Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VIII. Хто ўзарваў мэтро? Чорная торба з надпісам «West»


Здымак камэры назіраньня на станцыі «Купалаўская»
Здымак камэры назіраньня на станцыі «Купалаўская»

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Прысуд, ст. 84. «Выкладзеная Кавалёвым у судзе пазыцыя, што ён не цікавіўся тым, што было ў торбе, і меркаваў, што ў ёй неабходныя штодзённыя рэчы Канавалава Д.Г., ёсьць прыдуманаю, паколькі вага, аб’ём і шчыльнасьць напаўненьня торбы не маглі рэальна ўспрымацца як напаўненьне бытавымі рэчамі для трохдзённай паездкі. За час знаходжаньня ў Менску Канавалаў не пераапранаўся, не карыстаўся якімі-небудзь рэчамі з торбы, што таксама бачыў Кавалёў».

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Ужо адна гэтая цытата з прысуду сьведчыць, што суд адназначна прызнаў: у торбе, зь якой у Менск прыехаў Канавалаў, была бомба, якая і выбухнула ў менскім мэтро 11 красавіка.

Падрабязнасьці пра торбу Канавалава ўдзельнікі працэсу пачулі ўжо на другі дзень, калі пачаў даваць паказаньні Ўладзіслаў Кавалёў.

10 красавіка Кавалёў, паводле ягоных паказаньняў, сустрэў Канавалава на Менскім чыгуначным вакзале. Дакладней, гэта Канавалаў чакаў Кавалёва, бо той да прыходу віцебскага цягніка спазьніўся і Канавалаў, сышоўшы зь цягніка, чакаў, як дамовіліся праз тэлефон, сябра ў вэстыбюлі вакзалу на першым паверсе. Уладзіславу Кавалёву ў судзе задаваў удакладняльныя пытаньні дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук.

Кавалёў: «Падышоў, павіталіся, узяў торбу дзьвюма рукамі...»

Стук: «Торба была цяжкая?»

Кавалёў: «Так. Паспрабаваў закінуць на плячо... Удалося».

Стук: «Якая была рэакцыя Канавалава?»

Кавалёў: «Нічога асаблівага... Нічога не сказаў».

Стук: «І што далей?»

Кавалёў: «Зьняў торбу з пляча, і далей панесьлі ўдвух за абедзьве ручкі».

Стук: «А чаму далей удвух? Вы ж ужо закінулі на плячо, ну і несьлі б адзін?»

Кавалёў: «Панесьлі і панесьлі, гэтак атрымалася».

Стук: «Вы кажаце, торба была цяжкая. А што ў ёй было, вас зацікавіла?»

Кавалёў: «Не, я не разважаў, што ў торбе. Панесьлі, і ўсё».

Аднаўляю гэты дыялёг з запісаў у журналісцкім блякноце і па памяці, бо стэнаграмы працэсу ня маю. Чаму зьвяртаю ўвагу менавіта на гэты эпізод? Бо ўпершыню на працэсе асабіста адчуў, што Кавалёў нібыта нешта недагаворвае, а пракурор яго на гэтым спрабуе злавіць, але да канца не раскрывае свае карты. Усё зрабілася больш зразумелым пасьля таго, як былі агалошаныя паказаньні Кавалёва адносна гэтых жа падзей, дадзеныя на сьледзтве.



«Ён сказаў, каб я апусьціў торбу», — гэтак на допыце падчас сьледзтва Кавалёў патлумачыў, чаму не адзін панёс торбу, а апусьціў яе долу і далей нёс разам з Канавалавым. І гэта выглядала больш лягічна, бо далей, паводле Кавалёва, Канавалаў паведаміў яму, што ў торбе бомба.

Гэта адбылося, калі абодва выйшлі з будынка вакзалу на Прывакзальную плошчу і зайшлі ў пераход. Там Кавалёў раскрыў замок торбы, разарваў каляровую паперу над дзьвюма бутлямі з выбухоўкай. Тут варта зьвярнуцца да прысуду, каб зафіксаваць дэталі.

Прысуд, ст. 63. «Абвінавачаны Кавалёў У.Ю. на папярэднім сьледзтве ў сваіх паказаньнях, у тым ліку на вочнай стаўцы з Канавалавым, указваў, што пасьля таго як у Канавалава раніцай зьнялі адбіткі пальцаў, і ведаючы, што на бомбе, якая не разарвалася ў 2008 годзе, засталіся ягоныя адбіткі пальцаў, Канавалаў Д.Г. запанікаваў. Канавалаў Д.Г. 9 красавіка 2011 году пазваніў яму і сказаў, што зьбіраецца прыехаць да яго ў Менск і ўчыніць выбух. Дамовіліся, што ён сустрэне Канавалава на вакзале. Ён сустрэў Канавалава. У таго была чорная торба, якую ён узяў у рукі і паспрабаваў ускінуць на плячо. Торба аказалася цяжкай, і Канавалаў папярэдзіў, каб ён з торбай абыходзіўся акуратней. Калі засталіся на плошчы, Канавалаў сказаў, што ў торбе выбуховае прыстасаваньне, якое ён ужо даўно плянаваў узарваць у мэтрапалітэне».

Прапусьцім абзац з паказаньняў Кавалёва пра іншыя падзеі і зноў вернемся да торбы.

«У падземным пераходзе на шляху да мэтро ён адкрыў торбу і адарваў кавалак паперы. Убачыў 2 плястыкавыя бутэлькі 3—5-літровыя, закрытыя і заклееныя скотчам і паперай. Бутэлькі былі напоўнены рэчывам жоўтага колеру. Торба важыла каля 15–20 кіляграмаў. Дзьмітрый патлумачыў, што гэта бомба. Пасьля гэтага ён (Канавалаў) схадзіў на вакзал, набыў газэту, па якой Дзьмітрый арандаваў кватэру. Для тэлефонных званкоў Дзьмітрый прасіў ягоны тэлефон і сказаў, што баіцца, што празь ягоны тэлефон яго могуць вылічыць, таму ён свой тэлефон адключыў. Пасьля гэтага яны ўдвох, кожны за сваю ручку, узялі торбу і паехалі да месца арэнды меркаванай кватэры».

Яшчэ пра прыкметы торбы Канавалава. Дзеля гэтага вернемся больш як на дзень назад. Вечар 9 красавіка, Віцебск. Ужо знаёмая нам сьведка Тацяна Вусава, віцебская прадпрымальніца, запомніла Канавалава якраз па тым, як акуратна ён абыходзіўся зь яўна цяжкай торбай, якую прынёс на арандаваную кватэру. «Паставіў торбу на падлогу вельмі асьцярожна, было бачна, што там нешта цяжкае. Я яшчэ падумала, што хіба там бутэлькі, бо гэтак часта бывае, калі арандуюць на ноч кватэру, каб добра пагуляць. Але ў торбу потым не залазіла і не глядзела, што там».



Раніцай 10 красавіка Канавалава падвозіў да вакзалу таксіст Максім Маскалёў. Той бачыў і запомніў торбу, бо падымаў яе, загружаючы ў багажнік свайго аўтамабіля. Колер торбы сьведка вызначыў як «шэры», аб’ём — «70 сантымэтраў на 40 на 30», вагу — «20–25 кіляграмаў».

І, нарэшце сьведка Аліна Фёдарава, адзіная, хто сказала пра Канавалава, што нібыта бачыла яго на станцыі «Кастрычніцкая» непасрэдна перад выбухам. «Запомніла яго, бо ён нэрваваўся, перакладаў торбу з рукі ў руку, потым ён пайшоў наверх, па лесьвіцы». «Ці была ў яго ў руках торба ў гэты момант?» — запытаў пракурор. «Ня памятаю», — сказала сьведка. Увогуле, убачыўшы Канавалава ў судзе, Аліна Фёдарава сказала, што ён «падобны» да таго чалавека, якога яна бачыла ў мэтро, але з пэўнасьцю сьцьвярджаць гэта ня можа. «Два месяцы пасьля тэракту я не магла нармальна спаць, спала на таблетках», — паведаміла пра свой стан здароўя сьведка. Адметна, што ў прысудзе яе паказаньні ня згадваліся.

А вось што распавёў пра торбу асуджаны Дзьмітрый Канавалаў падчас першага допыту, раніцай 13 красавіка. Сваю віну ў тэракце Канавалаў на той момант цалкам прызнаваў. У судзе зачыталі пратакол допыту, а потым прагледзелі яго відэазапіс. Кіраўнік сьледчай групы Швед пытаецца ў Канавалава: «Што вы ведаеце пра выбух у мэтро?» Канавалаў на гэта адказвае: «Тое, што гэта я зрабіў. Прынёс торбу і зрабіў гэта, адзін». Далей Канавалаў распавядае, дзе, як і з чаго зрабіў бомбу. Сьледчы Швед пытаецца ў падазронага: дзеля чаго яму гэта спатрэбілася? Гучыць адказ: «Нічога асабістага». — «А дзеля чаго?» — «Ня буду адказваць на гэтае пытаньне». Швед: «Каб максымальна забіць людзей?» — «Так». — «Вам не шкада было жанчын, дзяцей?» — «Ня буду адказваць на гэтае пытаньне».

Як бачым, пра торбу на тым допыце згадана мімаходзь, толькі як пра сродак дастаўкі бомбы ў мэтро.

Пазьней, на вочнай стаўцы з Кавалёвым, Канавалаў пацьвердзіць расповед пра тое, як яго сустрэў Кавалёў на менскім чыгуначным вакзале, і як яны ўдвух панесьлі яе ў мэтро, каб даехаць да станцыі «Фрунзенская», бліжэй да арандаванай кватэры на вуліцы Караля. Пра бомбу Канавалаў сказаў, што Кавалёў нічога ня ведаў.



Том справы 507. З пратаколу затрыманьня Канавалава Д.Г. 23.00 12 красавіка 2011 году

У Канавалава знойдзена: пашпарт на ягонае імя, чыгуначны білет ад 10.04 зь Віцебску ў Менск, бальнічны ліст ад 05.04, мабільны тэлефон, сім-карта, батарэя, 480 тысяч беларускіх рублёў, ключы зь бірулькай, праязны білет на тралейбус, жэтоны мэтро, капсулы зь белым парашком — 20 штук«.

У судзе быў зачытаны ліст № 10 з гэтага тома, паводле якога рэчы Канавалава прызнаныя рэчавымі доказамі.

У прысудзе торба Канавалава некалькі разоў фігуруе падчас пераказу падзей 10-11 красавіка з удзелам Канавалава і Кавалёва.

Прысуд, ст. 61. «Для падрыву выбуховага рэчыва вырабіў электрадэтанатар зь лямпачкі, перакісу ацэтону — „кісы“ і электроннага званка „Космас“. У якасьці элемэнтаў для паражэньня выкарыстаў нарэзаныя кавалкі арматуры, шарыкі, цьвікі, ролікі.

Усё гэта склаў у чорную спартовую сумку з надпісам „Вест“
(мова паводле тэксту прысуду – А.Г.) . Торбу з выбуховым прыстасаваньнем 10 красавіка 2011 году прывёз у горад Менск, дзе на чыгуначным вакзале яго сустрэў Кавалёў У.Ю. Кавалёву ён паведаміў, што вязе бомбу. Кавалёў У.Ю. адкрыў торбу, разарваў паперу і ўбачыў, што ў торбе выбуховае прыстасаваньне. Кавалёў У.Ю. набыў газэту „Из рук в руки“, каб арандаваць кватэру. Па аб’явах тэлефанаваў з тэлефона Кавалёва У. Ю., каб яго не маглі вылічыць. Удвух узялі торбу і пайшлі ў мэтрапалітэн. Адназначна сьцьвярджае, што ў той дзень Кавалёў У.Ю. ведаў, і ён яму казаў пра гэта, што бомбу ўзарве на станцыі мэтрапалітэну. Кавалёў У.Ю. дапамог яму данесьці торбу да месца жыхарства — кв.50, д.9А па вул. Караля, якая была нанятая часова ў бюро па арэндзе кватэр. Пакінулі торбу ў кватэры, схадзілі па сьпіртовыя напоі і закуску, прыйшлі ў кватэру і пачалі расьпіваць сьпіртовыя напоі. Падчас ужываньня сьпіртнога паказаў Кавалёву пульт, з дапамогай якога зьбіраўся прывесьці ў дзеяньне выбуховае прыстасаваньне. Кавалёў У.Ю. узяў пульт у рукі са сваёй ініцыятывы, пачаў націскаць кнопку, ён забраў у Кавалёва пульт і паклаў у торбу».

Гэтыя прызнаньні Канавалава, паводле суду, сьведчаць і пра тое, што Кавалёў ведаў пра будучы выбух у мэтро ўжо 10 красавіка, не перашкодзіў гэтым плянам, а наадварот, спрыяў іх ажыцьцяўленьню.

Што торба з надпісам «Vest», зь якой Канавалаў прыехаў у Менск зь Віцебску, ёсьць сродкам маскіроўкі і дастаўкі бомбы, прызнала комплексная выбуховатэхнічная экспэртыза адмыслоўцаў інстытуту крыміналістыкі ЦСТ ФСБ Расеі ад 25.05.2011 г. У прысудзе ёсьць адпаведная спасылка.

Прысуд, ст. 78. «сродак маскіроўкі і дастаўкі выбуховага прыстасаваньня — торба з сынтэтычнай лаўсанавай тканіны чорнага колеру памерам ня менш як 15 літраў».

Абвінавачаныя і сьведкі па-рознаму вызначалі колер торбы, зь якой Канавалаў прыехаў зь Віцебску ў Менск і якую прынёс у мэтро 11 красавіка. А адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей у спрэчках шмат увагі аддаў надпісу «Vest» белага колеру на торбе. (Паводле адваката, на адным зь відэа гэтага надпісу на торбе не было.) Сама торба ў паказаньнях сьведкі таксіста Маскалёва была шэрая, у паказаньнях сяброўкі Канавалава Пачыцкай — цёмна-блакітная, а паводле паказаньняў гаспадыні кватэры ў Віцебску і саміх абвінавачаных — чорная. Як чорны азначылі колер торбы і экспэрты, якія вывучалі відэадоказы, і тыя экспэрты, якія абсьледавалі рэшткі торбы, знойдзеныя пасьля выбуху на станцыі «Кастрычніцкая». Суд у выніку вырашыў, што гаворка ідзе пра адну і тую ж торбу. Разыходжаньні ў паказаньнях суд патлумачыў гэткім чынам.

Прысуд, ст.64. «Паказаньні Маскалёва і Пачыцкай пра колер торбы, якая была ў Канавалава, шараватага і цёмна-блакітнага колеру адпаведна, тлумачацца ўспрыманьнем кожным зь іх чорнага колеру торбы, а таксама рознымі ўмовамі асьвятленьня, пры якіх яны бачылі гэтую торбу, і не абвяргаюць факту наяўнасьці ў Канавалава цяжкай торбы чорнага колеру, якая закрываецца маланкай, з ручкамі па баках і надпісам „Вест“ на адным баку, у якой знаходзілася вырабленае Канавалавым выбуховае прыстасаваньне. Пры гэтым пра чорны колер торбы, акрамя Канавалава, далі паказаньні Кавалёў і сьведка Вусава».


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG