Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдыт замежнай дапамогі як скрыня Пандоры


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

«Афіцыйныя прапагандысты проста застануцца бяз працы, дастаткова будзе проста без камэнтароў трансьляваць па БТ тое, што прадстаўнікі „трэцяга сэктару“ гавораць адзін пра аднаго», — піша Юры Дракахруст у сваім блогу

У канцы траўня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў правесьці аўдытарскую праверку дапамогі, якую выдзяляюць дэмакратычныя краіны на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Падобныя думкі выказаў таксама вядомы грамадзкі дзеяч, лідэр кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Ўладзімер Мацкевіч.

Значная частка, калі ня большасьць, прадстаўнікоў той самай грамадзянскай супольнасьці і палітыкаў паставіліся да гэтай ідэі, мякка кажучы, скептычна. Скажу па шчырасьці, я гэты скэпсіс цалкам падзяляю.

Дзеля аб’ектыўнасьці варта ўсё ж сказаць, што ў прапанове спадара Лябядзькі прывабная самая ідэя — магчыма, заходняя дапамога сапраўды разьмяркоўваецца неэфэктыўна, часам трапляе да, паводле выразу спадара Мацкевіча, «мыльных бурбалак» грамадзянскай супольнасьці, што безумоўна кепска і было б лепш, каб яна разьмяркоўвалася з большым глуздам.

Але аналіз разнастайных практычных наступстваў прапановы лідэраў АГП і «ЭўраБеларусі» сьведчыць супраць яе.

Па-першае, магчыма, Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Мацкевіч забылі, што яшчэ ў 2011 годзе ў Крымінальны кодэкс быў унесены артыкул, які трактуе як злачынства атрыманьне любой замежнай дапамогі на грамадзка-палітычныя мэты.

Артыкул 369(2). Атрыманьне замежнай бязвыплатнай дапамогі ў парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь Атрыманьне, а таксама захоўваньне, перамяшчэньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або фінансаваньня палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі або правядзеньня выбараў, рэферэндумаў, адклiканьня дэпутата, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, арганізацыі або правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня, страйкаў, вырабу або распаўсюджаньня агітацыйных матэрыялаў, правядзеньня сэмінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, учыненыя на працягу года пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж парушэньні, - караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў.

У суседняй Расеі прыняты закон, паводле якога ажыцьцяўляць грамадзка-палітычную дзейнасьць на замежныя грошы могуць толькі арганізацыі, якія зарэгістраваныя, як «замежныя агенты». Досьвед апошніх месяцаў паказаў, наколькі шырока там пры гэтым трактуюць паняцьце грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Ёсьць усе падставы не сумнявацца ў тым, што ў Беларусі гэта можа трактавацца прынамсі гэтак жа шырока. Так — пакуль, здаецца, адпаведны артыкул КК РБ ніколі не ўжываўся. Але ці варта будзіць ліха?

«Прапановы сп. сп. Лябедзькі і Мацкевіча з пункту гледжаньня літары закону гучаць так — трэба правесьці аўдыт дзейнасьці, якая забароненая законам».


Прапановы сп. сп. Лябедзькі і Мацкевіча з пункту гледжаньня літары закону гучаць так — трэба правесьці аўдыт дзейнасьці, якая забароненая законам. Дык у краіне ўжо ёсьць інстытуцыя, якая штодзень займаецца гэтым «аўдытам», называецца КДБ. Аўдыт, прапанаваны сп. сп. Лябедзькам і Мацкевічам, можа стаць карыснай дапамогай гэтаму ведамству. Гэты аўдыт, як можна меркаваць, прадугледжвае істотна большую, чым зараз, адкрытасьць і галоснасьць заходняй дапамогі. А айчынныя «аўдытары» ў пагонах газэты чытаюць і інтэрнэтам карыстаюцца. Калі ў выніку аўдыту, за які выступаюць названыя палітык і грамадзкі дзяяч, нехта з прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці пойдзе шляхам Бяляцкага празь артыкул 369(2) КК, ініцыятары кампаніі ня будуць адчуваць ніякай сваёй віны за ягоны лёс? Ці рэжым — унівэрсальнае алібі?

Па-другое, а якія крытэры ацэнкі? І хто іх вызначае? З тлумачэньняў сп-ра Лябедзькі вынікае, што ён вядзе размову ня толькі і ня столькі пра выпадкі, калі заходняя дапамога аказваецца проста тупа пакрадзенай. Старшыня АГП гаворыць пра эфэктыўнасьць канцэптуальную. А тут варта прыгадаць айчынны грамадзка-палітычны кантэкст. Калі б сп-р Лябедзька перамог Лукашэнку на выбарах (ці скінуў на чале народнага паўстаньня ці заняў ягонае крэсла нейкім іншым шляхам) ці калі б фракцыя АГП была самай вялікай у парлямэнце, то слушнасьць ягоных падыходаў была б неаспрэчна даказаная жыцьцём. Як вядома, нічога такога ў рэчаіснасьці няма. А што ёсьць — дык гэта жорсткі канфлікт паміж вялікімі часткамі палітычнага поля, канфлікт у тым ліку ці нават пераважна наконт таго, як трэба дзейнічаць. І калі сп-р Лябедзька даволі грэбліва характарызуе дзейнасьць некаторых грамадзкіх і палітычных арганізацый, якія спрабуюць заваяваць аўтарытэт сярод насельніцтва шляхам вырашэньня будзённых, «дробных» праблемаў гэтага самага насельніцтва — ён, зразумела, мае поўнае права на такое стаўленьне і такое меркаваньне. Але ці ёсьць падставы пакласьці меркаваньні сп-ра Лябедзькі ў аснову крытэру эфэктыўнасьці, на падставе якога будзе правярацца дзейнасьць іншых арганізацый? Так, апанэнты старшыні АГП не даказалі, што іх падыходы больш слушныя, але і спадар Лябедзька не даказаў адваротнага. Тое, што пытаньне крытэраў выклікае вялікія спрэчкі і ў грамадзянскай супольнасьці, засьведчыла, напрыклад, дыскусія паміж Вольгай Карач і Аленай Танкачовай у апошнім «Праскім акцэнце». І гэта далёка не адзіны прыклад таго, як па-рознаму бачаць мэты і сродкі іх дасягненьня прадстаўнікі «трэцяга сэктару».

Дык як жа можна ў прынцыпе ацэньваць эфэктыўнасьць чаго-небудзь, калі крытэры эфэктыўнасьці — прадмет палкіх спрэчак і пры гэтым рацыя кожнага з бакоў спрэчкі зусім не відавочная, прынамсі, не даказаная аб’ектыўнымі аргумэнтамі посьпеху?

«Ступень прыцягальнасьці як апазыцыі, гэтак і грамадзянскай супольнасьці ня варта перабольшваць»


Па-трэцяе, ступень прыцягальнасьці як апазыцыі, гэтак і грамадзянскай супольнасьці ня варта перабольшваць. Пра тое, што яна невысокая, слушна пісаў нядаўна ў сваім блогу як раз Уладзімер Мацкевіч. І вось уявіце сабе, што пачынаецца той самы аўдыт. І колькі цэбраў памыяў і бруду выльюць адзін на аднаго шаноўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, колькі скандалаў будзе віраваць пры высьвятленьні, хто «мыльная бурбалка», а хто не. Афіцыйныя прапагандысты проста застануцца бяз працы, дастаткова будзе проста без камэнтароў трансьляваць па БТ тое, што прадстаўнікі «трэцяга сэктару» гавораць адзін пра аднаго. А будзе ж менавіта так. Ну і якое стаўленьне звычайных, неангажаваных у грамадзкую дзейнасьць (а нават і ангажаваных) беларусаў будзе да найлепшых сваіх прадстаўнікоў?

Прычым, каб пралічыць усе сказанае вышэй наконт рэалізацыі прапановы Лябедзькі-Мацкевіча, ня трэба быць вялікім знаўцам «кухні» беларускай палітыкі і грамадзкай дзейнасьці. Патрэбныя мінімальныя веды пра сытуацыю. Чаму гэта прапануюць людзі, глыбока абазнаныя ў ёй — для мяне загадка, на якую я ня маю адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG