Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гдыні зьявілася вуліца Янкі Брыля


На ініцыятыву Беларускага культурнага таварыства “Хатка” з Гданьску і беларускага ПЭН-цэнтру і ў сувязі з 70-годзьдзем пачатку Другой сусьветнай вайны гарадзкая ўправа польскага гораду Гдыня назвала імем беларускага пісьменьніка Янкі Брыля адну з вуліц свайго гораду. У верасьні 1939 году Янка Брыль браў удзел у абароне Гдыні ад гітлераўцаў.


Алена Глагоўская, старшыня Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску, тлумачыць, што імя Янкі Брыля будзе насіць найдаўжэйшая вуліца ў адным з новых мікрараёнаў гораду. Цягам свайго жыцьця Янка Брыль даволі часта прыяжджаў у Гдыню, наведваў мясьціны баёў. Народны пісьменьнік Беларусі за гэтыя гады атрымліваў адпаведныя адзнакі ад уладаў Гданьску і Гдыні, у кожнай гдыньскай бібліятэцы ёсьць ягоныя кнігі, перакладзеныя на польскую мову.

Першы раз Беларускае культурнае таварыства “Хатка” ў Гданьску зьвярнулася да польскіх уладаў з просьбай надаць адной з вуліц імя Янкі Брыля два гады таму, у жніўні, на 90-я ўгодкі нараджэньня пісьменьніка. Пэўны час гэтае пытаньне стаяла “ў чарзе” без істотнага руху, і сёлета ў чэрвені на агульным сходзе таварыства было вырашана нагадаць уладам пра тую прапанову.

Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі паведамляе, што да зьяўленьня ў Гдыні вуліцы Янкі Брыля спрычыніўся і Беларускі ПЭН-цэнтар.

“21 жніўня мы склікалі нечарговае паседжаньне Рады ПЭН-цэнтру і зьвярнуліся разам са старшынёй ПЭН-цэнтру Андрэем Хадановічам і Ўладзімерам Арловым зь лістом да ўладаў Гдыні. Вельмі прыемна, што рэакцыя была амаль імгненнай.

Гэта вельмі добры знак, але пакуль зроблена ў гэтым кірунку вельмі мала, і мы замала тут робім — я маю на ўвазе ўсё беларускае грамадзтва. Трэба гэтую працу актывізаваць, і тут таварыства “Бацькаўшчына” павінна падключыцца ды іншыя грамадзкія арганізацыі”.

Дарэчы, у Гданьску таксама ёсьць вуліцы, названыя ў гонар беларусаў — Янкі Купалы і Лукі Дзекуць-Малея — баптыста, перакладчыка Бібліі на беларускую мову, які жыў і памёр у Гданьску. Але гэта першая вуліца імя Янкі Брыля ў Польшчы, і, здаецца, у найбольш адпаведным месцы, — кажа спадарыня Глагоўская.

“Здаецца, Брыль —адзіны пісьменьнік, які браў удзел у абароне Гдыні і апісаў яе ў літаратуры. Дарэчы, шмат у якіх творах, і, між іншым, у славутай аповесьці “Птушкі і гнёзды” — там вельмі шмат пра абарону Гдыні. Але сустракаецца гэтая тэма і ў апавяданьнях, і ў мініятурах, і ва ўспамінах, у кнізе “Вячэрняе”. А таксама ў “Польскім дзёньніку”, дзе ён апісвае сваё першае падарожжа ў Гдыню пасьля вайны”.

Варта таксама нагадаць, што ў Менску вуліца Янкі Брыля існуе ўжо амаль два гады ў мікрараёне Міхалова.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG