Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найважнейшае з мастацтваў


“Бабета ідзе на вайну”
“Бабета ідзе на вайну”
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У дакумэнтах КДБ зафіксаваныя фільмы, якія Освальд глядзеў у верасьні 1960-га:

4 верасьня: “Вецер” у кінатэатры “Летні”
6 верасьня: “Бабета ідзе на вайну” ў кінатэатры “Мір”
7 верасьня: “Партызанская іскра” ў кінатэатры “Перамога”
8 верасьня: “Бабета ідзе на вайну” ў кінатэатры “Мір”
9 верасьня: “Камандзір атраду” ў кінатэатры “Летні”

Освальд хадзіў на позьнія сэансы – усе пачыналіся пасьля 8-й вечара, а француская “Бабета” ўвогуле а 10-й.

4 верасьня – нядзеля (пасьля кіно Освальд яшчэ схадзіў на танцы ў Дом афіцэраў). Затым – аўторак, серада, чацьвер, пятніца. На працягу тыдня францускую стужку Освальд глядзіць двойчы. Галоўную ролю ў камэдыі грала 25-гадовая Брыджыт Бардо, якая імгненна завалодала сэрцамі ня толькі мужчынскай часткі заляў, але й жаночай. Ня толькі фрызура “бабета” імгненна стала моднай, усё а-ля Брыджыт Бардо -- лёгкасьць, манеры, усьмешка і сьмех сталі ўзорам для дзяўчат. Менск, як Освальд хутка пераканаецца, ня быў выключэньнем.

У кожным кінатэатры наведнікаў сустракала цытата Леніна: “З усіх мастацтваў для нас найважнейшым зьяўляецца кіно!”.*

У кіно Освальд пачаў хадзіць адразу пасьля прыезду ў Менск – і адзін, і зь дзяўчатамі, і час правесьці, і мову вучыць. Перад сэансам круцілі чорна-белыя выпускі кіначасопісу “Савецкая Беларусь”.

Там паказвалі перадавікоў семігодкі, якую тыя абяцалі выканаць за пяць гадоў, кадры зь перадавога саўгасу, асобны сюжэт быў прысьвечаны менскаму фэстывалю кінамастацтва (але давалі ня ўрыўкі зь фільмаў, а
Кандрат Крапіва

прэзыдыюм, які апэратары маглі здымаць з заплюшчанымі вачыма), расказвалі пра модны капрон, на экране бегалі футбалісты (менскае “Дынама” выйграла ў ЦСКА). Освальд мог пабачыць Кандрата Крапіву, які разразаў стужку на адкрыцьці музэя Янкі Купалы, новы помнік партызанам...

Адзін з выпускаў адкрываўся сюжэтам пра юбілей, як бы сёньня сказалі, гендэрнага сьвята. Раз на год дзяржава лічыла патрэбным афіцыйна заявіць, што жанчыны таксама людзі. На фоне бравурнай музыкі закадравы голас абвяшчаў:

У Менску адбыўся ўрачысты сход, прысьвечаны 50-годзьдзю міжнароднага жаночага дня.

Сход адкрыла дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Мацюшка. Са слаўнай гадавінай беларускіх працаўніц цёпла віталі сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Шаўра, вядомы сталявар аўтазаводу Барашкін, доктар біялягічных навук Чаркасава і другія таварышы.


Камэра дае панараму прэзыдыюму, у якім пераважаюць мужчыны, і залі, дзе жанчын больш, але на першым пляне зусім не яны. Буйны плян на залю даецца двойчы, і абодва разы з адной кропкі, таму ў кадры заўсёды цалкам відаць толькі адну жанчыну гадоў трыццаці, з зачасанымі назад хвалістымі валасамі і бліскучымі завушніцамі, у чорнай сукенцы з кароткім рукавом, зь неглыбокім дэкальтэ, якое завяршае вялікая круглая брошка. Вакол яе старэйшыя таварышы – у больш строгіх сукенках з адкладнымі белымі каўнярамі і шалямі.

Жанчына з завушніцамі ведае, што яе здымаюць, і зь нечалавечай засяроджанасьцю ні разу не міргае, напружана гледзячы на сцэну.

Кадар, па ўсіх законах мантажнага кіно, перабівае цягнік. Ну, не зусім цягнік – пад бой барабанаў, са сьцягамі над галавой у праход паміж крэсламі імкліва ўрываецца і пераразае экран атрад дзяцей.

Павіншаваць жанчын прыйшлі піянэры. Яны горача віталі слаўных працаўніц, барацьбітоў за мір і шчасьце, -- кажа дыктар.

Канец сюжэта – на ўсё пра ўсё 40 сэкундаў.

Аўтары клясычна выканалі задачу: тут і жанчына-дэпутат, і сакратар кампартыі, перадавік цяжкай індустрыі і жанчына-прафэсар, і, канечне, дзеці – наша будучыня.

Зь піянэрамі ўсё ясна – закінулі букеты на стол прэзыдыюму, памахалі ў паветры сьцяжкамі і пайшлі, як і кляліся, далей “горача любіць сваю Радзіму, жыць, вучыцца і бароцца, як завяшчаў вялікі Ленін, як вучыць Камуністычная партыя”.

І з кіношнікамі таксама ясна – пайшлі надалей ствараць летапіс.

І з Освальдам ясна, але ня ўсё -- у дзёньніку пра кіначасопіс няма ніводнага слова.

Можа, не зразумеў – дыктарскі тэкст быў беларускі.

Ці недаацаніў, прыняўшы клясыку жанру за халтуру.

Освальд на фоне Менскай опэры
А можа проста таму, што не кіно было для Освальда найважнейшым з мастацтваў.

Ён любіў клясычную музыку і пасьля адкрыцьця сэзону ў кастрычніку стаў заўзятым наведнікам опэры і філярмоніі.

Да асабістай сустрэчы з членам прэзыдыюму жаночага сходу доктарам біялягічных навук Чаркасавай, якая верасень 1960-га праводзіла ў Нью Ёрку, заставалася паўгода.

Дзень той сустрэчы зьменіць яго жыцьцё, як палёт матылька мяняецца моцным парывам ветру.

------------------------------------------
*У гэтым сказе галоўнае ня дзейнік “кіно”, не выказьнік “зьяўляецца найважнейшым”, нават не прадказаньне палітычнай сілы ўзьдзеяньня кіно і тэлебачаньня на масавую сьвядомасьць, а брутальнае, як удар чобатам паміж ног, дапаўненьне “для нас”, якое азначала акалічнасьць -- дзяржаўную манаполію.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG