаў) на паўгадзіны – пакуль не растане цукар і яблыкі трохі не разьлезуцца.​

Што спатрэбіцца: яблыкі, мёд, цукар.

10. Малочны кісель​

Яшчэ адзін беларускі дэсэрт.

Спатрэбіцца тры шклянкі малака: дзьве ўліваем у рондаль, дадаём тры сталовыя лыжкі цукру, ставім на малы агонь і перамешваем. Яшчэ ў адной шклянцы малака разводзім чатыры сталовыя лыжкі крухмалу, перамешваем і дадаём у малако ў рондалі. Чакаем, пакуль не закіпіць, і пастаянна перамешваем. Даём хвіліначку пакіпець, пасьля здымаем з агню, яшчэ раз перамешваем і заліваем у формы. І чакаем, пакуль застыне – у пакоі ці на бальконе. Есьці можна або проста так, або ўпрыкуску з сочывам.​

Што спатрэбіцца: малако, цукар, крухмал, сочыва.

Павал Берасьнеў

для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG