Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайна сьмерці харошых камуністаў


Будынак ЦК Камуністычнай партыі БССР, цяпер Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі
Будынак ЦК Камуністычнай партыі БССР, цяпер Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі

Штодня на сайце "Свабоды" — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".

У другой палове 80-х, на пачатку гістарычнай галоснасьці, у беларускім друку шмат пісалі пра лёсы двух кіраўнікоў Беларусі, чыё жыцьцё абарвалася ў 1937 годзе — старшыню ЦВК Аляксандра Чарвякова і старшыню Саўнаркаму Мікалая Галадзеда.

Мікалай Галадзед, старшыня Саўнаркаму БССР (7 траўня 1927—30 траўня 1937)
Мікалай Галадзед, старшыня Саўнаркаму БССР (7 траўня 1927—30 траўня 1937)
Яны ўніклі сьледзтва, суда і расстрэлу, скончыўшы самагубствам. Чарвякоў застрэліўся у сваім кабінэце пад час XVI зьезду кампартыі Беларусі, Галадзед выкінуўся з вакна будынку НКВД у Менску пасьля арышту. Зрэшты, гэта былі вэрсіі, якія адны гісторыкі прымалі, іншыя адмаўлялі, сьцьвярджаючы, што Чарвякова застрэлілі, а Галадзеда выкінулі з вакна самі энкавэдысты. Аднак архіўныя знаходкі дазваляюць больш пэўна гаварыць пра акалічнасьці сьмерці Мікалая Галадзеда.

Але спачатку — невялікае адступленьне. Газэта «Звязда», дзе я тады працаваў, пачала друкаваць аповеды, лісты, інтэрвію пра сталінскія злачынствы ў Беларусі. Я рыхтаваў карэспандэнцыю пра рэабілітацыю ахвяраў і зьбіраў інфармацыю ў пракуратуры. Раптам мой субяседнік, тагачасны начальнік аддзела нагляду за законнасьцю сьледзтва ў органах дзяржбясьпекі Іванкоў спытаў, ці бачыў я калі асабісты подпіс Яжова. Ён адчыніў грувасткі сэйф, дастаў тонкую кардонную папку з нумарам і разгарнуў.

На першай старонцы быў машынапісны тэкст — рапарт наркама ўнутраных справаў БССР Бермана наркаму Яжову з просьбай даць санкцыю на арышт члена ЦК ВКП(б) і СНК СССР, старшыні СНК БССР Галадзеда, «арганізатара і кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі». Тоўстым чорным алоўкам наўскасяк была накладзеная рэзалюцыя: «Арыштаваць». I подпіс, адзін з самых жахлівых у гісторыі камунізму — Яжоў.

Архіўна-сьледчая справа была тонкая, я перагарнуў пару старонак, але Іванкоў ужо забіраў папку, клаў яе на паліцу і зачыняў дзьверцу сэйфа. «Ня маю права, згодна з інструкцыяй, увогуле даваць Вам справу, — растлумачыў ён. — Няхай рэдакцыя зьвернецца афіцыйна з запытам, і тады — як начальства вырашыць». У рэдакцыі склалі ліст, рэдактар падпісаў і адправілі. Тым часам я паехаў да дачкі Галадзеда Валянціны Мікалаеўны Беляковай і пачаў распытваць пра падзеі лета 1937-га.

Пастанову аб вызваленьні Галадзеда ад пасады старшыні СНК БССР ягоны даўні сябар, старшыня ЦВК Чарвякоў падпісаў 30 траўня. Гэта адбылося за дзесяць дзён перад XVI зьездам КПБ(б). У першыя дні чэрвеня на Менскай партканфэрэнцыі таварышы па партыі абвінавацілі Галадзеда ў палітычнай сьлепаце, узгадалі сяброўства з «нацдэмамі»... На зьезьдзе першы сакратар ЦК Шаранговіч, які сам неўзабаве будзе арыштаваны, заявіў, што Галадзед праводзіў «права-апартуністычную практыку». У час працы зьезду газэты паведамілі пра арышт, суд і расстрэл групы вядомых ваеначальнікаў. Сярод расстраляных значылася імя камандуючага Беларускай вайсковай акругі Ераніма Убарэвіча. Яшчэ адзін знаёмы Галадзеда, былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік, пасьпеў застрэліцца перад арыштам.

У Менску чакаць не было чаго, і Галадзед разам з жонкай і малым сынам тэрмінова выехаў у Маскву. Ён спадзяваўся на прыём у Сталіна — і той прыняў былога беларускага прэм’ера. Паводле ўспамінаў жонкі, Галадзед вярнуўся ў службовую кватэру супакоены, бадзёра чакаў новага прызначэньня. Ён ня ведаў, што празь дзень пасьля ягонага ад’езду зь Менску ў Маскву выехаў наркам Берман. Ён вёз рапарт на імя Яжова. Берман асабіста прыйшоў у знакаміты Дом на Набярэжнай, дзе Галадзед меў службовую кватэру. Там жонка бачыла мужа апошні раз.

Вось што расказала дачка Галадзеда і пацьвердзілі архіўныя дакумэнты, якія тады ўдалося знайсьці. Тым часам прыйшоў адказ з пракуратуры на рэдакцыйны запыт адносна справы Галадзеда. Пракуратура паведамляла, што такой справы ня мае. Я высьветліў — аказалася, вярнулі ў КГБ. Мы падрыхтавалі новы ліст і накіравалі старшыні КГБ. Праз пару тыдняў у мяне ў кабінэце зазваніў тэлефон, і ветлівы голас сказаў, што КГБ нічым ня можа дапамагчы рэдакцыі, бо ніякай справы ніякага Галадзеда Мікалая Фёдаравіча ў іх няма.

Я разгубіўся — як няма?! Я ж трымаў яе ў руках! Але як сказаць пра гэта, каб не пашкодзіць дабрадзею з пракуратуры? Пасьля кароткай размовы я здабыў тэлефон тагачаснага начальніка архіву КГБ. Вынік быў той самы — нічым ня можам дапамагчы. Пайшоў у ЦК КПБ. Вось, казаў, перабудова, гістарычная галоснасьць, Гарбачоў, а ў КГБ ніякага новага мысьленьня... Прайшоў некалькі кабінэтаў, дабраўся да начальніка аддзела адміністратыўных органаў Адамовіча, які курыраваў міліцыю і КГБ. Усе слухалі, абяцалі дапамогу — а як жа, чэсны быў камуніст, трэба дапамагчы.

Ішлі дні, тыдні — ніхто і ня думаў дапамагаць. Разьюшаны нахабнай хлусьнёй КГБ і «дапамогай» ЦК, я пайшоў у кабінэт да тагачаснага рэдактара газэты і папрасіў дазволу пакарыстацца «вяртушкай», тэлефоннай спэцсувязьзю, дзякуючы якой намэнклятура магла зьвязвацца паміж сабой без сакратарак, хутка і надзейна. Апроч таго, зь «вяртушкі» было значна лягчэй прабіцца ў іншы горад, і супрацоўнікі рэдакцыі дэмакратычна карысталіся гэтым тэлефонам.

У спэцдаведніку я адшукаў нумар тагачаснага старшыні КГБ БССР Веніяміна Балуева і набраў яго. Слухаўку паднялі адразу. Я назваўся і папрасіў дапамагчы рэдакцыі атрымаць справу Галадзеда, дадаўшы, што гэтую справу ўжо бачыў, гартаў. Балуеў адказаў у тым сэнсе, што дапамагчы ня могуць, бо існуе нейкая інструкцыя ці закон, які забараняе знаёміцца з падобнымі справамі пабочным асобам.

Я пачаў несьці нешта пра перабудову і пытацца, як у КГБ разумеюць галоснасьць. Рэдактар даўно кінуў свае паперы і слухаў наш дыялёг зь вялікай цікавасьцю. Калі я паклаў слухаўку, ён сказаў: ну, цябе арыштуюць проста ў гэтым кабінэце. *

*Не арыштавалі, але ў гэтым кабінэце суд я неўзабаве сапраўды перажыў, праўда, зь іншай нагоды, і пры ўжо іншым рэдактары.

З генэралам КГБ мы дамовіліся наступным чынам: мне справу не пакажуць, але адкажуць на мае пытаньні.

Я задаволена паціраў далоні: трымайцеся, зараз я задам столькі пытаньняў, што вы мусіце пераказаць усю справу.

Ад наіўнасьці мяне вылечылі праз два тыдні, калі пазванілі з КГБ і запрасілі на сустрэчу. Я ўзяў магнітафон, нататнікі і паехаў на рог тады яшчэ Ленінскага праспэкту і вуліцы Камсамольскай.

Два супрацоўнікі запрасілі ў пакой для наведнікаў. Мінімум мэблі — пусты стол, некалькі крэслаў, тэлефон, партрэт ці то Дзяржынскага, ці то Леніна на сьцяне. Адзін сеў насупраць, другі збоку. Мяне зьдзівіла, што кагэбісты прыйшлі толькі з маімі пытаньнямі, безь ніякіх іншых папераў.

— Не хвалюйцеся, адкажам, але магнітафон не спатрэбіцца, — сказалі мне.

Не спатрэбіліся і нататнікі. Адказы гучалі прыкладна так: на гэтае пытаньне няма інфармацыі, пра тое ў справе нічога не сказана, наступнае невядома... Я зьбянтэжыўся і ня ведаў, як рэагаваць на тое, што адбывалася.

— Вось і ўсё, больш нічым ня можам дапамагчы, — паведамілі мне.

Мае спробы нешта запярэчыць былі сустрэтыя спакойна і ня выклікалі ніякай рэакцыі. Суразмоўцы самі пачалі задаваць пытаньні: як у рэдакцыі ставяцца да Ўладзіміра Бегуна, вядомага барацьбіта зь сіянізмам, усё ж ці ня мае ён рацыі...

Я выйшаў на вуліцу як абпляваны, клянучы сябе за наіўнасьць. (Праз пару гадоў, ужо ў якасьці члена парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, мне ўдалося атрымаць доступ да архіву КГБ, дзе хаваецца боль і кроў айчыннай гісторыі. З санкцыі новага кіраўніцтва КГБ супрацоўнікі прыносілі ддя азнаямленьня асобныя справы ахвяраў, але ніколі не паказвалі каталёгаў ці нейкага апісаньня сховішча. Дагэтуль невядома, колькі справаў, на каго, у якім стане захоўваюцца ў сутарэньнях будынка, пабудаванага Цанавам. Зрэшты, як толькі пачаў праходзіць шок ад правалу жнівеньскага путчу, было заяўлена, што КГБ ня хата-чытальня, і архівы зноў сталіся недаступнымі.)

Аднак існавалі іншыя архівы, дзе захоўваліся некаторыя матэрыялы пра сьмерць Мікалая Галадзеда. У 1955 годзе, пад час хрушчоўскай адлігі, справу Галадзеда пераглядалі. У лістападзе 1955 году галоўная вайсковая пракуратура на падставе той самай тонкай кардоннай папкі, якую КГБ не хацеў выпускаць з рук, зрабіла даведку, дзе гаварылася:

«У кантрольна-нагляднай справе на Галадзеда ёсьць адносіна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разьбіўся, ня даўшы ніякіх паказаньняў».

У 60-я гады гісторык Уладзімер Якутаў пачаў зьбіраць матэрыял для кнігі пра Галадзеда. Ён знайшоў і папрасіў напісаць успаміны былога кансультанта паліклінікі МУС прафэсара М. Шапіру. Прафэсар пісаў:

«Мне вельмі цяжка ўспамінаць аб усіх дэталях майго знаходжаньня летам 1937 году ў будынку МУС, куды я быў пакліканы на кансультацыю да таварыша Галадзеда. Унізе сказалі, што трэба падняцца на другі паверх, у кабінэт да аднаго з супрацоўнікаў. У кабінэце на кушэтцы ляжаў таварыш Галадзед у надзвычай цяжкім перадсьмяротным стане. Ён толькі слаба дыхаў, ні на што не рэагаваў і нічога не казаў.

Мой агляд даў наступнае: ніякіх сьлядоў вонкавых пашкоджаньняў я не знайшоў — ні пераломаў канечнасьцяў, пазваночніка альбо чэрапу. Стан хворага сьведчыў альбо аб інфаркце, інсульце, альбо ўнутрычэрапным кровазьліцьці, якія вядуць да хуткай сьмерці.

Намі была зробленая спроба штучным дыханьнем вярнуць т. Галадзеду хоць бы часова сьвядомасьць, але яна нічога ня дала. Праз кароткі час наступіла сьмерць.

Ніякага запісу ніхто ня вёў, але ўзялі слова, што, калі каму-небудзь скажам аб гэтым, не паздаровіцца. Але калі назаўтра па горадзе пайшлі чуткі, што Галадзед выкінуўся з вакна, я ня мог з гэтым пагадзіцца. Бо мною не было вызначана ў яго ніякага пашкоджаньня, што абсалютна ня ўвязвалася з расказамі аб падзеньні».


Так скончыў свае ўспаміны прафэсар Шапіра. Гісторык Якутаў у 60-я гады ў сваёй кнізе пра Галадзеда нічога гэтага апублікаваць ня змог — з тае самае прычыны, зь якой КГБ хавала архіўную справу і праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці арыштаванага. Сумневы ў самазабойстве ўскосна ўмацоўвала дачка Галадзеда Валянціна. Пад час сустрэчы яна ўспамінала:

«Што бацька пакончыў з сабой — ні я, ні маці ніколі ня верылі. Ён быў чалавекам надзвычайнай асабістай храбрасьці. Адзін мог пайсьці на перамовы з цэлай бандай, не пабаяўся выступіць супраць Малянкова, калі той граміў беларускую партарганізацыю. Ён бы ніколі нічога супраць сваёй волі не падпісаў. Таму і забілі...»

Аднак такі вывад пакідаў без адказу пытаньне: чаму? Дачка і жонка выказвалі асабістыя меркаваньні — погляд на самагубства выключна як на слабасьць, недастойную сапраўднага чалавека і камуніста, быў даволі распаўсюджаны. Прафэсар Шапіра пісаў свае ўспаміны праз чвэрць стагодзьдзя (у якія ўмясьцілася вайна, барацьба з касмапалітамі і лекарамі-забойцамі). Так, Шапіра не заўважыў ніякіх сьлядоў падзеньня, але ж, як ён сам адзначае, агляд рабіўся ў кабінэце на другім паверсе — значыць, спачатку цела перанесьлі туды, і зьнешнія заўважныя сьляды маглі папросту прыбраць, паправіць. Апроч таго, сымптомы, якія прыводзіць прафэсар, паводле ацэнак спэцыялістаў, цалкам маглі быць вынікам падзеньня.

А галоўнае — каму была выгадная імгненная сьмерць Галадзеда? НКВД, які на загад Сталіна рыхтаваў чарговы адкрыты працэс, быў менш за ўсё зацікаўлены ў страце такога важкага «злачынцы», як былы старшыня СНК. «Кіраўнік антысавецкага падпольля ў Беларусі» — а менавіта такая роля адводзілася Галадзеду ў ордэры, падісаным Яжовым, — мог даць шмат карысных паказаньняў, значна павялічыць маштабы арыштаў, а значыць — ордэнаў і шпалаў энкавэдыстам. Наўрад ці Бермана клапаціла незгаворлівасьць Галадзеда — у НКВД умелі дабівацца згоды ад самых упартых арыштаваных. Такім чынам, і Сталіну, і НКВД было выгадна вывесьці Галадзеда на адкрыты працэс.

Аляксандр Чарвякоў, дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б
Аляксандр Чарвякоў, дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б
У выніку сьмерці Чарвякова і Галадзеда на адкрыты працэс у лютым-сакавіку 1938-га давялося выводзіць Шаранговіча, які толькі тры месяцы папрацаваў 1-м сакратаром ЦК і, ясна, ня змог пацягнуць за сабой значную сетку змоўнікаў. На працэсе роля Шаранговіча зьвялася да падтрымкі абвінавачаньня супраць Бухарына, які ніколі зь ім не сустракаўся і грэбліва адмовіўся ад знаёмства. У Беларусі расстрэл Шаранговіча ня выклікаў непасрэдных наступстваў, зьвязаных зь ягоным асабістым атачэньнем, ранейшымі саслужыўцамі і да т. п. Можна меркаваць, што, калі б на ягоным месцы былі Чарвякоў і Галадзед, крывавае рэха іх «паказаньняў» было б большае. Хоць куды ўжо болей...

Тым ня менш, канчатковую яснасьць маглі даць толькі дакумэнтальныя зьвесткі пра канкрэтныя абставіны сьмерці Галадзеда. Прычым зьвесткі не прамыя, якія лёгка сфальсыфікаваць, а ўскосныя — што-небудзь гаспадарчае, зьвязанае з унутранай кухняй органаў. Чаканы дакумэнт сустрэўся ў архіўных завалах недзе празь пяць гадоў пасьля першага знаёмства са справай Галадзеда.

... У 1939 годзе, праз два гады пасьля сьмерці Галадзеда, да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі зьвярнуўся былы член партыі, былы опэрупаўнаважаны НКВД БССР Аляксей Рулёў з просьбай аб рэабілітацыі і матэрыяльнай дапамозе. Ягоны ліст пераслалі новаму наркаму Цанаву, які падрыхтаваў даведку для ЦК. У ёй паведамлялася, што загадам НКВД ад 21 жніўня 1937 году Рулёў быў звольнены са службы як асоба, якая знаходзіцца пад сьледзтвам больш за два месяцы. Але ж Галадзед загінуў якраз два месяцы перад гэтай датай, значыць Рулёў быў заключаны пад варту ў дзень ягонае сьмерці.

Дакумэнт сьведчыў:

«21 чэрвеня 1937 году яму (Рулёву) было даручана ахоўваць у ягоным кабінэце кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі — Галадзеда. Рулёў пакінуў пост, самавольна пайшоў, перадаверыўшы ахову маладому нявопытнаму работніку Турбіну, у выніку чаго Галадзед выкінуўся з вакна і разьбіўся насьмерць, ня даўшы паказаньняў аб сваёй контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Рулёў быў арыштаваны. У працэсе сьледзтва абвінавачаны Рулёў прызнаў, што ён, напэўна ведаючы, што яму была даручаная ахова сур’ёзнага злачынцы — кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі, самавольна пайшоў з кабінэту, чым даў магчымасьць злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам».

Пэўныя дэталі пераконваюць у сапраўднасьці гэтай гісторыі. Рулёва афіцыйна звольнілі з органаў дакладна ў адпаведнасьці са службовай інструкцыяй, якая дазваляла лічыць арыштаванага, але не асуджанага супрацоўніка ў штаце арганізацыі на працягу роўна двух месяцаў. Рулёў быў асуджаны і правёў у зьняволеньні паўтара гады. Калі ён выйшаў, у НКВД да яго паставіліся досыць прыязна. Бугальтарскія дакумэнты сьведчаць, што опэрупаўнаважанаму выплацілі зарплату за ліпень-жнівень 1937-га, кампэнсацыю за нявыкарыстаны адпачынак і нават выхадную дапамогу, усяго 1999 рублёў 72 капейкі. Аднак як звольненаму з органаў у сувязі з судовай справай, яму адмовілі ў праве на пэнсію за выслугу гадоў.

У адказе Панамарэнку Цанава пісаў, што, паводле інструкцыі, нельга аднавіць Рулёва на працы ў НКВД і аказаць матэрыяльную дапамогу. I сапраўды, якая яшчэ дапамога, калі опэрупаўнаважаны даў магчымасьць сур’ёзнаму злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам і ўнікнуць паказаньняў...
Такая вось гісторыя пра былога старшыню ўраду Беларусі і час, калі шчасьлівы быў той, хто перад адказам на пытаньні таварышаў па партыі пасьпяваў пусьціць кулю ў сэрца альбо выкінуцца з вакна пятага паверху.

Аднак гэта будзе няпоўная гісторыя, калі не сказаць другую частку праўды пра трагедыю Галадзеда, Чарвякова і астатніх рэабілітаваных і адноўленых у партыі дзеячоў тае эпохі, чые імёны зараз носяць вуліцы Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Непасрэднай прычынай адхіленьня ад пасады і арышту Галадзеда лічыцца ягоная спроба паставіць пад сумнеў вынікі чысткі беларускай партарганізацыі, якую праводзілі пад кіраўніцтвам маскоўскага пасланца Малянкова. З 59.175 камуністаў, якіх налічвала КП(б)Б ў 1932 годзе, у 1937-м у партыі засталося 33.828. Галадзеда, які спалучаў веру ў партыю зь любоўю да Беларусі (у межах бальшавіцкай ідэалёгіі), гэтыя лічбы балюча ўразілі. I ён выступіў на пленуме ЦК з адчайнай, самагубнай прамовай, у якой красамоўныя як спробы абараніць выключаных з партыі, гэтак і агаворкі наконт правільнасьці партыйнага курсу.

Са стэнаграмы XII пленуму ЦК КП(б)Б:

«Галадзед: Некаторыя нашы таварышы гавораць: ачысьціліся ад ворагаў і добра. Але ня ўсе ж гэта ворагі. Вось, калі гаварыў таварыш Сталін, што многія думаюць дзясяткамі тысячаў членаў партыі, аб гэтым і ў нас ідзе гаворка. Я папрасіў даць мне зьвесткі, колькі выключылі трацкістаў і іншых ворагаў. Трацкістаў выключылі 7.122.

Галасы: Няправільна!

Галадзед: У 1933 пад час чысткі мы, на жаль, мала выключылі трацкістаў, выключылі іх толькі пры праверцы і абмене дакумэнтаў. Яшчэ дадаць трэба нацыяналістаў ды пару тысяч бундаўцаў, дадаць тысячы тры іншых ворагаў — шпіёнаў і іншых.

Голас зь месца: Акрамя гэтага, ёсьць шпіёны, белагвардзейцы!

Галадзед: Згодны, давайце яшчэ дадамо пяць тысяч.

Голас зь месца: Мала!

Галадзед: Давайце дзесяць тысяч на ворагаў прыкінем (шум у зале). Справа, канечне, не ў такім падліку. Але гэтае пытаньне ня дробязнае, пытаньне вельмі сур’ёзнае. Гаворка ідзе пра нацыянальную партарганізацыю...

Галасы зь месца: Правільна!

Галадзед: ... дзе фармаваньне партарганізацыі справа самая адказная, дзе кожны член партыі, харошы камуніст цэніцца высока. Але ўсё ж паміж выключаных ёсьць ворагі, ёсьць і ня ворагі. Як можна жартаваць з такім пытаньнем? Мы павінны паглядзець балянс сваёй работы адносна колькаснага складу і ўмацаваньня КП(б)Б. I становішча такое, што амаль на 43% скарацілася КП(б)Б.

Сакратар ЦК Валковіч: КП(б)Б усё ж мацней стала.

Галадзед: Яна павінна быць яшчэ мацней. Я не кажу, што КП(б)Б дрэнная. Я кажу, што мы, член бюро ЦК у першую чаргу, адказваем за гэтую справу, мы дапусьцілі, што за пяць гадоў скарацілася наша пдртарганізацыя на 25 тысяч членаў партыі. Канечне, ёсьць паміж імі нямала ворагаў, я гэта паўтараю. А рэшта — гэта тое, што тав. Сталін называе «думаць дзясяткамі тысячаў», паводле яго ацэнкі гэта называецца глыбока антыпартыйным учынкам. Чаму мы ня можам прызнаць гэта на пленуме? Тав. Сталін вучыць нас бязьлітасна караць ворагаў, але адначасна трэба клапаціцца аб адзінках членаў партыі. Нават калі прыняць пад увагу, што за гэты час выехала нямала членаў партыі ў іншыя вобласьці, дык усё ж агульнае скарачэньне КП(б)Б, на маю думку, вельмі вялікае, чым бы яго ні тлумачылі
».

Усё зьмяшалася ў гэтым выступленьні: адважная спроба абараніць паплечнікаў (не называючы імёнаў), і ашаламляльная гатоўнасьць аднесьці да ліку ворагаў тысячы людзей — нацыяналістаў, трацкістаў, белагвардзейцаў, шпіёнаў. I зусім за межамі прамовы — ня члены партыі. Для прамоўцы не існуюць ахвяры без партбілетаў. Гэта не папрок заднім днём — кіраўнік ураду ня мог ня ведаць, што на пачатак 1937-га былі выключаныя зь ліку свабодных ці жывых у дзясяткі разоў болей людзей, чымся тыя 25 тысяч партыйцаў, якіх ён абараняў.

Вось яшчэ адзін урывак са стэнаграмы таго самага пленуму:

«Сакратар ЦК Валковіч: У Лепельскім раёне ёсьць заявы з подпісамі многіх людзей з патрабаваньнем адкрыць касьцёлы, сынагогі. У Гомельскім раёне зьбіралі галасы. За закрыцьцё — 600 подпісаў, а з боку царкоўнікаў — 1700 подпісаў. Уяўляеце, якая брыдота атрымалася!

Рэпліка тав. Галадзеда: А поп адзін!

Валковіч: Поп якраз павесіўся перад гэтым, замянілі яго іншым, і той аказаўся лепшым, арганізаваў...»


Да членаў партыі нават Сталін вучыў праяўляць спагадлівасьць. Незадоўга перад пленумам, у сярэдзіне сьнежня 1936-га, Галадзед атрымаў ліст знаёмага, працаўніка гідролізнага заводу С. Міцькова, якога выключылі з партыі. Той пісаў:

«Мікалай Фёдаравіч! Я шчыра ўсьведамляю сваю віну перад партыяй, я паступіў не як пільны бальшавік, даючы паручыцельства за брата, ня ведаючы яго сапраўдных настрояў, гэтым я мог зрабіць, а магчыма, калі б брат аказаўся шпіёнам, і зрабіў прамую дапамогу ворагу. Але я клянуся, што ня меў ніякага злога намеру, верыў у сумленнасьць і адданасьць брата савецкай краіне. Я маю зьвесткі, што брат быццам бы вызвалены 3 красавіка, але я яго ня бачыў і бачыць не хачу і ня ведаю, дзе ён цяпер. Нават калі ён вызвалены, гэта не здымае зь мяне адказнасьці. Я павінен несьці пакараньне. Але выключэньня з партыі я не магу прыняць».

Відаць, Галадзед як член бюро ЦК уключыў ліст у парадак дня бюро. Праз два тыдні, 29 сьнежня 1936 году, бюро ЦК вынесла пастанову:

«Лічыць, што няма падставаў для перагляду рашэньня ЦК КП(б)Б аб выключэньні Міцькова з партыі».

Пад пастановай — і подпіс Галадзеда, які крыху перасякае лінію, што падзяляе адказы на дзьве часткі, «за» і «супраць». Я перагледзеў многія сотні картак з пастановамі бюро ЦК КП(б)Б, і ні разу ня бачыў ніводнага подпісу ў разьдзеле «супраць». Ня мець свайго голасу і сваёй думкі, фактычна адмовіцца ад сябе, як ад асобы, абавязвала ўжо сама пасада.

Калі ў канцы 1936-га Галадзед хаця б вынес на разгляд просьбу выключанага з партыі, якому пагражаў немінучы арышт, дык празь пяць месяцаў, у траўні 1937-га, ён ужо сам мусіў праяўляць пільнасьць. На аркушы пэрсанальнага нататніка пад грыфам «Сакрэтна» ён пісаў першаму сакратару ЦК Шаранговічу:

«Як высьветлілася пры праверцы і абмене дакумэнтаў, таварыш Лук’янчык, аказваецца, састаяў у БКА (так званая Беларуская камуністычная арганізацыя). У сьвятле апошніх матэрыялаў, якія паказваюць варожую дзейнасьць шэрагу членаў БКА, я лічу немэтазгодным знаходжаньне т. Лук’янчыка на пасадзе кіраўніка справаў СНК БССР і прашу Вас прыняць рашэньне бюро ЦК аб вызваленьні яго з пасады».

Галадзед выдатна ведаў, як разгортваюцца падзеі пасьля такой «просьбы». Тры месяцы перад тым, у лютым, ён сам дакладаў членам бюро ЦК дырэктыву ЦК ВКП(б) ад 13.02.1937: «Аб парадку арышту кіраўнікоў установаў, дырэктараў прадпрыемстваў і інжынэрна-тэхнічных работнікаў». Бюро адзінадушна пастанавіла дырэктыву «прыняць да ведама і выкананьня».

Мэмарыяльны знак Цішку Гартнаму
Мэмарыяльны знак Цішку Гартнаму
Подпісы Чарвякова, Галадзеда і іншых рэабілітаваных камуністаў стаяць на сотнях пастановаў бюро ЦК КП(б)Б — аб выкараненьні трацкістаў, нацыяналістаў і сіяністаў, сьвятароў і шпіёнаў, белапалякаў, бундаўцаў, гаспадарчых кіраўнікоў і ўласных супрацоўнікаў. Калі яшчэ Чарвякоў і Галадзед былі пры ўладзе, ва ўсю ішоў крывавы разгул гвалтоўнай калектывізацыі, нішчыліся пісьменьнікі і акадэмікі, звар’яцеў ад катаваньняў першы старшыня ЦВК Цішка Гартны...

Партыя бальшавікоў спачатку атрымала іх душы, а потым запатрабавала іх крыві. Апошнімі імгненьнямі жыцьця яны распарадзіліся так, каб ня даць любімай партыі ўласнаручнай асалоды забіць іх фізычна. Іх забіла сыстэма, якую яны самі будавалі, за якую галасавалі і якой дружна, разам з усімі рукапляскалі. Са стэнаграмы XVI зьезду КП(б)Б:

«Першы сакратар ЦК Шаранговіч: Чарвякоў ня вытрымаў той крытыкі, якая разгарнулася на нашым партыйным зьезьдзе з боку членаў партыі, крытыкі вострай і абсалютна правільнай. Раз скончыў самагубствам, як кажуць, туды яму і дарога!

У зале: Сьмех і воплескі».



Чытаць далей

АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА ГАРБАЧЭЎСКАГА

Беларуская гістарыяграфія ведае трох Гарбачэўскіх — дзекабрыста, этнографа, тэоляга. Сын селяніна зь Віцебшчыны Макар Давыдавіч Гарбачэўскі ў энцыкляпэдыі, падручнікі і манаграфіі дасьледнікаў не патрапіў, хоць без вывучэньня ягонага і падобных жыцьцяў наўрад ці можна зразумець і вытлумачыць гісторыю XX стагодзьдзя — гісторыю, якая яшчэ ня стала мінулым.

Цанава
Прыродныя бальшавікі
Тайная вячэра
«За кіпучай чэкісцкай работай».
Пеможцы сацспаборніцтва
Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
195 прозьвішчаў катаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG