Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайна мядовага месяца


Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Наступныя запісы ў дзёньніку Освальда ўражваюць як датай, гэтак і зьместам.

Дзёньнік Освальда
1 траўня 1961

Думаем пра сваю будучыню. Нягледзячы на тое, што я ажаніўся з Марынай, каб насаліць Эле, я закахаўся ў Марыну.


Марына раўнавала Освальда – але не да Элы.

З успамінаў Марыны Освальд

Травень быў мядовым месяцам. Вядома, мы абое працавалі, але былі вольныя пасьля 5 вечара і ў нядзелі. Хадзілі ў рэстараны, па-першае таму, што я ня мела часу гатаваць і, па-другое, ня ўмела. Ён і я любілі клясычную музыку. У нас было шмат кружэлак Чайкоўскага, ён быў улюбёным кампазытарам Лі, а таксама Грыга, Ліста, Рымскага-Корсакава, Шумана. Улюбёная опэра Лі была “Пікавая дама”... я нават раўнавала яго да гэтай опэры. Пасьля працы ён адразу ставіў кружэлку ня раз, а некалькі разоў.


Освальд таксама запісаў свае травеньскія перажываньні – але музыку ня згадваў.

Дзёньнік ЛГО
Канец траўня 1961

Пераход ад стану поўнай закаханасьці ад Элы да Марыны быў вельмі балючы, асабліва таму, што я штодня бачыўся з Элай на заводзе. Але міналі дні і тыдні, і я ўсё больш псыхалягічна прызвычайваўся да сваёй жонкі. Я яшчэ не сказаў жонцы пра жаданьне вярнуцца ў ЗША. Яна страшэнна ў мяне закаханая зь першага позірку. Катаньні на лодцы па Менскім возеры, прагулкі па парках, вечары дома ў цёткі Валі вызначаюць травень.


У траўні прыйшла адмова з Унівэрсытэту дружбы народаў, куды Освальд спрабаваў паступіць – унівэрсытэт браў студэнтаў з краінаў трэцяга сьвету, Освальду рэкамэндавалі зьвяртацца ў любую іншую ВНУ. Але навучаньне яго ўжо не цікавіла. Ён зрабіў іншы выбар і трымаў яго ў таямніцы.
Ліст з Унівэрсытэту Патрыса Лумумбы

Освальд маўчаў пра намер як мага хутчэй зьехаць у ЗША і перад вясельлем, і два месяцы пасьля.

Мэйлер назаве рашэньне нічога не сказаць пра гэта Марыне і яе сваякам самым вялікім падманам Освальда.

На гэта сумнеўнае першынство зь ня меншым правам прэтэндуе і маўчаньне пра маці і брата – Освальд казаў Марыне, што ня мае сваякоў.

Дзёньнік ЛГО
Чэрвень 1961

Працяг траўня, з той розьніцай, што мы становімся бліжэйшымі і бліжэйшымі, і я вельмі мала думаю цяпер пра Элу. Напрыканцы месяца я адкрываю сваё жаданьне вярнуцца ў Амэрыку. Мая жонка трохі зьдзіўленая. Але затым падтрымлівае мяне, каб я рабіў, што хачу. У ліпені я вырашыў узяць два тыдні адпачынку і паехаць у Маскву (без дазволу міліцыі) у амэрыканскую амбасаду. Каб уведаць наконт атрыманьня майго амэрыканскага пашпарту і зрабіць захады, каб мая жонка магла зьехаць у Злучаныя Штаты са мной.


КДБ не перашкаджаў Освальду. Усё роўна той не хацеў браць савецкага грамадзянства – так генэрал “Гузьмін” патлумачыў Мэйлеру.

Дзёньнік ЛГО
8 ліпеня 1961

Я лячу самалётам ІЛ-20 зь Менску, праз 2 гадзіны 20 хвілін пасьля сьлёзнага і нэрвовага разьвітаньня з жонкай я прылятаю ў Маскву, аўтобусам ад аэрадрому дабіраюся да цэнтру. Зь цяжкасьцю рухаючыся праз затораныя вуліцы, дабіраюся да амбасады толькі а 3:00. Сёньня субота, што, калі закрыта? Офісы пустыя, але мне ўдаецца зьвязацца са Снайдэрам па тэлефоне (усе супрацоўнікі жывуць у тым самым будынку). Ён спускаецца павітацца, цісьне руку, пасьля гутаркі кажа прыйсьці адразу з раніцы ў панядзелак.


Інтэрвію. 9 ліпеня атрымліваю пашпарт. Выклікаю Марыну таксама ў Маскву.*

Амэрыканская амбасада ў Маскве – Дзярждэпартамэнт, Вашынгтон
11.07.61

Тэма: Грамадзянства і пашпарт Лі Гарві Освальда

Дваццаць месяцаў рэаліяў савецкага жыцьця яўна дапамаглі Освальду пасталець. Ён адкрыта сказаў, што гэта для яго быў цяжкі ўрок, атрыманы цяжкім спосабам, і што ён цалкам пазбавіўся ілюзіяў адносна Савецкага Саюзу і адначасна набыў новае разуменьне і ацэнку Злучаных Штатаў і сэнсу свабоды. Задзірыстасьць і бравада, якія характарызавалі яго падчас першага візыту ў амбасаду, здаецца, пакінулі яго.


Пасьля пасьпяховага інтэрвію ў амбасадзе Освальды вярнуліся ў Менск.

Дзёньнік ЛГО
15 ліпеня 1961

Марына на працы ў шоку – аказваецца, на працы ўсе ведаюць, што яна была ў амбасадзе ЗША. Ім пазванілі з Масквы, нейкае начальства. Кіраўніцтва правяло сход, на якім ёй моцна перапала. Першая з мноства “прапрацовак”.


Ліст ЛГО ў амбасаду ЗША ў Маскве
15.07.61

Як мне было сказана, я пішу, каб паведаміць аб тым, як ідзе атрыманьне візы. Мы наведалі мясцовы АВІР, і вынікі небезнадзейныя. Аднак, на месцы працы маёй жонкі адбылося некалькі незвычайных і жорсткіх падзеяў. Пакуль мы былі ў Маскве, начальству паведамілі, што мы хадзілі ў амэрыканскую амбасаду па візы. Затым адбыўся сход паводле звычайнага ўзору "вораг народу", на якім яна адсутнічала, але была асуджаная, а яе сябровак на працы папярэдзілі, каб не размаўлялі зь ёй. Аднак гэтая тактыка не дала выніку, і мая жонка добра трымалася, ня лезучы на ражон.


Марыну ня звольнілі. Яна працягвала хадзіць на працу ў 3-ю клініку – яна была членам калектыву, членам прафсаюзу, членам камсамолу.

Зь ёй трэба было “працаваць”. Але мэтамарфозу, якая пачалася, ужо нельга было спыніць. На мове энтамалёгіі гэта называецца “імага” – дарослая, дэфінітыўная стадыя разьвіцьця, калі крылы матылька распраўляюцца, цьвярдзеюць і набываюць канчатковую афарбоўку.

Замест нерухомай, уразьлівай, лёгкай для здабычы кукалкі – палёт.

------------------------------------------------------------
*Памылка. Правільна 10 ліпеня.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG