У Палату прадстаўнікоў з Саўміну паступіла пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Аргентыны аб узаемных бязьвізавых паездках грамадзян. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў парлямэнцкай камісіі міжнародных спраў.
Дакумэнт прадугледжвае, што ўладальнікі ўсіх тыпаў беларускіх пашпартоў цягам каляндарнага году могуць знаходзіцца ў Аргентыне 90 дзён бязь візы. Каб пагадненьне пачало дзейнічаць, яго патрэбна ратыфікаваць (а гэта робіцца ў адным чытаньні) Палатай прадстаўнікоў. Дэпутаты разгледзяць гэтае пытаньне на веснавой сэсіі, якая традыцыйна пачынаецца 2 красавіка.
Адказваючы на пытаньне Свабоды аб пэрспэктывах пашырэньня бязьвізавага рэжыму, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык адзначыў:
«Мы вядзём перамовы аб палягчэньні візавага рэжыму з шэрагам дзяржаў. Калі пачынаць здалёк, то ў Азіі я магу згадаць Сынгапур, Малайзію, Філіпіны, Рэспубліку Карэю. Сярод лацінаамэрыканскіх краінаў у актыўнай фазе перамовы зь Уругваем, Пэру, Гандурасам. У Эўропе — Македонія, у Пэрсыдзкай затоцы — Аман. Зь усімі гэтымі краінамі мы вядзём справы да таго, каб палегчыць візавы рэжым альбо ўвесьці бязьвізавы.
Летась уступіў у сілу шэраг падобных пагадненьняў. Так, з 25 лістапада мінулага году дзейнічае пагадненьне пра бязьвізавыя паездкі ў Бразылію».
Поўны сьпіс краінаў, зь якімі ў Беларусі ўжо існуе бязьвізавае перасоўваньне, можна паглядзець на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі.