Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнікаюць ворныя землі


За час кіраваньня Лукашэнкі сельская гаспадарка страціла 720 тысяч гектараў ворнай зямлі.


Паводле зьвестак дзяржаўнага зямельнага кадастру, у Беларусі 5 мільёнаў 568 тысяч га ворных земляў (26,8%). Але з кожным годам плошча іх скарачаецца, і ня толькі з-за прыроднай дэградацыі — воднай і ветравой эрозіі глебы, але і з-за ўмяшаньня чалавека — хімічнага і радыяцыйнага забруджваньня, будоўляў, пажараў. А частка земляў проста зарастае кустоўем, травой.

Днямі на Радыё Свабода патэлефанаваў слухач, які падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Па дарозе да новага раддома і да “Славянскага базару” Лукашэнка прыкмеціў, што на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей шмат запусьцелых зямель. А дзе ты быў усе 14 год, ня бачыў, што гіне сяло?”

Віктар Кудло 11 гадоў узначальваў экспэрымэнтальную базу “Ніва” Лідзкага раёну. З 2002 году — фэрмэр.

“Што тычыцца запусьцелых зямель, я па сваёй былой гаспадарцы ведаю, што яшчэ нядаўна было 4 600 гектараў ральлі, ворных земляў, зараз засталося 4 тысячы. 600 гектараў перавялі кудысьці. А ральля — гэта самае каштоўнае, асноўныя сродкі вытворчасьці, як кажуць”.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, прафэсар Іван Нікітчанка сур’ёзна вывучаў праблему зьнікненьня ворных земляў, напісаў не адзін артыкул на гэтую тэму:

“За час кіраваньня Лукашэнкі сельская гаспадарка страціла каля 720 тысяч гектараў ворнай зямлі. Яе засеяла прырода — яна зарасла кустоўем. Гэта недакладная лічба, бо шмат ужо кінутых участкаў на дачах, у вёсках — зямля не апрацоўваецца. Зямля гіне... Чаму? Няма гаспадара на зямлі. Мы даўно прапанавалі рабіць аграрныя рэформы, вярнуць зямлі гаспадара. Тады зямля ня будзе прападаць”.

Калі Віктар Кудло вырашыў сысьці з пасады кіраўніка гаспадаркі і стаць фэрмэрам, ён прасіў для пачатку 30 гектараў зямлі. Далі ўдвая менш, прычым далёка ня лепшую зямлю. Пытаюся: ці лёгка фэрмэру атрымаць зямлю?

“Няпроста, пэўна, што няпроста. Мясцовыя гаспадаркі ня хочуць, каб разьвівалася фэрмэрства. Бо гэта будзе прыклад добры, тут будзе лепей, чым у іх. Бо фэрмэр — гэта магільшчык калектыўнай гаспадаркі. Таму яны будуць яшчэ доўга тармазіць. Мы маем 15 гектараў, прасілі яшчэ 10. Цэлы год паперы разглядаліся, і так дагэтуль нам і не далі гэтыя 10 гектараў. А ўсё ж такі на 15 гектарах трымаць тэхніку ня надта мэтазгодна. Эфэктыўнасьць большая, калі больш гектараў маеш”.

Карэспандэнтка: “А вось гэтыя 10 гектараў, якія вы прасілі, яны ёсьць у раёне?”

“Так, яны побач з нашымі палеткамі. Там пасуцца каровы. А гэта ральля, добрая ральля — можна гуркі вырошчваць, сад пасадзіць. Але каровы гуляюць, кустоўе расьце”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG