Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё графіці «Масква-Менск» згарнулі з-за акцыі «Не саюзу з бандай»


Гэтак і не прагучала ўрачыстых прамоў на адкрыцьці графіці з выявай беларускага хлопчыка і рускай дзяўчынкі на вуліцы Магілёўскай у Менску.

Мерапрыемству перашкодзіў пікет, які зладзілі побач з упрыгожанай пляцоўкай актывісты Маладога фронту, БХД і тыя, хто адгукнуўся на іх заклік выявіць сваю пазыцыю наконт саюзу Беларусі з Расеяй.

«Не саюзу з бандай», «Пуцін — забойца», «Расея гэта вайна», — такія лёзунгі былі на плякатах пікетоўцаў і прагучалі каля дому нумар 32 на Магілёўскай вуліцы.

Міліцыянты парвалі плякат, які трымаў Зьміцер Дашкевіч, але яго і тых, хто яго падтрымаў, затрымліваць ня сталі. Да канца мерапрыемства гэтак і не адключылі дынамікаў, празь якія перадаваліся песьні пра любоў да Расеі, ў тым ліку «Масква, зьвіняць званы» Алега Газманава.

Пад такую песьню чыноўнікі, якія не прадставіліся, пырснулі сіняй фарбай з балёнчыку на графіці Масква — Менск і сказалі журналістам, што графіці ўрачыста адкрыта.

Моладзь са сьцягамі БРСМ і дзяржаўнай сымболікай моўчкі разышлася. Яшчэ праз 10 хвілін міліцыянты скончылі афармленьне пратаколаў на актывістаў. Паводле назіральнікаў «Вясны», ўсяго было складзена 6 пратаколаў.

Зьміцер Дашкевіч на просьбу Свабоды гэтак пракамэнтаваў вынікі пікету:

«З аднаго боку відаць, што нічога ня вартая тая частка пратэстнага грамадзтва, якая актыўнічае толькі на канапе і ў інтэрнэце. Бо заклік быў да іх, а прыйшло няшмат. Але па-другое — і рэжым прадэманстраваў, наколькі ён кволы. Спалохаліся сямі чалавек, правалілі „Дзень Расеі“. І тут зь людзьмі адбылася добрая дыскусія пра любоў да Расеі. Гэта таксама вынік», — мяркуе сустаршыня МФ Зьміцер Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG