Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Полацак будзе сталіцай


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».


Ці верыце Вы ў прадказаньні астролягаў і наогул у дзейнасьць рознага кшталту асобаў з гэтак званымі звышнатуральнымі здольнасьцямі?


Вядома, веру. Іначай і быць ня можа, я ж — унук вядзьмаркі. Дакладней, адразу дзьвюх вядзьмарак.

Сястра маёй бабулі Аўгіньні баба Грыпінка была клясычнай чараўніцаю ўжо сваім абліччам — смуглявая, з пранізьлівымі вачыма, з даўгімі чорнымі з срэбрам валасамі, зь вялікай радзімкаю на шчацэ… Жывучы ў суседняй вёсцы, бабулі-аўгіньніны дзьверы яна нязьменна адчыняла акурат у той момант, калі мы, гарадзкія ўнукі, што летавалі ў вёсцы, сядалі палуднаваць. Здавалася, проста імгненна пералятала з сваёй хаты цераз поле, валатоўкі і рэчку.

За сталінскім часам Грыпінка ад званка да званка адседзела ў лягерах за знахарства і, напэўна, уратавала ад сьмерці не аднаго «ворага народу». Яна чытала таўшчэзную, выдадзеную сто гадоў таму кнігу «Чорная магія», умела спыняць кроў, лекавала ня толькі людзей і свойскую жывёлу, але нават яблыні, вішні, агрэст.

Адрозна ад сястры, Аўгіньня ў Сыбіры не была і вядзьмарскіх кніг не чытала, бо вучыцца ў школе ёй не пашчасьціла. Аднак стасункі з таемнымі, але прыязнымі да чалавечага роду сіламі бабуля несумнеўна мела. Яна заўсёды, без усялякіх тэлефонаў, якіх у вёсцы тады проста не было, дакладна прадказвала, калі прыедуць з гораду тата з мамай. Яна зашэптвала зубы, лекавала ячмень і «каціную драпу», выводзіла з гаспадаркі мышэй. Да мяне і цяпер скрозь столькі гадоў даносіцца ейны ціхі і духмяны — відаць, ад незлічоных пучкоў зёлак, што сушыліся пад стольлю — пошапт-замова: «Белае карэньне, чорнае каменьне, сінія берагі…»

Добра памятаю, што яна хацела памерці на самым пачатку лета, калі адцьвітаюць дзьмухаўцы і зямля нібыта мяккая і лёгкая, як іхні пух. Бабуліна сэрца раптоўна спынілася першага чэрвеня.

Астролягам, трэба прызнацца, я давяраю трохі меней, чым бабулям. Аднак сказаць, што зусім ім ня веру, не магу.

Шырока вядомы цяпер астроляг Павел Глоба, чыімі паслугамі карыстаюцца нават дзяржаўныя дзеячы, некалькі гадоў таму зрабіў цыкль публікацыяў, што мне, палачаніну, хочацца назваць сэнсацыйнымі. Іх героем стаўся забыты калега Глобы полацкі зьвяздар (так тады называлі астролягаў) Васіль Нямчын. Зьявіўшыся на сьвет у часы Ягайлы і Вітаўта, недзе ў сярэдзіне XV стагодзьдзя Нямчын напісаў кнігу прароцтваў, якую ягоны сёньняшні брат па прафэсіі Глоба ставіць вышэй за славутыя прадказаньні Настрадамуса.

Нямчынава здольнасьць зазіраць у будучыню (зразумела, калі ўсё гэта не таленавітая містыфікацыя) сапраўды ўражвае. Да прыкладу, ён прадбачыў, што празь пяцьсот гадоў пасьля яго нараджэньня «ўзьнікне сатанінскае валадарства, храмы будуць разбураныя, сьвятыя кнігі — зьнішчаныя, а сьвятароў пачнуць жыўцом закопваць у зямлю». Напрарочыў ён і кампанію 1812 году, і зьяўленьне ў Расеі цара «двухмэтровага росту з тварам, быццам у ката», у якім лёгка пазнаць Пятра І.

На роднай беларускай зямлі ў ХХІ стагодзьдзі Васіль Нямчын убачыў узвышэньне Полацку, Віцебску і Магілёва. Прычым калі апошняму адводзіцца роля, кажучы сучаснай моваю, найбуйнейшага эканамічнага цэнтру, дык Полацак і Віцебск павінны стаць цэнтрамі культурнымі і духоўнымі. А магчыма, і сталічнымі гарадамі.

У сьвятле сусьветнай тэндэнцыі пераносу сталіц для мяне гэтае прадказаньне выглядае цалкам верагодным. Вядома, хочацца, каб галоўным горадам краіны стаў якраз наш зь Нямчынам родны Полацак. А чаму б і не? Дзеля пачатку ён першым зь беларускіх гарадоў атрымаў у 2010-м статус культурнай сталіцы Беларусі.

А на заканчэньне прызнаюся, што пэўнымі вядзьмарскімі здольнасьцямі валодаю і сам. Якімі — не скажу, аднак сёе-тое ад бабуляў успадчыў. Не падумайце, што палохаю. Проста папярэджваю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG