Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінгадлю зьмяніла назву: «Новая шыльда, па сутнасьці, нічога не мяняе»


Belarus -- ad 'buy Belarusian'

Belarus -- ad 'buy Belarusian'

Ад сёньняшняга дня Мінгандлю стала Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

У склад абноўленага міністэрства перадалі дэпартамэнт цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі і ўпраўленьні антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму. Новае кіраўніцтва абноўленага ведамства заяўляе пра амбітныя пляны: разьвіцьцё канкурэнцыі, барацьбу з манапалістамі, празрыстыя правілы гульні на рынку. Экспэрты кажуць, што новая шыльда, па сутнасьці, нічога не мяняе.

Яшчэ ў чэрвені, адразу ж пасьля падпісаньня ўказу аб перайменаваньні міністэрства, міністар гандлю Ўладзімер Калтовіч паабяцаў, што ў закон аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі, які быў прыняты амаль чвэрць стагодзьдзя таму — у 1992 годзе, плянуецца ўнесьці істотныя зьмены. У прыватнасьці, павінна зьмяніцца паняцьце «дамінуючае становішча на рынку».

«Прынцыповае пытаньне — гэта разьвіцьцё канкурэнцыі, перш за ўсё роўнага доступу незалежна ад формаў уласнасьці, і ўсталяваньне зразумелых празрыстых правілаў гульні», — заяўляў кіраўнік Мінгандлю.

Плянуецца таксама ўвесьці новыя правілы дзяржзакупак, якія выключаць змову і няроўнасьць пры доступе да матэрыяльных рэсурсаў. Абяцаюць узмацніць кантроль за стварэньнем холдынгаў.

«Міністэрства з новай назвай яшчэ само ня ведае, чым яно будзе займацца»

Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук пару месяцаў таму сустракаўся з прадстаўнікамі Міністэрства гандлю і нават выступіў з 20-хвілінным дакладам, у якім выклаў сваё бачаньне. Але пакуль аптымізму міністра Калтовіча ён не падзяляе:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Новая шыльда, па сутнасьці, нічога не мяняе, калі няма зьмены функцыяналу. Мне вельмі важна, ці будзе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю гэтаксама душыць прадпрымальнікаў, дробны бізнэс, вытворцаў. І калі яны будуць штрафаваць і прымаць розныя карныя меры супраць тых, хто, зь іх пункту гледжаньня, неабгрунтавана павышае цэны, то тады гэта будзе той жа карны орган, якому не павінна быць месца ў сапраўднай рынкавай эканоміцы.

Але паколькі ёсьць рэкамэндацыя Міжнароднага валютнага фонду, каб у нас быў орган антыманапольнага рэгуляваньня, то падчас перамоваў цяпер беларускі бок можа сказаць прадстаўнікам МВФ: „Паглядзіце, мы зрабілі гэта, гэта і гэта“. Птушачку паставілі, але, наколькі мне вядома, само Міністэрства з новай назвай яшчэ ня ведае, чым яно будзе займацца, апроч таго, чым займалася раней. Так што я ня маю аптымізму, што Міністэрства гандлю з новай назвай можа стаць каталізатарам рынкавай перабудовы ў нашай краіне».

«Нацыянальныя антыманапольныя дзеяньні ўжо ня так актуальныя. Гэта маленькія гульні маленькай краіны»

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка наагул выступае супраць існаваньня Міністэрства гандлю, якое назваў абсалютным нонсэнсам, калі прыватнага гандлю ў Беларусі 70%:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Даўно ішлі размовы пра ліквідацыю гэтага міністэрства. Але яны змагаліся за выжываньне, як маглі, асабліва намесьніца міністра Ірына Наркевіч.

Антыманапольнае рэгуляваньне для іх — гэта абсалютна новы прадмет. Праўда, да іх будуць прыяжджаць прадстаўнікі расейскага ФАСу — Фэдэральнай антыманапольнай службы, кансультаваць. Але ў цэлым тэма закрываецца пры наяўнасьці моцнай арганізацыі ў межах інтэграцыйнай прасторы. То бок нацыянальныя антыманапольныя дзеяньні ўжо ня так актуальныя. Нам больш пагражаюць буйныя манапалісты з боку Расеі.

Да таго ж любая антыманапольная служба павінна быць дастаткова жорсткая, яна павінна „кусаць“ губэрнатараў, намэнклятуру, а гэта ім цяжка будзе зрабіць. Так што чакаць ад іх асабліва няма чаго.

У межах агульнай эканамічнай прасторы Казахстану, Расеі і Беларусі важнейшыя будуць міжнародныя антыманапольныя структуры. Вось будзе весьціся сурʼёзная гульня, высокай палітычнай рызыкі і высокай палітычнай годнасьці. А тут, на месцы, некага „прыціснуць, прыжучыць“ — гэта маленькія гульні маленькай краіны».

«Я б вельмі высока ацаніў асобу новага міністра Ўладзімера Калтовіча»

Сустаршыня Беларускай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў выказаў меркаваньне, што пакуль тое, што плянуе рабіць новае міністэрства, сапраўды патрэбна:

«Яны выказваюць намер займацца сыстэмнымі пытаньнямі рынку, якія ў нашай краіне не вырашаліся — канкурэнцыяй, антыманапольнай палітыкай. Пакуль тое, што мы чуем, мне дадае аптымізму. І я б вельмі высока ацаніў асобу новага міністра Ўладзімера Калтовіча. Яны вельмі і вельмі нацэленыя зь сёньняшняга дня жыць па-новаму. І міністар даў дакладнае ўказаньне гандлёвай інспэкцыі: сыркі ў крамах вы лічыце да 8 верасьня, а з 8 верасьня займаецеся сурʼёзнымі сыстэмнымі пытаньнямі дзелавога асяродзьдзя ў Рэспубліцы Беларусь. Паверце, гэтыя пытаньні нельга не вырашаць — інакш хтосьці іх вырашыць на сваю карысьць.

Міністар са сваёй камандай месяцы 2–3 таму прыходзіў у нашу дзелавую супольнасьць. Адразу ж чыноўнікі запыталіся, як мы бачым працу абноўленага міністэрства. І мы, у тым ліку і прыхільнікі лібэральнай плыні, на працягу трох гадзін падрабязна распавялі, чым, на нашу думку, павінна займацца міністэрства. Яны адказалі, што ў іх падобныя пазыцыі, у дэталях яны, як чыноўнікі, магчыма, дакладней разумеюць, як ім дзейнічаць, але кірункі дзейнасьці мы разумеем прыкладна аднолькава. Так што надзеі ёсьць».

XS
SM
MD
LG