Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15


У старажытныя часы на нашай зямлі для чалавека ў экстрэмальных умовах (як, напрыклад, вайна) вызначальным у прыняцьці важных рашэньняў быў прынцып: ня зганьбіць свой род.

Юры Бандажэўскі

Паводле псыхааналітыкаў, многія нашы спантанныя (як добрыя, так і дрэнныя) учынкі – адлюстраваньне нашай сямейнай (нацыянальнай) падсьвядомасьці. Любому чалавеку ў пэўныя экстрэмальныя моманты паступаюць з глыбокай падсьвядомасьці, на інстынктыўным узроўні, сыгналы ад продкаў. У родзе ў кожнага чалавека – героі ды каты. Да мінулага стагодзьдзя радавод перадаваўся нашчадкам з пакаленьня ў пакаленьне. Лепшыя прадстаўнікі роду былі заўсёды ўзорам для сямейнага выхаваньня.

Вы ня маеце радаводу? Тады зазірніце ў гісторыю свайго народу. Многія яго старажытныя героі маглі быць вашымі далёкімі продкамі.

Тэхніка «Сіла вашага роду»

Заплюшчыце вочы і ўявіце, што побач з вамі і ўсе вашы сваякі. Вы іх бачыце ўсіх адразу. Усе разам вы як дрэва, у якога шмат моцных, раскідзістых галін. І вы — адна з гэтых галін. У вашых жылах цячэ кроў многіх пакаленьняў вашых продкаў, іх гены — вашы гены. А цяпер вызначце найлепшага з роду і зьліцеся зь ім. Акуніцеся ў ягонае жыцьцё. Як ён працаваў? Як ён перажываў перамогі і паразы? Адчуйце сілу ягонага духу так, каб яна стала вашай сілай. А цяпер паспрабуйце падысьці да іншых абраных вамі прадстаўнікоў роду. Зьвярніцеся да іх, папрасіце падтрымкі і абароны. Калісьці і вас ня стане на гэтай Зямлі, і вы для кагосьці станеце анёлам-ахоўнікам. І вашы нашчадкі будуць успамінаць вас, ганарыцца вамі. Дык папрасіце гэтую сілу зараз у сваіх продкаў. Падзякуйце ім і разьвітайцеся. Зрабіце глыбокі ўдых, выдых — і вярніцеся ў гэты сьвет.

Заплюшчыце вочы і ўявіце, што вы плаўна заглыбляецеся ў сон у сваёй пасьцелі. Вы праваліліся ў глыбіні свайго «я», апускаючыся да досьведу сваёй генэтычнай памяці.



Тэхнікі «Воўк», «Паплавок»

Гэтыя тэхнікі таксама спрыяюць выжывальнасьці ў экстрэмальных умовах.

Змрок. Вы распускаецеся ў цемры. Вы і ёсьць цемра. Але вось далёка-далёка наперадзе зьявілася сьвятло. Яно робіцца ўсё ярчэйшым і ярчэйшым, вы трапляеце ў зону сьвятла ў бязьмежным стэпе.

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Вы — воўк. Вы адчуваеце свае магутныя лапы, моцныя іклы, гнуткае цела. Вы магутны і моцны драпежнік. Вы імчыцеся па стэпе, і для вас ён — дом родны. Але раптам вы заўважаеце — за вамі гоняцца тры мацёрыя ваўкі. Сама сьмерць нясецца за вамі па пятах. Ад пагоні не ўцячы, і вы раптам паварочваецеся да іх зь цьвёрдым намерам іх зьнішчыць. Вы адчуваеце магутны прыліў энэргіі. Вы накідваецеся на першага ваўка і разьдзіраеце яму горла. Бяжыце на другога і перагрызаеце яму лапы. Але самы дужы, трэці воўк упіваецца ікламі вам у бок. Вас захлістваюць востры боль і злосьць, якія імгненна пераходзяць у разьюшанасьць, і вы загрызаеце апошняга праціўніка да сьмерці.




На стэп апусьцілася ноч, і поўня залівае ўсё навокал халодным сьвятлом. І раптам вы, гледзячы на месяц, пачынаеце выць старажытным выцьцём магутнага драпежніка. Вам самому яно і жудаснае, і незразумелае. Выцьцё пераходзіць у трымценьне. Але гэтае трымценьне паступова запаўняе ваша цела і душу ўпэўненасьцю і сілай. Вы аказаліся дужэйшы за трох ваўкоў! Цемра гусьцее. Вы кладзяцеся на зямлю і засынаеце. І прачынаецеся тут і цяпер — дужым, спрытным, упэўненым у сабе чалавекам.

Уявіце сабе бурнае мора, коцяцца магутныя валы хваляў, шторм, ураган. Раптам ваш позірк выхоплівае паплавок, які зьнікае пад вадой і зноў узьлятае на грэбень хвалі. Уявіце, што вы і ёсьць гэты паплавок, а бурнае мора — ваша жыцьцё.



На вас набягаюць хвалі жыцьцёвых нягод, але вас не патапіць. Вы зноў і зноў усплываеце на паверхню. Ваша ўпэўненасьць і ўдача напаўняюць гэты паплавок і выштурхоўваюць яго на паверхню. Нарэшце мора, не адолеўшы вас, супакойваецца, з-за хмар паказваецца сонца, і вы — паплавок — напаўняецеся сонечнымі прамянямі ўдачы. Вы перажылі чарговы шторм у сваім жыцьці і выйшлі пераможцам. Уявіце сябе наступныя ўраганы, якія могуць быць у вашым жыцьці, і зь іх вы таксама выйдзеце пераможцам, непатапляльным паплаўком.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG