Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браты, якія прараба ў трубу заварылі


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Спадар Уладзімер, мы з Вамі вучыліся прыкладна ў адзін час. У нас з жонкаю найлепшыя ўспаміны той пары зьвязаныя з студэнцкімі будаўнічымі атрадамі. Пэўна, і Вам даводзілася апранаць іхнюю форму. Ці было гэта карысным для будучага пісьменьніка?

Віктар і Сьвятлана, былыя байцы будатрадаў



Сваім пытаньнем вы ўскалыхнулі цэлае мора ўспамінаў…

У мяне няма аніякай настальгіі па савецкіх часах, але нікуды не падзенесься ад настальгіі па юнацтве. Калі параўнаць яго з кнігаю, то будатрадам у ёй будзе прысьвечаны адзін з самых важных і цікавых разьдзелаў. Яно й нядзіўна.

Па-першае, паездкі на будоўлі дазвалялі студэнту, у якога стыпэндыя складала 30 рублёў, зарабіць за два летнія месяцы 1000, або, як тады казалі, «кавалак», а калі пашанцуе, дык і два. Маючы іх у кішэні, ты пачынаў разумець, што грошы — сапраўды адзін з сымбаляў свабоды. Можна было, ня лічачы апошніх рублёў, запрасіць дзяўчыну ў рэстаран. Паехаць на выходныя ў Вільню ці нават у Талін. Упэўнена зайсьці ў букіністычную кнігарню і набыць цэлы бастыён таўшчэзных зялёных тамоў «Усясьветнай гісторыі», зь якімі пантова пад’ехаць да інтэрнату на таксоўцы…

Па-другое, будатрад даваў магчымасьць падарожнічаць. Вяртацца зь неацэннымі ўражаньнямі, якіх хапала да новага лета. З новымі сябрамі, з новым каханьнем ці расчараваньнем. Гэта было ня менш важна за грошы.

У сваёй біяграфіі я апранаў будатрадаўскую форму двойчы. Першы раз вясёлы і не зусім цьвярозы эшалён вёз нас у Казахстан, а пасьля трэцяга курсу была Сібір.

Будаўніцтва каналу ў казахскім стэпе засталося ў памяці пераважна экзотыкай.

Двухмэтровыя асятры з успоратымі чэравамі, якіх браканьеры пакідалі на беразе Ўрал-ракі, забраўшы толькі ікру. Свойскія вярблюды і дзікія сайгакі, на якіх мясцовыя начальнікі палявалі з гелікоптэраў. Прыкольныя тушканчыкі, вядомыя з кнігі «Дванаццаць крэслаў», дзе Элачка-людаедка насіла чугаёк з футрам мэксыканскага тушкана.

Мае гастранамічныя ўражаньні ўзбагаціліся ўтушаным з бульбаю сусьлікам, якога мы каштавалі на гасьцінах у тамтэйшага беларуса. Аднойчы ўвечары галодныя байцы (даведаўшыся пра галоўны інгрэдыент стравы пазьней) за малінку, як сказала б мая бабуля, зьелі гуляш з сабачыны, прыгатаваны ў кулінарных традыцыях свайго народу нашым кухарам-карэйцам.

Паколькі загаварылі пра ежу, згадваецца і наш кіроўца, малады казах Цюліген, які насуперак звычаям продкаў страшэнна любіў сьвіное сала. Але гэта быў гурман з схільнасьцямі садыста. Калі мы езьдзілі зь ім па стэпе ў камандзіроўкі, Цюліген падвозіў тубыльцаў-казахаў, толькі атрымаўшы сьцьвярджальны адказ на пытаньне, ці будуць тыя есьці сала. Прычым адразу ж правяраў, ці спадарожнік не схлусіў. Неяк у кабіну «ЗіЛа» ўскараскаўся старэнькі аксакал, які спазьняўся на пахаваньне. Кіроўца адляпіў ад лусьціка скрылік сала і загадаў суайчыньніку-мусульманіну есьці. Той паспрабаваў жаваць і заплакаў. Камсамолец Цюліген перажываў імгненьні шчасьця.

Кіроўца адляпіў ад лусьціка скрылік сала і загадаў суайчыньніку-мусульманіну есьці. Той паспрабаваў жаваць і заплакаў. Камсамолец Цюліген перажываў імгненьні шчасьця.
Празь некалькі дзён мы неспадзявана паквіталіся за такога выхаванца з абласным камсамольскім кіраўніцтвам на ўрачыстым аглядзе будатрадаў ува Ўральску. Да нашага камандзіра прыбіўся зухаваты мясцовы хлопец, які за 10 рублёў прапанаваў навучыць нас вершаванаму моладзеваму дэвізу па-казахску. У ім прысутнічала слова, падазрона падобнае да «ішака», але жаданьне заваяваць першае месца і 100-ю прэмію прытупіла нашую пільнасьць. У выніку мы бадзёра прагарлалі ў твар сакратарам абкаму братняга камсамолу вершык з трохпавярховымі тамтэйшымі мацюгамі.

У параўнаньні з казахстанскім летам сібірскае выдавала на нейкі вясёлы сонечны вадэвіль.

Цэнтар Верхнякецкага раёну Томскай вобласьці, гарадок Белы Яр, населены пераважна цяперашнімі, былымі й будучымі зэкамі ды іхнімі ахоўнікамі, падараваў досьвед зусім іншага кшталту — страшны і бязьлітасны.

Я адстаў ад сяброў, бо толькі што пахаваў тату, і мусіў дабірацца ў Сібір адзін, ужо ў дарозе сутыкнуўшыся зь яе рэчаіснасьцю. У прыватнасьці — з тым, як абыходзіліся людзі з гэтак званай «вялікай зямлі» з карэнным сібірскім насельніцтвам. Пра іх гаварылі як пра людзей не другога, а, бадай што, трэцяга гатунку. Маскоўскія праваднікі не пускалі далей за тамбуры нават жанчын з малымі дзецьмі. (У тыя часы, дарэчы, Фінляндыя на міжнародным роўні прапаноўвала ратаваць фіна-вугорскія народы савецкай імпэрыі ад выміраньня ў рэзэрвацыях накшталт індзейскіх.) Потым была жудасная крывавая бойка за білеты на томскім вакзале…

Асобная тэма — закінуты аэрадром, на якім кожны дождж вымываў новыя косьці тых, хто будаваў яго ў 1930-я.

Спачатку мы працавалі на цагельні разам з насельнікамі мясцовай «зоны» і гэтак званымі «хімікамі». Першыя «ўколвалі» пад вартай, з другімі можна было пакурыць і выцадзіць фугас невядомага тады на далёкай Бацькаўшчыне партвэйну «777» . Публіка была неверагодна цікавая. Дацэнт Ленінградзкай акадэміі мастацтваў на мянушку Рэпін, што на волі рабіў за будучых савецкіх жывапісцаў дыплёмныя працы. Раскрадальнік сацыялістычнай маёмасьці Вася, які бачыў сівога дзядулю зь вялікімі, шэрымі, быццам у начной мятлушкі, крыламі, што, палохаючы мантажнікаў, лётаў у тайзе ўздоўж лініяў электраперадач. Браты-блізьняты з агульным найменьнем — Зваршчыкі, якія ў змаганьні за справядлівасьць акуратна заварылі недзе пад Цюменьню ў трубаправод свайго прараба.

Цэлая галерэя непаўторных вобразаў…

Мы трапілі ў сьвет, дзе валадарылі грубая сіла і самыя нізкія пачуцьці, якія нярэдка дзівосным чынам спалучаліся з праявамі чыстай высакароднасьці. Дзе ўспышка панажоўшчыны магла скончыцца песьняй «Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский», якую, кранаючы сэрца, суладна сьпявалі падканвойныя піцерскія зэкі, а іхнія галасы падхоплівалі землякі-«хімікі». Дзе да вольнапасяленца, колішняга начальніка гандлёвага порту, прыехала маладая прыгажуня-жонка, неабачліва адышлася на сотню крокаў назьбіраць брусьніцаў і павесілася, згвалтаваная двума маўклівымі чарнявымі юнакамі з Дагестану, якім заставаўся тыдзень да волі.

Гэта здарылася ўжо ў таежным пасёлку Ягаднае, куды нашая брыгада трапіла празь некалькі дзён. Белы Яр здаваўся ўжо амаль санаторыем. На інструктажы начальнік спэцкамэндатуры сурова папярэдзіў, каб не ішлі з дарогі ў лазьню. На вэнэрычныя хваробы ў пасёлку не хварэлі хіба што вавёркі і бурундукі. У адказ на пытаньне, ці можна хоць пакупацца ў кар’ерах за нашымі двума дамкамі, мы даведаліся, што на мінулым тыдні там утапілі загадчыка крамы. Падазравалі пасялковых дзяцей. Усе яны хацелі стаць блатнымі і ўпэўнена да гэтага набліжаліся.

З чатырохсот «хімікаў» сотня прыпадала ў Ягадным на маладых жанчын-ленінградак, высланых выключна за амаральныя паводзіны. Такія, скажу вам, ягадкі трапляліся — крый божа!

Але лепей разгарніце маю будатрадаўскую «Сібірскую аповесьць», якую адзін літаратурны крытык залічыў да «чорнага рэалізму». Дзецям да 16 гадоў рэкамэндуецца чытаць з бацькамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG