Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружба-фройндшафт


Чалавек за дубовым канцылярскім сталом не хваляваўся. Бо гэта было б непрафэсійна — а яму вельмі хацелася зрабіцца прафэсіяналам. Хаця б тут, у Вэцляры. Зрабіцца надзейным, строгім і дакладным, як гэты цяжкі, на вякі зроблены дубовы стол. Як гэтая бронзавая чарніліца, у якую ён апускаў цяпер пяро. Ён пісаў ліст прыяцелю, цьвёрдай рукой інвэнтарызуючы сваё жыцьцё-быцьцё — і не адчуваў пры гэтым нічога, апрача пэўнасьці ў непахіснасьці сьветабудовы. Вось, скажам, ягоная нарачоная Шарлёта ўжо два месяцы як сустракалася з маладым адвакатам Ёганам Вольфгангам, але жаніх зусім не раўнаваў яе. Навошта? Усё адно ён ажэніцца з Шарлётаю, а адвакат зьедзе. Усё будзе як мае быць, бо так быць мае, і ніякія гётэ і шылеры тут ня ўлічваюцца. Бо не заплянаваныя ў бюджэце.

«...Майн Лётхэн павяла сябе зь ім такім чынам, што ніякай надзеі ў яго ўзьнікнуць не магло... Гэтаму Гётэ даволі хутка давялося зразумець, што зь яе боку ня варта чакаць нічога, апрача фройндшафт... Альзо кайнэ лібэ...»

Жаніх дабрадзейнай Лётхэн задумаўся і адклаў пяро. Ягоная нявеста тым часам бавілася з маладым адвакатам недзе ў парку. Ці ня ў парку. Дзе і як, ён ня ведаў. І ведаць не хацеў. Ён верыў людзям. Чалавек за дубовым сталом паглядзеў на каляндар. Было 16 жніўня 1772 году. Каляндар — гэта добрая прыдумка. У ім ня можа быць сумневаў. Як і ў шлюбе. Як і ў сабе самім. Заўтра надыдзе — хочаш ты ці не. Панядзелак зьменіцца аўторкам. Хораша і правільна. І ўсё ж...

«...Гэты юнгер ман, Гётэ, валодае тым, што называецца геніем, да таго ж мае досыць жывую фантазію. Схільны да рэзкіх афэктаў. Лад мысьленьня шляхетны. Чалавек з характарам. У яго зьнешнасьці і паводзінах шмат такога, што можа адштурхнуць...»

Жаніх зноў спыніўся. Падумаў і дапісаў:

«Ну так, трэба прызнаць, што Ёган валодае такімі якасьцямі, якія могуць быць небясьпечныя для жанчыны, калі яна чулая і мае добры густ...»

Тым часам на іншым паверсе сьветабудова праходзіла праверку на трываласьць.

«У глыбокай роспачы ён кінуўся да ног Лёты, схапіў яе рукі, прыклаў да сваіх вачэй, да лба... У яе пацямнела ў вачах, яна сьціснула яго рукі, прыціснула да сваіх грудзей у прыступе спагады, іхныя шчокі, якія так палалі, даткнуліся. Усё навокал перастала існаваць... Ён сьціснуў яе ў абдымках і пакрываў апантанымі пацалункамі яе трапяткія вусны...»

І тут Лёта пачала супраціўляцца. " Толькі фройндшафт!« — сказала яна, вырваўшыся — «і, кінуўшы на пакутніка позірк, поўны каханьня, кінулася ў суседні пакой».

Праз сорак чатыры гады яны пабачыліся зноў. Гэтым разам у Ваймары. «Я пазнаёмілася з адным непрыемным старым панам», — напісала пасьля Шарлёта Кестнэр. — «Калі б я ня ведала, што гэта Гётэ, ён наўрад ці б мне спадабаўся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG