Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ заклікаў Беларусь не прымаць рэпрэсіўныя папраўкі ў законы


Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Менску, са згоды кіраўнікоў місій краін ЭЗ, выступіла з заявай, у якой зьвярнулася да беларускіх уладаў з заклікам не прымаць законапраекты, якія могуць абмежаваць правы і свабоды грамадзян Беларусі.

"Прадстаўніцтва ЭЗ з занепакоенасьцю прыняло пад увагу разгляд некаторых заканадаўчых актаў, прыняцьце якіх жорстка абмежавала б свабоды і правы грамадзян Беларусі і ўяўляла б сабой крок назад, з пункту гледжаньня захаваньня Беларусьсю правоў чалавека і вяршэнства права", – гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЭЗ.

У прыватнасьці, прадстаўніцтва ЭЗ занепакоена тым, што прыняцьце праекту закону, які ўносіць папраўкі ў закон аб грамадзкіх аб'яднаньнях і іншыя законы, якія рэгулююць палітычную дзейнасьць, "прывяло б да ўзмацненьня ціску на грамадзянскую супольнасьць і палітычную апазыцыю". Пры гэтым у заяве адзначаецца, што грамадзянская супольнасьць і апазыцыя "ужо дзейнічаюць у складаных умовах і ад іх патрабуюць абмежаваньняў пры рэгістрацыі".

Акрамя таго, заяўляюць у прадстаўніцтве ЭЗ, прыняцьце паправак у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах "прывяло б да далейшага абмежаваньня правоў грамадзян Беларусі, а таксама свабоды выражэньня і сходаў".

"Прадстаўніцтва ЭЗ занепакоена абмеркаваньнем праекту закону аб органах дзяржаўнай бясьпекі, які ўяўляе сабой пагрозу фундамэнтальным свабодам, і прыняцьце якога значна пашырыла б паўнамоцтвы КДБ, не надаўшы пры гэтым адпаведнай увагі праблеме прапарцыянальнага выкарыстаньня сілы", – гаворыцца ў заяве.

У заяве таксама падкрэсьліваецца, што "прадстаўніцтва ЭЗ заклікае Беларусь не прымаць гэтыя законапраекты". "Прадстаўніцтва заклікае Беларусь ісьці па шляху да забесьпячэньня свабоды выражэньня, асацыяцый і сходаў грамадзян краіны, у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, у тым ліку – праз садзеяньне дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці і палітычных партый у краіне".

Савет Рэспублікі мае разгледзець ухваленыя 3 кастрычніка Палатай прадстаўнікоў папраўкі ў пятніцу 21 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG