Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: з(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Турма КДБ у Менску, спадарожнікавы здымак
Турма КДБ у Менску, спадарожнікавы здымак

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

1 сакавіка, аўторак

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Пад’ём! Празь дзесяць хвілін у адкрытую фортку пацягнуліся струмені шызага дыму ўперамешку з натуральным смуродам «амэрыканкі».

А сёмай гадзіне ў камэру ўляцеў вясёлы звон з плошчы Свабоды. Сьпеў званоў — адзінае, што бесьперашкодна, бесцэнзурна пранікае ў камэру.

Дзень толькі пачынаецца. Яго яшчэ не сапсавалі, не спаганілі ні абставіны, ні адміністрацыя.

У хвіліны зацішша засумаваў па доме. Пачаў па хвілінах аднаўляць апошні дзень свабоды.

* * *

Нядзеля 19 сьнежня. Такое адчуваньне, што з таго часу прамінуў сама меней год. А той нядзельнай раніцай я прачнуўся ад цішыні. Будзільнік не прысьпешваў. Тэлефон ня клікаў. Пацягнуўся да хрусту ў суставах. Выскачыў з пасьцелі. Расьцёр далонь правай рукі, зь якой толькі паўтара тыдні таму зьнялі швы. Зазірнуў у працоўны графік і з задавальненьнем пабачыў там толькі адно мерапрыемства: 20 гадзін — Кастрычніцкая плошча. Упершыню за апошнія месяцы ня трэба нікуды сьпяшацца. Ня трэба жаваць бутэрброды на хаду, праяжджаць скрыжаваньні на жоўтае сьвятло.

Прэзыдэнцкая кампанія, упацеўшы ад нязвыклага рытму, разагрэтая амбіцыямі і эмоцыямі, падышла да скрыняў для галасаваньня. Раніцай з жонкай Сьвятланай схадзілі на выбарчы ўчастак у будынку гімназіі. Там аддалі галасы — Яраславу Раманчуку, бюлетэні — махінатарам з участковай камісіі.

З жонкай Сьвятланай схадзілі на выбарчы ўчастак. Там аддалі галасы — Яраславу Раманчуку, бюлетэні — махінатарам з участковай камісіі
У мяне быў прыўзьняты настрой. За плячыма добрая праца. Калі ня ўсё, то шмат што ў нас атрымалася. Нам удалося стварыць дзеяздольную каманду. Крэатыўную, энэргічную, ідэйную. Людзі атрымлівалі мала грошай, але шмат задавальненьня. Гэта тая рэдкая сытуацыя, калі куды ні зірнеш — навокал вочы гараць. Сёньня я магу ўпэўнена сказаць: Аб’яднаная грамадзянская партыя — самадастатковая палітычная сіла. Мы ў стане канкурыраваць з уладай за галасы тых, хто вызначае лідэра краіны. Мы ў тройцы тых, каму не задаюць пытаньня: а вы сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў? Патэнцыял структуры навідавоку, рэзэрвы для росту велізарныя.

Каб пералічыць кандыдатаў у прэзыдэнты, патрэбныя пальцы абедзьвюх рук. Але, гатовы сьцьвярджаць, мы адзіныя, хто быў арыентаваны, заточаны на працу з тымі, хто сумняваецца. З тымі, хто ўжо расчараваўся ва ўладзе, але яшчэ не паверыў апазыцыі. На іх была арыентаваная наша праца, да іх зьвернута вестка. На апошняй прэс-канфэрэнцыі Яраслаў Раманчук шчыра прызнаўся, што ня можа браць на сябе адказнасьць за Плошчу, бо ня ведае, як яе рабіць, але наша каманда гатовая несьці адказнасьць за рэформы.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук


Стартаваўшы зь беларуска-польскай мяжы, з выкопваньня сымбалічнага пагранічнага слупа, мы аб’ехалі большасьць рэгіёнаў краіны. Я бачыў, як людзі, розныя векам, адукацыяй, палітычнымі прыхільнасьцямі, рэагавалі на праграму «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі». Нашу вестку прынялі практычна ўсе, да каго мы змаглі дайсьці. Нават тыя, каго адпраўлялі на сустрэчы з заданьнем зачытаць падрыхтаваны тэкст пытаньня або рэплікі, пашумець ад мікрафона, пад канец гутаркі слухалі ўважліва і, здаецца, чулі нас.

На нашым сьцягу быў слоган: «Пабудуем новае, захаваем лепшае». Лічу яго найлепшым, і не таму, што ў нас ёсьць патэнт на яго вынаходжаньне. Ён сапраўды адпавядаў настроям большасьці выбаршчыкаў. Беларусы даволі кансэрватыўныя. Яны хочуць пераменаў, але баяцца страціць тое нямногае, што ўжо маюць.

У нас была самая прадстаўнічая і аўтарытэтная каманда. Мы не хаваліся за фразы тыпу «Яшчэ не прыйшоў час назваць маю каманду». У нашых шэрагах — «бацька» беларускага рубля Станіслаў Багданкевіч, першы прэм’ер-міністар прэзыдэнцкай Беларусі Міхаіл Чыгір, адзіны міністар, які разам з Чыгіром падаў у адстаўку, пратэстуючы супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году, — Аляксандар Сасноў, твар беларускага тэлебачаньня народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, стваральнік канцэрну «Амкадор» Васіль Шлындзікаў, вядучыя эканамісты краіны Леанід Заіка і Павал Данейка, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў, людзі з досьведам працы ў парлямэнце Аляксандар Дабравольскі і Марат Афанасьеў, адна зь лідэрак жаночага руху краіны Людміла Пеціна, а яшчэ незвычайна працаздольныя Аксана Крышчановіч, Анюта Красуліна, Антаніна Кавалёва. І многія, многія іншыя.

Дзесьці пасьля дзясятай раніцы раздаўся званок. Паведамляюць: у нас 10 працэнтаў, крыху больш у Някляева і Саньнікава. Гэта дадзеныя экзыт-полаў па Берасьці, Віцебску і Менску, якія арганізавала структура з расейска-амэрыканскімі каранямі. Калі ўзяць пад увагу, што мы стартавалі з нулявой адзнакі, то гэта зусім нядрэнна.

Каля восьмай вечара каманда сабралася на Чырвонай. Некалькі дзясяткаў чалавек у прыўзьнятым, без перабольшваньня — сьвяточным настроі рушылі па праспэкце. Чым бліжэй да плошчы, тым гусьцейшы людзкі замес, тым радасьней на душы. А на падыходзе да Кастрычніцкай ужо сьцяна з чалавечых целаў. Чуваць воплескі. Гэта прывітаньне Яраславу. Выхопліваю з рук Сашы Сьцепаненкі мэгафон і ўсімі лёгкімі выдыхаю: «Жыве Беларусь!» Шматгалосае «Жыве!» разрывае паветра і рэхам разьлятаецца па праспэкце і бліжэйшых вулачках.

Эўфарыя спачатку зьдзівілася, потым пачала абурацца. Што за самадзейнасьць? Дамаўляліся ж, што ніякіх імправізацыяў без узгадненьня з усімі кандыдатамі
Хвілін празь пятнаццаць на прыступках Палаца прафсаюзаў зьяўляецца імправізаваная трыбуна. Затарахцеў рухавічок, загаварыла цяжкая артылерыя — гукаўзмацняльная апаратура. Выступаюць кандыдаты ў прэзыдэнты, аточаныя жывым колам са сплеценых рук. Абгаворанага, тым больш зацьверджанага, сцэнару Плошчы няма! Кандыдаты ў прэзыдэнты дамовіліся арыентавацца на сытуацыю, на колькасьць удзельнікаў і ўжо па ходу разьвіцьця падзеяў прымаць калегіяльныя рашэньні. Галоўнае, не дапусьціць правакацыяў і некантраляванага разьвіцьця сытуацыі. Эўфарыя б’е па амбіцыях. Амбіцыі рвуцца да мікрафону. Колькасьць людзей, якія сышліся сюды, п’яніць і бударажыць.

Нехта, мяркуючы па голасе — Андрэй Дзьмітрыеў, заяўляе аб стварэньні народнага ўраду. Эўфарыя спачатку зьдзівілася, потым пачала абурацца. Што за самадзейнасьць? Дамаўляліся ж, што ніякіх імправізацыяў без узгадненьня з усімі кандыдатамі. Тут жа называюць прозьвішчы, за якія прапануецца прагаласаваць. Некаторыя «сябры ўраду», чые прозьвішчы прагучалі, недаўменна азіраюцца навокал. Здаецца, і для іх гэта сюрпрыз. На гэтым уся каардынацыя накрылася медным тазікам. Здаецца, у некага плян такі ёсьць.

Нехта клікаў, цягнуў мяне да мікрафона. Унутраны голас сказаў: не ўжо, дзякуй. Да таго ж ля мікрафона тоўпілася чарга. У гэтым фільме я герой другога пляну. Саліраваць ёсьць каму. Я ж цешуся энэргетыкай неабыякавых сэрцаў.

* * *

Наплыў успамінаў перапыніўся бразгатам мэталічнага посуду. Па калідоры грукае вазок. Алюмініевыя бакі дыхаюць парай. Чарпак прэснай кашы, бохан падляжалага батона ды брыкет чорнага хлеба — вось і ўвесь казённы сьняданак. Ды яшчэ водаправодная вада. Каб не перадачы з дому, то голад быў бы кругласутачным станам падсьледных.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





2 сакавіка, серада

З 21 лютага ніякіх лістоў з дому. Апошнім было сумеснае пасланьне Сьвятланы і Арцёма. Адна старонка напісаная сынам, а другая — Сьветай. Мне такі фармат ліста прыйшоўся даспадобы. Два ў адным. Розныя і аднолькава прыемныя. Чытаю, і такое адчуваньне, што мой сын за гэтыя месяцы моцна прыбавіў. Узмужнеў, ці што. А можа, я проста маю магчымасьць больш пра яго думаць, думаць пра кожнае напісанае ім слова.

Дарэчы, усе апошнія лісты напісаныя на лістах з эмблемай EPP (Эўрапейскай народнай партыі). Незразумела, чаго гэта Арцём іх рэклямуе? Можа, такім чынам перадае прывітаньне ад некага з «народнікаў»? Ці, можа, браў удзел у нейкім мерапрыемстве, арганізаваным ЕРР? А што тэма салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ўключаная ў парадак дня міжнароднай супольнасьці, я не сумняваюся ні сэкунды. Сам асабіста зьбіраў сотні, а можа і тысячы, подпісаў дэпутатаў з розных краін за вызваленьне сваіх аднапартыйцаў і калегаў па Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Валодзі Кудзінава і Андрэя Клімава. Потым Міхаіла Чыгіра. Потым Міхаіла Марыніча. Потым Сашы Казуліна.

Ледзь ня ў кожнай краіне эўрапейскага кантынэнту ёсьць людзі, зь якімі мяне зьвязваюць цёплыя, сяброўскія адносіны. І ня толькі мяне, але і іншых палітвязьняў. Яны маўчаць ня будуць! Як ня будуць бязьдзейнічаць і нашы партнэры, сястрынскія партыі. Тым больш у такой сытуацыі, калі цэлую краіну ўкручваюць у дыван са сталінскай прыёмнай.

Верагодна, нейкія мае лісты ўсё ж застаюцца ў тэчцы цэнзара. Я магу меркаваць пра гэта па адказах і зваротнай рэакцыі блізкіх. Лісты старанна нумарую, але нельга выключаць, што лічбы густа замазваюцца. Такія плямы я сустракаў у некалькіх лістах, атрыманых ад Арцёма. Не праходзяць праз цэнзуру, ні ў той, ні ў другі бок, лісты, адпраўленыя на партыйны офіс. Але ўсё роўна раз на два тыдні пішу: «Добры дзень, сябры-аднапартыйцы!» Апошнім часам перайшоў на кароткія, без аніякай канкрэтыкі, цыдулкі. Але, здаецца, і гэтая дробная хітрасьць не спрацоўвае.

* * *

Прыйшла каляндарная вясна, але зьнешніх прыкмет гэтай пары году не праглядаецца і не пранюхваецца. І пацьвярджэньнем гэтага — сымптомы лёгкага катару. Жывём чаканьнем цяпла, сонца і шпацыраў бяз куртак. А пакуль усё гэта затрымліваецца, раблю тое, што магу рабіць. Пішу чарговы ліст.

«Я засынаю і прачынаюся з думкамі пра вас. Мушу прызнаць, што я ўдзяляў вам ня так шмат часу і ўвагі. Тут і цяпер я гэта зразумеў. Так што прабачце. Маю спадзеў, што мая сытуацыя не забярэ кавалак здароўя ў бацькоў. Малюся за іх. Дай божа ім сілы. Прыйдзе час, і ўсе атрымаюць па заслугах і ўчынках сваіх. Хто нясе зло і несправядлівасьць, ад іх жа і пакутаваць будуць».

* * *

Дзе паўзком, дзе і подбегам час падабраўся да адбою. Паплюхаўся пад кранам з халоднай вадой, адчысьціў зубы ад паху казённага селядца. Залез у кокан сваёй пасьцелі, нацягнуў капюшон байкі і... як кажуць сьведкі, празь пяць хвілін ужо салодка пасопваў. Прыемных табе сьненьняў, прыяцель!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





3 сакавіка, чацьвер


Дзень прайшоў у рваным, нэрвовым рытме. Раніцай пацапаліся з кантралёрамі з-за прыбіраньня камэры. Баптысту здалося, што мы абмежаваліся толькі сухой прыборкай. Дарэчы, кожны дзень мы вымятаем з-пад нараў цэлы шуфлік ці то валасоў, ці то воўны, ці то яшчэ чаго. Хутчэй за ўсё, гэта вытрэсаецца з казённай пасьцелі, матрацаў, коўдраў, падушак. Адчуваньне не з прыемных. Быццам горка стрыжаных валасоў зь вязьня № 10011110362 (нумар нашай справы).

Потым не пашанцавала са шпацырам. Трапілі ў клетку, і нас разы тры вышморгвалі зь яе ў туалет, бо з дворыкаў выводзілі падсьледных на допыты. Колькі ні ўзіраўся ў шчыліну дзьвярэй, разгледзець нікога ня змог. Аднойчы здалося, што вялі Дзіму Бандарэнку. Але да канца ня ўпэўнены.

Зьміцер Бандарэнка на судзе
Зьміцер Бандарэнка на судзе


Але вось прыйшоў вечар, час таяньня нэгатыўных эмоцыяў, якіх набралася цягам дня. Да таго ж пасьля вячэры прынесьлі пошту, і нашай камэры пашанцавала: некалькі лістоў. Сан Саныч атрымаў ліст ад дачкі і, узьдзеўшы акуляры на шпіль носа, тут жа паглыбіўся ў чытаньне. Пэрыядычна зь ягоных нараў даносілася хіхіканьне. Раманоўскі не ўтрымаўся і зачытаў некалькі кавалкаў. Дачка пяшчотна называе яго Санёк. Па-сяброўску распавядае пра пэрыпэтыі школьнага жыцьця, пра жаданьне прасачкаваць нялюбы прадмет і ў бліжэйшыя выходныя схадзіць зь сяброўкамі ў кіно. Сан Саныч расчуліўся да сьлёз. Для нас гэта нязвыкла.

І Ігар атрымаў пасланьне ад дачкі. Яна вучыцца ў школе зь юрыдычным ухілам. Будынак школы — літаральна цераз вуліцу ад месца нашага зьняволеньня. Гэта значыць, дзяўчына ледзь ня кожны дзень праходзіць мэтраў за дзьвесьце ад камэры, дзе яе бацька.

Дачка ад першага шлюбу, але гэта гісторыя, калі бацькі захоўваюць, наколькі магчыма, звыклы ўклад жыцьця для сваіх дзяцей. Ад другога шлюбу ў Ігара сын, якому літаральна пару годзікаў. Адносіны зь ягонай маці юрыдычна не аформленыя, чаму Каранеўскі цяпер, здаецца, вельмі рады: яна працуе ў дзяржструктуры, на добрай пасадзе.

— А калі б мы былі зарэгістраваныя, то невядома, якія наступствы гэта мела б для маёй другой палавінкі. Так што дзякуй богу, што ў нашых пашпартах няма адпаведнага штампа.

Калі людзі радуюцца, што ня могуць цывілізавана аформіць свае адносіны, гэта яшчэ адзін тоўсты штрых да рэаліяў беларускай рэчаіснасьці. Ненармальная сытуацыя нездаровай краіны.

Зь Ігаравымі асьцярогамі цяжка не пагадзіцца. У нас калі хто трапляе пад каток, то гэта ледзь не аўтаматычна пераводзіць у разрад падазраваных і нядобранадзейных усіх ягоных сваякоў. Каток не пытаецца, як вам там пад ім, ён проста душыць. Разьбіраюцца, і то вельмі спэцыфічна, калі па вас удосталь патапталіся і пакаталіся.

Ігару пайшлі перадачы ад мамы, і вось ужо пару дзён ён, убраўшыся ў карычневыя вэльвэтавыя штаны і цёмна-сіні грубай вязкі швэдар, гогалем ходзіць па камэры. Праўда, пакуль яшчэ ў сваім доўгім чорным палітоне, падобным да салдацкага шыняля.

— Ды ўжо ж, гарнітур і «амэрыканка» — рэчы несумяшчальныя, як Сахара і Паўночны полюс. Здаецца, на бліжэйшы год у мяне будзе ўстойлівая алергія на гарнітур.

Ігар засунуў пакет зь ненавісным гарнітурам пад нары.

* * *

Палітра пахаў у «амэрыканцы» значна шырэйшая, чым нам уяўлялася дагэтуль
Нас затапіла. Мабыць, аварыя здарылася ў суседзяў. Накшталт таго, як было ў студзені. Ссунулі ці то каналізацыйную, ці то водаправодную плястыкавую трубу. А стык трубы, якая зрушылася ў суседзяў, якраз у нашай камэры. Вось празь яго спачатку пратачылася, потым пырснула, а потым і хлынула вада, а далей паплыла нейкая жыжка з кляакі. Як выявілася, палітра пахаў у «амэрыканцы» значна шырэйшая, чым нам уяўлялася дагэтуль. Добра, што аварыя здарылася, калі нішчымны сьняданак ужо адбыўся, а аскетычны абед яшчэ не падасьпеў.

Стоячы ледзь не па шчыкалатку ў сьмярдзючым брудзе, мы ўласнымі намаганьнямі састыкавалі трубу і зафіксавалі гэты стык. Кантралёры нюхаць зьмесьціва труб не пажадалі, а на наш SOS і просьбу выклікаць сантэхніка адрэагавалі спакойна: маўляў, ратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Ну што ж, ратавацца дык ратавацца. Перш за ўсё ў ход пайшлі «Саўбелія», «Рэспубліка», «Народная газета». Газэтны агітпроп выканаў функцыю прамакаткі. Набрынялую жыжкай паперу складзіравалі ў урну для сьмецьця. Запоўнілі хутка. Потым кантралёры зьмілаваліся і спачатку дазволілі вынесьці сьмецьце, а потым выдалі інвэнтар для вільготнай прыборкі. Прайшліся тры разы з парашком, але пах каналізацыі перасьледаваў нас да самага вечара.



4 сакавіка, пятніца


Уначы прысьнілася, што мы трапілі ў буру і наш караблік раскурочыла, разьнесла на шматкі. Але чамусьці замест вады мы апынуліся ў чорнай, густой кляацы. Было цёмна і страшна. Памерці ў гэтай гідкай жыжцы мне не хацелася, таму боўтаўся з апошніх сіл. Я фізычна адчуваў безвыходнасьць. Прачнуўся ад таго, што жудасны пах сьпёр дыханьне і сілы канчаткова пакінулі мяне. Увесь мокры ад халоднага поту, я сьціскаў вялікі ручнік, які немаведама якім чынам апынуўся ў мяне ў руках. Напэўна, выконваў функцыю саломінкі, за якую я чапляўся, спрабуючы ўратавацца. Вось што значыць дзень на замесе эмоцыяў, пахаў, дзеяньняў і размоваў. Ды яшчэ калі ўсё гэта перамешваецца ў прасторы два з паловай на пяць.

Раніцай дзяжурны па СІЗА Міхал Міхалыч выкаціў нам абвінавачаньні за ўчорашні прарыў трубы: маўляў, кідаеце ў каналізацыю розную хрэнь. Пярэчыць было марна, таму кожны застаўся пры сваёй думцы. У СІЗА тыя, хто па розныя бакі ад дзьвярэй камэры, наагул вельмі рэдка дасягаюць кансэнсусу.

* * *

Раніцай дзяжурны па СІЗА выкаціў нам абвінавачаньні за ўчорашні прарыў трубы: маўляў, кідаеце ў каналізацыю розную хрэнь
Апошнім часам моцна заточаны на лістах з дому. Чым даўжэйшая разлука, тым вастрэйшае чаканьне. Лісты — гэта допінг майго настрою. Сёньня сваю дозу я атрымаў. Навіны ад Сьветы — гэта згустак інфармацыі і пачуцьцяў.

«Вельмі перажываем, ад цябе не было лістоў нейкі час. Ці ўсё ў цябе добра (стасоўна да сытуацыі)? Даходзяць нейкія дзіўныя чуткі. Як вы там? Зразумела, што ты ня можаш нічога напісаць. Але вельмі, вельмі перажываем. Бацькі твой ліст атрымалі. Расчуліліся.

Мне прысьніўся нейкі „дурны“ сон, і цяпер увесь час „чакаю“, а цябе ўсё няма. Але калі-небудзь гэта здарыцца. Заўтра надыходзіць вясна! Вельмі хочацца пераменаў!

У бацькі да цябе толькі адно пажаданьне: каб у цябе хапіла мужнасьці на ўсю гэтую сытуацыю. Але мы ў табе ўпэўненыя! Усё ў нас будзе добра!»

А яшчэ ў лісьце ўтрымліваўся намёк, што апошняя прадуктовая перадача — інтэрнацыянальная. У ёй падарункі ад літоўскіх, бэльгійскіх, амэрыканскіх сяброў. Гэта прыемна. І я адразу ж зразумеў, што і ад каго.

* * *

Мне вельмі не хапае інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры і вакол АГП. Маштаб праблемаў я ўяўляю. У студзені паведамлялі, што Мін’юст разглядае пытаньне пра магчымасьць ліквідацыі тых палітычных структураў, лідэры і актывісты якіх бралі актыўны ўдзел у падзеях на плошчы. Але калі б гэтая заява мела практычны працяг, то Арлоў не прамінуў бы на гэта намякнуць. Хутчэй за ўсё, гэтая заява — яшчэ адзін мазок да карціны «На руінах і папялішчы беларускай апазыцыі». Так бы мовіць, унёсак Міністэрства юстыцыі ў нагнятаньне гістэрыі і страху.

Андрэй Зайцаў, архіўнае фота
Андрэй Зайцаў, архіўнае фота
Шчыра кажучы, мяне больш за ўсё трывожыць пэрсанальны, кропкавы прэсінг з боку сілавых структураў, асабліва КДБ. Мы ж ведаем, да чаго можа прывесьці залішняе стараньне прадстаўнікоў палітычнага вышуку.

У сьнежні 2001 году ў Гомелі вынікам такога ціску стала самагубства сябра руху «Зубр» Андрэя Зайцава. У перадсьмяротнай запісцы малады чалавек патлумачыў матыў свайго сыходу з жыцьця. Гэта быў вымушаны крок. Зайцава прымушалі супрацоўнічаць з КДБ, прымушалі даносіць на іншых. І рабіў гэта старшы лейтэнант УКДБ па Гомельскай вобласьці Аляксей Еўсьцігнееў. Справа была гучная, але пракуратура ўсё сьпісала на няшчаснае каханьне. А старшы лейтэнант Еўсьцігнееў, хутчэй за ўсё, ужо маёр. І нельга выключаць, што ў сьнежні 2010-га яго таксама накіравалі ў камандзіроўку ў Менск для ўдзелу ў спэцапэрацыі «Плошча».


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG