Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату


Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

9 лютага, серада

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
На шпацыры заўважыў, як адзін з сукамэрнікаў падкаціў да Яроменка і шэптам стаў пра нешта пытацца. Нешта пра Плошчу. Мы тоўпіліся ў пятым дворыку. Тут не разгонісься. Ідучы, кожны сядзіць на плячах таго, хто паперадзе. Мусім хадзіць па крузе паравозікам. Я прыпыніўся, прапусьціў пару чалавек і, прыладзіўшыся за Ўладзімерам, шапнуў яму: «Ты, дружа, ня надта пускайся ў шчырасьць. Тут гэта небясьпечна». Хлопец з разуменьнем кіўнуў, і мы пакаціліся далей па нябачных рэйках.

Як выявілася, Валодзю забралі ўжо другім наваратам, на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, то бок з намі.

— Чаго цябе панесла нялёгкая яшчэ раз на плошчу? — пытаем мы з Аляксандрам Арастовічам Уладзімера.

— Ну а як жа інакш? — у вачах шчырае зьдзіўленьне. — Мы ж павінны быць разам, мы павінны падтрымліваць адзін аднаго.

Далей было апісаньне таго, што адбылося.

— Нас выйшла чалавек дзесяць. Прастаялі на плошчы Незалежнасьці нядоўга, пару хвілін. Невядомыя ў цывільным і спэцназаўцы літаральна занесьлі ўсіх нас у аўтазак. Потым хуткі суд. Нам нават рота не далі адкрыць. Усіх на Акрэсьціна. Справа звыклая. І калі я ўжо смакаваў выхад на свабоду, прыйшлі ў цывільным і павезьлі. Цяпер вось я тут. І, здаецца, надоўга.

Эх, Воўчык, Воўчык! Вядома, прыемна, што ты хацеў выказаць салідарнасьць з намі, тымі, хто ўжо сядзіць. Але рызыкаваць і ахвяраваць сабой ёсьць сэнс тады, калі гэта можа нешта зьмяніць, а ня з кожнай нагоды. Бо ўжо было зразумела, што па краіне пайшла хваля пагромаў, што гэты каток працягвае душыць усіх, хто хоць неяк пазначае сваю пазыцыю, свой пратэст, сваю нязгоду. А тут ясна, што ў трэцякурсьніка-бюджэтніка Яроменка будуць вялікія праблемы з працягам вучобы. Наўрад ці гэтая навіна ўсьцешыць ягоных бацькоў у Мёрах. Яны і не здагадваюцца, дзе цяпер іх сын і што яго можа чакаць у пэрспэктыве. Адвечнае пытаньне «бацькі і дзеці». Далёка не заўсёды тут кансэнсус і паразуменьне.

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі ч.1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:46 0:00
Наўпроставы лінк


І усё ж у гэтай бесшабашнай ахвярнасьці Ўладзімера было нешта такое, з-за чаго язык не паварочваўся моцна лаяць яго. Хутчэй наадварот, недзе ўсярэдзіне варухнулася нейкае цёплае пачуцьцё да гэтага мацака. Каб жа болей такіх хлопцаў!

* * *

Час па абедзе правялі ў гутарках з навічком. Яроменак у падрабязнасьцях распавёў пра свае адседкі спачатку ў Жодзіне, а потым на Акрэсьціна. Зь ягонага аповеду я зразумеў, што ў ЦІПе на Акрэсьціна сядзеў і наш Сева Шашэрын. Яны перагаворваліся праз вэнтыляцыйную выцяжку. Там гэта лякальная тэлефонная сувязь.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





10 лютага, чацьвер


Яшчэ адна навіна ад Раманоўскага. Аказваецца, Сан Саныч — аднаклясьнік экс-пракурора Сьнегіра, чыя справа была рэзананснаю і гучнаю. Як я зразумеў, апошнім разам Сан Саныч перасякаўся са Сьнегіром ужо тут, у сьценах «амэрыканкі». «Добры мужык! Моцна стаіць на нагах і ўдар трымаць можа» — гэта характарыстыка ад Раманоўскага.

Міхаіл Сьнягір
Міхаіл Сьнягір
Мае ўспаміны пра Сьнегіра таксама ня самыя горшыя. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ён хоць і ўваходзіў у прапрэзыдэнцкую парлямэнцкую фракцыю «Згода», але ў якіхсьці адыёзных дзеяньнях заўважаны ня быў. Ня пырскаў сьлінаю ад мікрафона, абараняючы «Чырвоны дом». Да таго ж яго прозьвішча часта было сярод тых, хто падтрымліваў ініцыятывы нашай апазыцыйнай фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», асабліва калі справа тычылася законапраектаў у эканамічнай сфэры.

Праз былога намесьніка генпракурора і экс-дэпутата Сьнегіра зачапіліся за тэму парлямэнту і выбараў. Угрузьлі ў дыскусіі. Галоўнае пытаньне: удзельнічаць ці ігнараваць? Думкі падзяліліся. Калі Арастовіч абгрунтоўваў важнасьць камунікацыяў і працы зь людзьмі, то Раманоўскі са звыклай катэгарычнасьцю адрэзаў: уладу трэба браць сілай! Уладзімер, здаецца, больш быў схільны падтрымаць радыкальную пазыцыю Сан Саныча.

На мой жа погляд, праўда была недзе пасярэдзіне. Вось у 2001 годзе мы ігнаравалі, байкатавалі выбарчую кампанію. І тады гэта было лягічна, бо нам навязвалі новыя правілы гульні. Празь незаконны антыканстытуцыйны рэфэрэндум, празь фізычны разгон парлямэнту і Канстытуцыйнага суду.

У 2004 і 2008 гадах апазыцыя брала ўдзел у выбарчых кампаніях. І гэтаму было сваё тлумачэньне. Уладзе ўдалося прапанаваць насельніцтву сацыяльны кантракт, які задавольваў большасьць людзей. Любыя радыкальныя, катэгарычныя сцэнары выбаршчык адрынуў бы альбо не пачуў.

Ідэальных рашэньняў не існуе. Правільнае рашэньне — такое, калі плюсы пераважваюць мінусы. Але калі б сёньня мне прапанавалі прыняць рашэньне аб удзеле ў парлямэнцкай кампаніі, то мой адказ быў бы — «не».
Я толькі хачу падкрэсьліць, што ідэальных рашэньняў не існуе. Правільнае рашэньне — такое, калі плюсы пераважваюць мінусы.

Але калі б сёньня мне прапанавалі прыняць рашэньне аб удзеле ў парлямэнцкай кампаніі, то мой адказ быў бы — «не». Гэтаму ёсьць абгрунтаваньне. І абломкі прэзыдэнцкай кампаніі, пад якімі мы цяпер апынуліся, тут ні пры чым. Зразумела, што параўноўваць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары нельга. Большасьць выбаршчыкаў разумеюць, што толькі ў парадку дня прэзыдэнцкіх выбараў стаіць пытаньне ўлады, а значыць, і пераменаў. У краіны зьяўляецца шанец, а ў людзей, адпаведна, матывацыя рызыкаваць, змагацца, выходзіць на плошчу.

Зусім іншая рэч — Палата прадстаўнікоў, якая па сваёй сутнасьці і функцыі — аддзел адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта пятае кола ў сыстэме кіраваньня. Прызначаныя дэпутаты — як сланечнікі, яны ўвесь час зьвернутыя тварамі да таго, хто іх прызначыў. Зразумела, што ў такой пазыцыі выбаршчык бачыць хіба што пятую кропку «народнага абраньніка». За гэтыя гады адбылася моцная дэвальвацыя інстытуту парлямэнтарызму. Лукашэнка адсек тры незалежныя галіны ўлады. Замест іх цяпер адзін ствол — збройны.

У парлямэнцкай кампаніі 2008 году мы мелі вельмі моцную каманду кандыдатаў у дэпутаты, разумную, добра прапрацаваную праграму, накіраваную ня толькі на прыхільнікаў пераменаў, але і на тых, хто вагаецца. А што на выхадзе? Што ў выніку? Нашы мандаты скралі. Нахабна і бесцырымонна. Улада адабрала і прызначыла 110 дэпутатаў. Правільна было б называць іх не дэпутатамі, а чыноўнікамі. Больш за тое, наш удзел дазваляў частцы людзей даць веры, што ў краіне сапраўды праходзяць выбары. Мы, вядома, гаварылі пра фальсыфікацыі, пра загадзя выведзеныя патрэбныя выніковыя лічбы ў пратаколах. Але трэба прыняць да ўвагі, што кандыдату ў дэпутаты даецца ўсяго толькі пяць хвілін, каб выступіць на тэлебачаньні, і столькі ж — на радыё. Гэта мізэрны час. Сказаць усё фізычна немагчыма. Таму асноўная вестка гучала так: прыйдзі і прагаласуй за мяне! Яна была дамінуючай і глушыла заявы, што, маўляў, у нас няма выбараў, што ніхто ня лічыць галасы. Людзі ішлі на выбарчыя ўчасткі, і многія, сьмею сьцьвярджаць — большасьць, аддавалі свае галасы Сашу Дабравольскаму, Станіславу Багданкевічу, Людміле Пецінай, Марату Афанасьеву, Юрыю Істоміну, Валодзю Шанцаву, Валянціне Палевіковай, Васілю Палякову і іншым маім паплечнікам. Нашы прозьвішчы ў выбарчых бюлетэнях сталі падставай для разважаньняў. Тым, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак, ніхто не выкручваў рукі з патрабаваньнем галасаваць за кагосьці канкрэтна. Выбаршчыкі самі рабілі свой выбар. І раптам празь некалькі дзён яны даведваюцца, што іхні кандыдат-апазыцыянэр так і ня стаў дэпутатам. Як жа так?! За яго ж галасаваў сам выбаршчык, яго жонка, яго сусед, калега па працы! І ў ходзе наступных сацыялягічных апытаньняў большасьць выбаршчыкаў казалі, што выбары былі свабодныя і справядлівыя.

Што рабіць у такой сытуацыі? Выйсьце адно: не гуляць па правілах улады, а прапаноўваць свае сцэнары. Альтэрнатывы я ня бачу.

* * *

Зноў чакаю паштальёна. Ужо трэці дзень. Мой арганізм, маё цела, мой мозг патрабуюць новай энэргетычнай падзарадкі. Чакаў ліста пазаўчора. Учора. Чакаю і сёньня. Адразу па вячэры на вечка, што адвалілася ад дзьвярэй, упаў канвэрт. Усяго адзін. Я ўжо пасьпеў падумаць, што ня мой дзень, як раптам вокліч: «Анатоль, танцуй!» Я хуценька выдаў нешта накшталт танцавальных па і выхапіў з рук Аляксандра даўгаваты канвэрт. Гэтым разам некалькі радкоў напісаныя рукой маёй любай.

Родны наш, прывітаньне!
Вельмі коратка: у нас усё добра.
Усе жывыя і здаровыя. Перажываем і
хвалюемся толькі за цябе!
Беражы сябе! Цалуем!!!


Не стрымаўся, прыпаў вуснамі да ліста. Здалося, што адчуваю пахі. Дома, Сьвятланы. Яны прыемна казыталі, узбуджалі, бударажылі. Закружылася галава. Гэта не хваравітае, гэта прыемнае галавакружэньне. Усяго пяць радкоў, але на іх перачытваньне пайшоў увесь астатні вечар.

Адзінае, на што адхіліўся, дык гэта на чатырохрадкоўе, якое нарадзілася падчас чытаньня ліста:

Семь недель — большое расстояние.
Слабый не пройдёт его.
Бог даёт нам испытание,
И получим всё иль ничего.


А з падзеяў дня, які я не без задавальненьня закрэсьліў крыжыкам у самаробным календары, можна згадаць хіба што харчовы паёк са спэцкрамы. У пару ён прыбыў, бо прадуктовыя запасы вычарпаліся да крытычнага мінімуму, нават хлеба не застаецца, на стале адны крошкі. Праўда, забіваньне страўніка хлебнай масай не праходзіць бясьсьледна — усе калектыўна цярпім на пякотку.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





11 лютага, пятніца


Дзень згасае. Вецер вылятае аднекуль з-за рога і бездапаможна ўдараецца ў глухую сьцяну будынка. І кожны такі ўдар суправаджаецца гукам, падобным да ўсхліпу дзіцяці. Жудасны сьпеў стыхіі, якая заблукала ў падваротнях КДБ.

Пад гэты акампанэмэнт спрабую засяродзіцца на пісаньні ліста. Перад вачыма застылі радкі: «Я не зрабіў нічога, за што мне асабіста, вам альбо бацькам было б сорамна. І ноччу я сплю як чалавек, які ў згодзе са сваім сумленьнем».

Напісанае — не перабольшаньне. Ня раз даводзілася тут чуць: «Ну, Правадыр, у цябе і нэрвы! Толькі даткнуўся да падушкі — і ўжо сьпіць». Што ж, гэта сапраўды мой плюс. Каб арганізм акрыяў пасьля дня на нэрвах, патрэбен паўнавартасны сон. Калі ў студзені мне не дазвалялі спаць па начах, то дзень быў — як сплюшчаны ў гармонік пасьля аварыі аўтамабіль. І тады — дзе сеў, там і заснуў. Урыўкамі, кавалкамі, шматкамі. Цяпер начныя катаваньні спыніліся, і арганізм карыстаецца момантам.

Ня раз даводзілася тут чуць: «Ну, Правадыр, у цябе і нэрвы! Толькі даткнуўся да падушкі — і ўжо сьпіць»
Што мне дапамагае? Сярод іншага — здольнасьць пераносіць боль і фізычныя нагрузкі. Гэтыя якасьці не набудзеш з уласнай ахвоты, не пазычыш у суседа, ня возьмеш у крэдыт у банку. Іх я зьбіраў у сабе паўстагодзьдзя. У хакейных баталіях на замерзлай сажалцы, у штодзённых шасьцікілямэтровых «марш-кідках» у школу і назад, за штурвалам збожжаўборачнага камбайна, на ўпараным кані, які нясецца па сельскай бездаражы, у вайсковых ботах і гімнасьцёрцы з рагамі поту пад пахамі.

Гучыць непраўдападобна, але ў войска я трапіў праз блат. Пасьля інстытуту — лепшы студэнт гістарычнага факультэту, імянны стыпэндыят, круглы выдатнік — я павінен быў атрымаць накіраваньне ў асьпірантуру. Аднак паводле добрай савецкай традыцыі ў апошні момант яго аддалі дачцэ міністра лясной гаспадаркі. Дзьверы ў навуку зачыніліся, затое адкрылася пэрспэктыва бліжэй пазнаёміцца зь цешчай. Так мы з жонкай Сьвятланай, выпускнікі гістфаку, апынуліся ў Ашмянах, якія меліся стаць маім галоўным палітычным унівэрсытэтам. Для пачатку атрымаў пасаду — стаў намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы ў школе-інтэрнаце. Кантынгент няпросты: дзеці-сіроты і дзеці зь няўдалых сем’яў. Але я знайшоў зь імі агульную мову, дамогся паразуменьня.

Мы вычысьцілі ад сьмецьця падвалы. Памяшканьні, якія засталіся ў спадчыну ад панскіх часоў, аказаліся вялікімі, прасторнымі. Так зьявілася выдатная трэнажэрная заля, зь вялікімі люстрамі, у якіх мае выхаванцы не безь цікаўнасьці разглядалі свае худыя целы. І, што самае галоўнае, там заўсёды было поўна народу — выхаванцы спачатку адно пазіралі, а потым і саплі, крахталі над жалезам.

З школы зьнік камсамол, затое зьявіўся аматарскі тэатар, і на сцэну пацягнуліся юныя таленты. Пазьней аднаго зь іх, Ваню Ўшакова, я сустрэў у Менску ўжо акторам сталічнага тэатру.

А яшчэ цэлы год усе, ад малога да вялікага, рыхтаваліся да мерапрыемства, якое завецца «Кляс-кілямэтар». Палягала яно ў тым, што першаклясьнік павінен быў прабегчы кілямэтар, а дзесяцікляснік — дыстанцыю ў дзесяць разоў даўжэйшую. Бегалі ўсе, і выхаванцы, і выхавальнікі!

І неяк неўпрыкмет зьніклі з спальняў «бычкі». Курыць ужо не лічылася чымсьці крутым. Крута было разоў дзесяць зрабіць пад’ём пераваротам або 24-кіляграмовую гіру падняць разоў гэтак ...наццаць.

Давялося маім бацькам праз знаёмага ў сілавых структурах у сталіцы арганізоўваць мой прызыў у войска
Усё было добра. Бянтэжыла мяне адно. У маім уяўленьні мужчына павінен не ўцякаць ад цяжкасьцяў, а пераадольваць іх. Сапраўдны мужык і армія — у тыя часы гэтыя паняцьці былі для мяне, як патроны з адной абоймы. Але мой тагачасны бос, дырэктар школы, меў іншыя ўяўленьні пра абавязак. Да таго ж у яго былі на мяне сур’ёзныя віды. У раёне ў Захаркевіча ўсё было схоплена, у тым ліку і ваенкамат.

Але бязвыхадных сытуацыяў не бывае. Калі вы штурхаеце дзьверы, а яны не адчыняюцца, не канечне трэба выносіць іх плячом. Часам дастаткова пацягнуць дзьвярную ручку на сябе. Давялося маім бацькам праз знаёмага ў сілавых структурах у сталіцы арганізоўваць мой прызыў у войска. Як на цяперашні час, гэта здаецца неверагодным, і шмат хто можа пакруціць пальцам ля скроні. Але так было! Пасьля званка зь Менску пытаньне вырашылася ў лічаныя дні. Апынуўся пад Падольскам, у вучэбнай частцы, дзе рыхтавалі спэцыялістаў для войскаў СПА.

Войска адкрыта расчаравала. Крыклівыя прапаршчыкі, балбатлівыя палітрукі. Усё проста, прымітыўна, зь перавагай шэрых тонаў. Ніякіх інтэлектуальных вяршыняў, суцэльныя спускі. Мусіў пайсьці на пошукі нішы для самарэалізацыі. І я налёг на спорт! Прычым грунтоўна. Спачатку зьявіўся энтузіяст зь Берасьця, у якога замест вушэй вісела нешта бясформеннае, зморшчанае, быццам шматкі анучы, якой падлогу мыюць. Майстар спорту па вольнай барацьбе. Потым адшукалі на складзе прафэсійны барцоўскі дыван. Пасьля гэтага арганізавалі чэмпіянат часьці па барацьбе. Мой новы прыяцель зь Берасьця навучыў мяне пары-тройцы прыёмаў, і я пайшоў валіць-крышыць разраднікаў і кандыдатаў у майстры. Зь першага заходу стаў прызэрам часьці па вольнай барацьбе. Потым падсеў на гіры і празь месяц меў першы разрад па гіравым спорце. Заняўся пад’ёмам пераваротам на перакладзіне і праз паўгода круціў пад дзьвесьце разоў.

У запале палемікі, калі заканчваўся боекамплект аргумэнтаў, яны выдзіралі чэку галоўнага пытаньня: а ты ў арміі служыў? Адмоўны адказ аўтаматычна ставіў на табе крыж
Вайсковая служба — гэта ня тое каб страчаны час, хутчэй гэта час малых набыткаў. Такія былі тады мае адчуваньні. Праўда, паступова яны праходзілі рэвізію і карэкцыю.

Вярнуўся ў Ашмяны праз паўтара года. Па кватэры бегаў паўтарагадовы карапуз, мой сынуля Арцём. Ён нарадзіўся празь месяц пасьля таго, як мяне пастрыглі нагала і выдалі камплект абмундзіраваньня, уключна зь белымі анучамі.

Аднак потым факт службы ў войску сыграў для мяне пазытыўную ролю. Гэта было ужо ў парлямэнце. Сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня была група квотнікаў — вэтэранаў вайны. У парлямэнт іх ніхто не выбіраў, яны трапілі сюды праз адмысловую квоту. Некалькі генэралаў і палкоўнікаў. У запале палемікі, калі заканчваўся боекамплект аргумэнтаў, яны выдзіралі чэку галоўнага пытаньня: а ты ў арміі служыў? Адмоўны адказ аўтаматычна ставіў на табе крыж. Яны цябе проста не заўважалі. Ты імгненна рабіўся другога гатунку чалавекам.

І вось цяпер я, здаецца, паўторна атрымліваю дывідэнды з таго далёкага мінулага. Фізычны капітал, набыты даўным-даўно, пачынае аддаваць працэнты.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG