Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новыя людзі ў КДБ перад выбарамі будуць «рыць зямлю”


Што азначаюць апошнія кадравыя прызначэньні ў КДБ? Ці варта іх разглядаць у рэчышчы барацьбы кланаў унутры беларускіх сілавых ведамстваў? Якая групоўка выйшла пераможцам у выніку сёньняшніх кадравых пераменаў? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб і шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.

Сьвятлана Калінкіна
Мечыслаў Грыб
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Цяжка прыгадаць іншы прэцэдэнт, калі адразу такая колькасьць прадстаўнікоў вышэйшага эшалёну ў КДБ былі замененыя цягам аднаго дня. Чым можна патлумачыць такі кадравы землятрус? Дзеля чаго там адбыліся такія зьмены, дзеля ўзмацненьня якіх груповак і накірункаў дзейнасьці?

«Чалавек на новай пасадзе заўсёды імкнецца выслужыцца, зачапіцца за новы партфэль»


Калінкіна: Тое, што адбылося 22 студзеня, ідзе ў рэчышчы падзеяў, што пачаліся ў 2008 годзе, калі на кіраўніцтва сілавых ведамстваў пачалі прызначаць людзей, не зусім зьвязаных са спэцслужбай. На дадзены момант як вядома, КДБ узначальвае памежнік Вадзім Зайцаў, і сёньняшнія прызначэньні часткова можна патлумачыць сувязьзю з Зайцавым, а часткова жаданьнем, каб тыя ці іншыя асобы проста зьмянілі месца працы.

Нельга казаць, што адбылося нейкае масавае звальненьне былых кадраў. Пад пытаньням лёс 2-3 чалавек і я думаю, хутка яны могуць зьявіцца дзе-небудзь у Радзе бясьпекі, якая ў нас становіцца нейкім домам састарэлых сілавікоў. Усе астатнія проста памянялі свае пасады, і ня больш за тое.

Цыганкоў: А чаму прызначаюцца людзі, не зьвязаныя з КДБ? Чым гэта можна патлумачыць? У кіраўніцтва краіны існуе недавер да старых кадраў з гэтага ведамства?

Калінкіна: І недавер з аднаго боку. Але зь іншага — прызначэньне новага кіраўніка. Любы кіраўнік спэцслужбы будзе імкнуцца мець сваю каманду. Таму нічога дзіўнага, што Зайцаў падбірае знаёмых сабе людзей. Дзіўным было само прызначэньне Зайцава на пасаду кіраўніка КДБ. А тое, што адбываецца зараз, дастаткова лягічна.

Тым больш што зараз перадвыбарчы год, а чалавек на новай пасадзе заўсёды імкнецца выслужыцца, зачапіцца за новы партфэль. І перад выбарамі, відаць, Лукашэнка вырашыў, што гэта вельмі важна, каб новыя людзі ня проста працавалі, а «рылі зямлю».

«Гэта ўспрымаецца балюча ў саміх органах»


Цыганкоў: Спадар Грыб, на каго працуюць сёньняшнія прызначэньні, хто выйграў ці прайграў ад іх?

Грыб: Увогуле я ўпэўнены, што кадры павінны мяняцца. Жыцьцё ідзе, прыходзяць новыя людзі. Але гэта не павінна рабіцца так, як гэта зроблена цяпер, гэта не павінна рабіцца кампаніяй. 7 прадстаўнікоў кіраўніцтва замененыя за адзін дзень — гэта ж амаль кадравая рэвалюцыя! Я лічу, што гэта ўсё не ўспрымаецца лёгка, гэта ўспрымаецца балюча ў саміх органах. І я думаю, гэта не ідзе на карысьць.

Я не лічу, што гэта жаданьне старшыні КДБ. І на сёньняшні дзень весьці размову пра нейкія кланы ў розных ведамствах не даводзіцца. Няма ў нас моцных кланаў — ёсьць толькі пэўныя групоўкі. Але называць іх кланамі — гэта занадта. Але паміж імі ідзе пэўная барацьба паміж КДБ, МУС і — у дадзеным выпадку — і Генэральнай пракуратурай. Бо апошнім часам хадзілі размовы, што ў іх вельмі непрыязныя адносіны з КДБ. Але ў цэлым гэта вельмі нездаровая сытуацыя.

Цыганкоў: А які сэнс у гэтым перамяшчэньнях з адной вобласьці ў іншую? Не для дзяржавы, а для тых, хто гэтыя перамяшчэньні робіць?

Грыб: Сэнс тут вельмі просты, гэта даўно робіцца. Калі нехта доўгі час знаходзіцца ў пэўнай вобласьці, то ён «абрастае» знаёмствамі, як кажуць, ведае ўсе хады-выхады. І гэта можа ісьці не на карысьць справе. А калі яго мяняюць, то ўсе гэтыя знаёмствы трэба заводзіць з пачатку.
Палітыка Лукашэнкі накіраваная на тое, каб не дапусьціць фармаваньня моцных асобаў і груповак у сілавых структураў.

Цыганкоў: Ці ёсьць у гэтых перастаноўках нейкі сэнс з пункту гледжаньня дзяржаўных інтарэсаў? Можа, яны маюць на мэце ўзмацніць нейкі накірунак дзейнасьці? Барацьбу з апазыцыяй ці наадварот — нейкую міжнародную дзейнасьць, змаганьне зь міжнароднай злачыннасьцю і гэтак далей? Ці можна адсачыць, што нейкі накірунак дзейнасьці КДБ становіцца больш важным?

Калінкіна: Такой лёгікі ў сёньняшніх прызначэньнях я ня бачу. Як мне здаецца, паколькі такія кадравыя зьмены ў сілавікоў даволі частыя, то ў цэлым палітыка Лукашэнкі накіраваная на тое, каб не дапусьціць фармаваньня моцных асобаў і груповак у сілавых структураў. На мой погляд, менавіта з гэтым зьвязаныя часам ня вельмі лягічныя кадравыя рашэньні Лукашэнкі. Каб людзі адчувалі сябе заўсёды залежнымі менавіта ад яго асабіста.

Цыганкоў: Ці даюць нейкую карысьць для функцыянаваньня саміх спэцслужбаў гэтая перастаноўкі?

Грыб: Уся кадравая палітыка ў Беларусі апошняе дзесяцігодзьдзе заключаецца ня ў тым, як чалавек ведае справу, а ў тым, як ён аддадзены сёньняшняй уладзе. «Калі я табе не давяраю, я цябе не прызначу». А што ты ведаеш і можаш рабіць — гэта ўжо мала цікавіць сёньняшняе кіраўніцтва. Так што зразумела, што новыя людзі ніякай новай палітыкі праводзіць ня будуць, яны будуць рабіць тое, што ім будзе загадана. Замяні іх хоць 20 чалавек, у жыцьці гэтых ведамстваў ніякіх сур’ёзных зьменаў ня будзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG