Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін лёд на ўсіх


«Звонку ніяк ня сьціхне завея. Сумняваюся, каб мы цяпер маглі спадзявацца на шчасьлівы канец. Будзем трываць, але мы ўсё больш слабеем, і сьмерць блізкая. Шкада, але наўрад ці я здолею пісаць далей. Богам прашу, не пакідайце нашыя сем’і».

Такі запіс пакінуў Робэрт Скот у сваім дзёньніку 29 сакавіка 1912 году. За тонкімі сьценамі намёта ляжала «самае страшнае месца на Зямлі». Самае белае, бялейшае за старонкі, на якіх Скот пісаў гэтыя радкі. Таксама зямля пад белымі крыламі, і крылы гэтыя абяцалі цеплыню і спакой. Навечна.

Новая зямля, Тэра Нова.

Так, па-коласаўску, называліся выправа Скота і драўлянае судна, на якім ён з камандай адплылі ў свой апошні шлях. Ня раз, утомлены дарогай... Толькі вось вясну, якая бялела навокал, убогай ніхто б не назваў. Гэта была раскоша — чыстая раскоша самагубства і ледзяны крышталь вычыну. У імя чаго? Скот і сам ня ведаў. У імя прынцыпу, паводле якога трэба ставіць перад сабой толькі невыканальныя задачы. Толькі так можна давесьці сабе, што жывеш.

Больш за два месяцы перад тым экспэдыцыя Скота, якая ўпарта пасоўвалася ў кірунку Паўднёвага полюсу (да яго было ўжо рукой падаць, або сабачай лапай, усяго нейкая пара дзясяткаў міляў), заўважыла сьляды на сьнезе. Празь некалькі дзён яна нарэшце дасягнула сваёй мэты. Толькі вось не галоўнай: высьветлілася, што на гэтым пупе плянэты сапраўды ўжо пабывалі. Замерзлы нарвэскі сьцяг, таблічка з датай, цыдулка, якая прасіла высакародных канкурэнтаў паведаміць нарвэскаму каралю, што полюс узяты. Пра пачэснае першынство Брытаніі можна было забыць, Амундсэн са сваёй камандай дабраліся да запаветнага месца яшчэ месяц да таго.

Расчараваньне было балючае. Але двубой не спыніўся. Цяпер вялося пра тое, хто першы даставіць сьвету вестку, што непакорлівы полюс прыручаны і просіць пра ашыйнік. На жаль, і тут Скот прайграў.

Гэтая канкурэнцыя сёньня падаецца пазбаўленай сэнсу: ну якая розьніца, хто першы паглядзеў на полюс і чые крокі ўпершыню прарыпелі па ягоным сьнезе? Але сто гадоў таму стаўленьне да такіх рэчаў было іншым: быць першапраходцам значыла быць паэтам, а манархі ўсё яшчэ раўніва сачылі за тым, дзе ўторкнуты іхны сьцяг.

Неўзабаве гэтая рэўнасьць давядзе сьвет да вялікай вайны, і капітан Скот абавязкова зрабіўся б на ёй героем — ён любіў свайго караля. Ды там, на полюсе, вялася іншая вайна. З самімі сабой — створанымі для паслушэнства, утульнасьці, гарачай ежы і цёплых дамоў, ранішняй «Таймс» і духмянай цыгары. Той, хто рабіў нас, не ўлічваў лёду. І толькі лёд улічыў усё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG