Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мінгандлю забараніла павышаць цэны пасьля 15 студзеня, прадпрымальнікі супраць


Мараторый на павышэньне цэнаў на спажывецкія тавары застанецца. Пра гэта заявілі ў Міністэрстве гандлю. Тым часам прадпрымальнікі ўжо зьбіраліся «перапісаць» цэны пасьля 15 студзеня.

Аднак, як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства гандлю, цэны не павінны павышацца і пасьля 15 студзеня.

Такое тлумачэньне міністэрства зрабіла ў адказ на запыты прадпрымальнікаў адносна дзеяньня мараторыю на рост цэнаў у перадсьвяточныя і сьвяточныя дні.

Пастановай Савету Міністраў Беларусі ад 19 сьнежня 2014 году «Аб некаторых пытаньнях спажывецкага рынку» ўстаноўлена забарона на павышэньне коштаў. Пры гэтым тэрмін яго дзеяньня не абмежаваны часавымі рамкамі, перадае БЕЛТА.

Перавышэньне цэнаў на тавары ў параўнаньні з цэнамі, якія дзейнічалі на 18 сьнежня 2014 году, пастанова трактуе як грубае парушэньне правілаў гандлю. Гэта можа прывесьці да закрыцьця крамы.

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін сказаў карэспандэнту Свабоды, што зьбіраецца неўзабаве склікаць прэс-канфэрэнцыю:

«Мы сёньня ўсе ў міністра эканомікі выступалі супраць гэтай пастановы Саўміну і супраць зацісканьня цэнаў. Прабачце, але проста няма сілаў».

Псэўдарынкавай эканомікі, якая ў нас была, — і той ужо няма

Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што мараторый на цэны — гэта папулісцкая мера:

«Яны прынясе страты юрыдычным асобам, якія ўжо панесьлі страты ад 30-працэнтнага падатку на куплю валюты. Яго ўжо паступова адмянілі, але фінансавы стан у іх ужо цяжкі з гэтай і іншых прычынаў. Калі далей будуць утрымліваць цэны, то юрыдычныя асобы будуць неяк выкручвацца: ня будуць узнаўляць дзейнасьць (некаторыя зь іх ужо прыпынілі гэтую дзейнасьць) альбо будуць працаваць у паўабароту. І многія зь іх увойдуць у зону стратаў. Гэта проста зьнявага беларускага бізнэсу. Гэта папулізм чыстай вады. Так нельга рабіць. Адзін удар, і тут другі ўдар, і далей трэці ўдар. Псэўдарынкавай эканомікі, якая ў нас была, — і той ужо няма».

Тым часам 13 студзеня канцэрн «Белнафтахім» падвысіў цэны на аўтамабільнае паліва — рост у залежнасьці ад маркі склаў ад 450 да 600 рублёў за літар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG