Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт пазнаў на сходзе прадпрымальнікаў аднавяскоўца — і выпісаў пратакол


Падобна, што гэта быў адзіны пратакол, складзены падчас сёньняшняй падачы заяваў супраць указу № 222 у Міністэрства па падатках і зборах.

На сходзе прадпрымальнікаў пад менскім Домам ураду, у ходзе якога ІП падалі заявы супраць указу № 222 у Міністэрства па падатках і зборах, міліцыянт склаў пратакол на Аляксея Тужыкава з Пухавіцкага раёну. У жывой трансьляцыі Свабоды Аляксей назваў прычыну, дзеля якой, на яго думку, складаюць пратакол: яны з адной вёскі, але цяпер пастаўленыя ўладамі па «розныя бакі барыкадаў», хоць міліцыянт і «неблагі хлопец».

«Мы вучыліся ў адной школе, але ня разам, бо ён маладзейшы за мяне на гадоў пяць. Але сто адсоткаў, што ён мяне пазнаў, — сказаў Свабодзе Аляксей пасьля акцыі. — Але ён рабіў выгляд, што не пазнаў. Мой бацька быў яго настаўнікам гісторыі.

Мне сказалі, пратакол быў складзены за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Ня думаў, што ўсё настолькі сур’ёзна, што мне за гэта штраф выпішуць.

Я там быў, каб выказаць сваю пазыцыю, што несувымерныя штрафы ў нашай беларускай сыстэме платы за дарогі. Само сабой, я паўжыцьця быў прадпрымальнікам, таму хацеў і выказаць салідарнасьць зь бядой гэтых людзей».

Міліцыянт адмовіўся камэнтаваць Свабодзе гэтае здарэньне і не назваў падставу для складаньня пратаколу, накіраваўшы па камэнтары ў «Галоўнае ўпраўленьне Менгарвыканкаму».

Да складаньня пратаколу Аляксей спрабаваў разгарнуць плякат супраць дарожнай сыстэмы BelToll.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG