Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XIІІ. Турма на Сікорскага


Бабруйская турма
Бабруйская турма

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Бабруйская папраўчая калёнія нумар 2, куды Алеся Бяляцкага накіравалі адбываць пакараньне, месьціцца на ўскраіне гораду на вуліцы Сікорскага. Раней тут адбывалі пакараньне палітвязьні, засуджаныя за ўдзел у Плошчы 19 сьнежня 2010 году — Зьміцер Дрозд, Сяргей Казакоў і Андрэй Пратасеня, а таксама Андрэй Кім, пакараны за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у 2008 годзе.

Сяргей Казакоў, згадваючы свой побыт у Бабруйскай турме, распавёў, што іншыя зьняволеныя там ставіліся да палітычных у асноўным прыязна:

«Там ёсьць добрая падтрымка, ёсьць людзі, якія сядзелі разам з намі, вязьнямі Плошчы, ёсьць знаёмыя зь іншымі былымі палітвязьнямі Андрэем Бандарэнкам, Васілём Лявонавым, Андрэем Кімам... Там усе ў курсе, хто і за што сядзіць, і палітычных толькі падтрымліваюць. Ёсьць шмат такіх, якія засьпелі ўсіх палітычных вязьняў, што сядзелі ў Бабруйску».
Сяргей Казакоў (зьлева) вярнуўся з Бабруйскай калёніі. Сустрэча на менскім вакзале. 13 жніўня 2011 году. Справа Анатоль Лябедзька
Сяргей Казакоў (зьлева) вярнуўся з Бабруйскай калёніі. Сустрэча на менскім вакзале. 13 жніўня 2011 году. Справа Анатоль Лябедзька

Паводле Сяргея Казакова, адміністрацыя калёніі абыходзілася з палітычнымі стрымана. «Хіба начальнік калёніі дазваляў сабе ціск. Іншыя вязьні за час адседкі бачаць гэтага начальніка адзін-два разы, а мяне выклікалі два разы на тыдзень, і ўсе гутаркі зь ім былі на падвышаных танах. Вядома, зьверху ад адміністрацыі ідзе ўказаньне прыціскаць нас, спыняць нейкія нашыя дзеяньні, але так яўна гэта ішло толькі ад яго».

Сяргей Казакоў прызнаў, што харчаваньне ў Бабруйскай калёніі кепскае. Пры ўзмоцненым рэжыме, як у Алеся Бяляцкага, вязьню дазволеныя тры перадачы ці пасылкі па 30 кіляграмаў за год, два доўгія спатканьні, падчас якіх таксама што-небудзь можна прынесьці — да 30 кіляграмаў. Яшчэ даецца дазвол на тры кароткатэрміновыя спатканьні, адно 15-хвіліннае тэлефанаваньне сваякам раз на тыдзень. Ёсьць магчымасьць нешта купіць у турэмнай краме на суму ад адной да пяці базавых велічынь — ад 35 да 175 тысяч рублёў у месяц (4–20 даляраў). Але прыдзірлівая адміністрацыя можа пазбавіць вязьня ўсіх гэтых магчымасьцяў. Калі вязень, як Бяляцкі, не прызнае сваёй віны, то ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці замена рэжыму ўтрыманьня на мякчэйшы да яго фактычна не ўжываецца.
Паведамленьне жонцы Алеся Натальлі пра турэмныя правы яе мужа ад адміністрацыі Бабруйскай калёніі
Паведамленьне жонцы Алеся Натальлі пра турэмныя правы яе мужа ад адміністрацыі Бабруйскай калёніі

«Думаю, Алеся будуць накіроўваць на працу. Мяне са Зьмітром Драздом прымушалі цягаць бярвёны, скалочваць з дошак паддоны і зьбіваць з аўтамабільных пакрышак гуму. Праўда, сэнсу апошняй працы я так і не зразумеў, але гэта прымушаюць рабіць усіх», — кажа Сяргей Казакоў.

Раней зьняволеных з Бабруйскай калёніі вазілі працаваць на мясцовы шынны камбінат, дзе для іх быў створаны адмысловы цэх. Цяпер камбінат адмовіўся ад паслуг зэкаў, і вязьні працуюць у калёніі: вырабляюць спэцвопратку, пагоны, шаўроны і розныя іншыя нашыўкі для сілавых структур. Але гэтым займаюцца ня ўсе, а толькі тыя, хто адбывае вялікія тэрміны, бо навучаньне займае шмат часу.

«Адназначна цяжка ў карантыне, два тыдні адразу пасьля прыбыцьця ў калёнію. А далей — як пашанцуе, гледзячы ў які атрад трапіш», — распавядае Сяргей Казакоў.

Пасьля трох тыдняў карантыну (адзін тыдзень дадала адміністрацыя) Бяляцкага накіравалі ў «швейны атрад» пад нумарам 14. У лісьце Алесь паведаміў, што шыць яго не прымушаюць, а даручылі ўпакоўваць гатовую прадукцыю.

На працу Алесь ходзіць штодня, акрамя нядзелі, то ў першую, то ў другую зьмену:

«У асноўным выварочваем і пакуем працоўныя рукавіцы, але часам і працоўныя робы, халаты, бэрэты і нават міліцэйскія пагоны. Праца фізычна няцяжкая, але „нятворчая“... Тут падобна да войска, толькі ў звальненьні не выпускаюць», — напісаў Алесь пра ўмовы ў калёніі. У вольны час ён чытае кнігі, незалежную і афіцыйную прэсу, якую яму выпісаў сябар Сяргей Сыс.
Жонка Бяляцкага Натальля і сястра Вольга прыехалі на першае спатканьне з Алесем у Бабруйскую калёнію
Жонка Бяляцкага Натальля і сястра Вольга прыехалі на першае спатканьне з Алесем у Бабруйскую калёнію

Усяго ў Бабруйскай калёніі сядзяць каля тысячы асуджаных. Яна была адкрытая ў 1964 годзе. На тэрыторыі ёсьць шыльда ў памяць гэтай падзеі. Апрача людзей, у калёніі «сядзяць» бабры, сымбаль гораду Бабруйску. Алесь налічыў тры фігуркі гэтых жывёл: адна ў карантыне ў турэмнай кепцы, другая — каля штабу (як напісаў Алесь — «мабыць, УДО (умоўна-датэрміновага вызваленьня) чакае», трэцяя ў прамысловай зоне сядзіць на газоне. Каля інтэрнату, дзе адбываюць пакараньне пэнсіянэры, растуць бярозы, пасаджаныя ў 1964-м, а яшчэ ёсьць добра дагледжаныя клюмбы з кветкамі і кустамі. У лісьце, які я атрымаў ад Алеся, ён піша:

«Калі ты хоць раз быў на тэрыторыі савецкай ці беларускай вайсковай часткі, пабудаванай у 70–80-я гады, то бачыў прыкладна тое, што зараз даводзіцца бачыць мне. Казармы тут па-цывільнаму называюць інтэрнатамі, над уваходам на наш паверх вісіць белая шыльдачка, на якой жоўтай фарбай напісана: «Общежитие отряда № 14».

Жывем мы ў сэкцыях — асобных пакоях, дзе стаяць двухпавярховыя ложкі, ёсьць стойка, на якой можна што-небудзь парэзаць (сала, хлеб), тумбачкі, шатня раскрытая, дзе нашая адзежа вісіць, паліца з кніжкамі. На вокнах ня краты, а фіранкі зь цюлю. А як выходзіш з сэкцыі — агульны калідор, у канцы — умывальнік і туалет. Тут жа пакой з лаўкамі і тэлевізарам. Закратаваныя толькі два вакны — кабінэт начальніка атраду і так званая «кашарка», дзе стаяць нашыя торбы-кешары (сумкі з прыватнымі рэчамі. — В.К.). Там жа стаіць лядоўня. Казарма нашая набліжаецца, я б сказаў, да працоўнага інтэрнату. У пакоях ня паляць.

А вось як выходзіш з пад’езду, то тут прастора паўз дом на ўсю ягоную даўжыню і шырынёй мэтраў восем абгароджаная жалезным плотам з форткаю. Гэта так званая «лакалка» — тэрыторыя атраду, дзе стаяць драўляныя лаўкі, ёсьць сушылка вопраткі пад дахам і турнік. Тут ты можаш пазаймацца фізкультураю, выпіць кавы на сьвежым паветры або пагуляць у даміно, нарды, шахматы ці «мандавошку». Я тут адціскаюся, падцягваюся і хаджу, у гульні не гуляю, не люблю.

І такіх будынкаў-казармаў шмат. А ёсьць яшчэ будынкі лазьні, сталоўкі, штабу, карантыну, клюбу, ёсьць яшчэ будынак, дзе КБО (камбінат бытавога абслугоўваньня. — В.К.) і бібліятэка. І ёсьць так званая «промка», прамысловая зона, куды мы ходзім працаваць. Там ужо ўсе ходзяць шыхтом, проста так, самавольна ад будынка да будынка не паходзіш. У сталоўку ходзім строем, а праверкі тройчы на дзень праходзяць у «лакалцы».

Калёнію ў параўнаньні з турмою зьняволеныя ўспрымаюць як палёгку. Тым, хто служыў у войску, калёнія і сапраўды нагадвае армейскія ўмовы. Тут, хоць і ў няволі, але можна жыць, дыхаць сьвежым паветрам, не адчуваць, што ты — у камэры, душнай і перанаселенай. Турма ў параўнаньні з калёніяй — няспынная пакута і выпрабаваньне».

8 чэрвеня Алесь напісаў мне ў лісьце з Бабруйскай калёніі:

«Учора я атрымаў трэцяе спагнаньне за год. Першае было яшчэ ў карантыне — за нестатутны абутак. Вынесьлі мне яго за дзень, як перавялі ў атрад, 21 сакавіка. Другое я атрымаў за дзень перад спатканьнем з жонкай, 16 траўня, за тое, што ў швачным цэху знаходзіўся без апазнавальнай шыльды-бэджа. А трэцяе за тое, што 2 чэрвеня заснуў у сэкцыі перад абедам. У выніку за апошняе парушэньне пазбаўлены доўгатэрміновага наступнага спатканьня, якое прадугледжанае Крымінальна-выканаўчым кодэксам.

Таксама з наступнага месяца я буду абмежаваны ў закупах у лаўцы — да 100 тысяч рублёў. А зараз было 500 тысяч. І, хутчэй за ўсё, хоць пра гэта рана яшчэ казаць, бо няма тэксту амністыі, але, хутчэй за ўсё, як „злоснага парушальніка“ амністыя мяне ня будзе датычыць.

Застаецца толькі дадаць, што мае „Абавязаньні“ выконваць Крымінальна-выканаўчы кодэкс і падпарадкоўвацца Правілам унутранага распарадку пакуль што яшчэ не зацьверджаныя. Таму, як тут гавораць на мясцовым слэнгу, я зараз „без папераў“.

Апрача таго, Крымінальна-выканаўчым кодэксам прадугледжанае добраахвотнае ўступленьне зьняволеных у СА (самадзейнае аб’яднаньне). Дык вось, улічваючы гэтую добраахвотнасьць, я туды яшчэ не ўступіў, бо я і так сябра многіх арганізацыяў і аб’яднаньняў, у тым ліку БАЖ, Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы і Беларускага ПЭН-цэнтру, так што СА для мяне было б ужо занадта».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG