Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палёгкі на карысьць роднай мовы — гэта толькі тактычны манэўр уладаў»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі

Ракіцкі: Апошнімі месяцамі раз-пораз улады робяць рэвэрансы ў бок беларускай культуры і беларускай мовы. Вось кіраўнік дзяржавы кажа, што ў школах трэба павялічыць колькасьць гадзінаў выкладаньня беларускай мовы, легалізавалі аж на самым высокім узроўні вышыванку, часьцей па-беларуску загучала рэкляма, у Палату прадстаўнікоў дапусьцілі намесьніцу старшыні Таварыства беларускай мовы. Усё гэта дазволіла аптымістам загаварыць пра тое, што ў краіне пачалася мяккая беларусізацыя. Аднак нейкую ўцямную дзяржаўную пазыцыю ў гэтым пытаньні зразумець цяжка.

І вось нарэшце выказаўся ў гэтым пытаньні міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Адметна, што не ў Беларусі, а ў Польшчы, у інтэрвію ўплывовай газэце «Rzeczpospolita». Нават з папраўкай, што заявы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства, зробленыя, так бы мовіць, на экспарт, у іх падаецца дзяржаўная пазыцыя адносна месца, стану, ролі і пэрспэктываў беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь. Прагучалі нават і словы пра дзяржаўную палітыку ў моўным пытаньні, якая заключаецца ў тым, каб усё гэта адбывалася натуральна. Паводле Макея, у краіне ствараюцца «нейкія нармальныя ўмовы для больш шырокага выкарыстаньня беларускай мовы, а таму ўсё больш людзей імкнуцца і размаўляць на беларускай мове. Міністар падкрэсьліў, што гэтыя працэсы адбываюцца не з прычыны навязваньня штучных умоваў для разьвіцьця беларускай мовы, а натуральным шляхам.

міністар яшчэ раз паўтарыў тое, што заставалася нязьменным цягам усіх гадоў знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Толькі яшчэ больш няпэўна, бо застаецца незразумела, што маецца на ўвазе пад словамі «нармальныя» і «штучныя» ўмовы

Гэтыя словы асабіста мне не дадалі аптымізму, яны пазбаўляюць усялякай надзеі на ня тое што поўнае вяртаньне беларусам забранай у іх беларускай мовы, а нават і на гэтак званую беларусізацыю. Як з майго перакананьня, міністар яшчэ раз паўтарыў тое, што заставалася нязьменным цягам усіх гадоў знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Толькі яшчэ больш няпэўна, бо застаецца незразумела, што маецца на ўвазе пад словамі «нармальныя» і «штучныя» ўмовы? Нармальныя — гэта калі няма беларускіх школаў, садкоў, унівэрсытэтаў, тэлебачаньня, радыё на беларускай мове? А штучныя — калі навучаньне па-беларуску, на дзяржаўнай і нацыявызначальнай мове зьяўляецца абавязковым? І таму падобнае?..

Але ў гэтым інтэрвію было і тое-сёе новае, я нават сказаў бы, злавеснае. Спадар Макей у якасьці аргумэнту на карысьць расейскай мовы як дзяржаўнай выкарыстаў Украіну ў якасьці пужалкі. Паводле міністра, калі б пасьля распаду СССР было прынятае рашэньне зрабіць дзяржаўнай толькі адну беларускую мову, цытую, «мы атрымалі б, можа нават ня тое ж, а ў дзесяткі разоў горш сытуацыю, чым ва Ўкраіне». Няўжо менавіта ўкраінская мова дэстабілізавала сытуацыю ў суседняй краіне, дзе яна зьяўляецца адзінай дзяржаўнай? А мо наадварот уратавала краіну ад паўзучай акупацыі Расеяй? А хіба дзьвюхмоўе ратуе беларусаў ад голаду і холаду? Не. Хіба што ў тым ліку і за панаваньне ў Беларусі расейскай мовы Расея дае Лукашэнку неблагія падачкі ў выглядзе ільготных цэнаў на газ і нафту, дый то са скандаламі. Не стаіць дзьвюхмоўе і на варце хісткай стабільнасьці. Дык якую рэальную функцыю выканала расейская мова ў якасьці дзяржаўнай у Беларусі часоў Аляксандра Лукашэнкі? З майго гледзішча, шмат у чым для ягонага рэжыму ахоўную. Дапамагла і дапамагае культурнай і эканамічнай акупацыі Расеяй. Тармазіла яна і працэс фармаваньня ідэнтычнасьці. Але ж міністар кажа, што акурат ва ўмовах дзьвюхмоўя за апошнія 25 гадоў беларусы пачынаюць фармавацца як нацыя.

Чаму гэты аргумэнт — з адной дзяржаўнай беларускай мовай, без дзяржаўнай расейскай Беларусь мела б горшую сытуацыю за ўкраінскую — сёньня ўвогуле і на тэрыторыі Эўразьвязу ў прыватнасьці выкарыстоўвае беларускі міністар замежных справаў? Мне падаецца, што гэта паклон у бок Расеі, як нейкае выбачэньне за змушаныя кантакты з Захадам і запэўніваньне, што ўсё будзе па-старому: і мова ваша, і вы самі са сваімі капіталамі і сваёй культурай і надалей будзеце панаваць у Беларусі, і нічога вам тут не пагражае. А мова ваша будзе гарантыяй таго, што праэўрапейскага Майдану тут ня будзе і што вам не давядзецца, паводле сцэнару ва Ўкраіне, вызваляць расейскамоўных беларусаў, бо тут усе будуць расейскамоўнымі. Што ж тычыцца маніфэсту пра нармальныя ўмовы для пашырэньня беларускай мовы, з майго гледзішча, ня болей, чым фігавы лісьцік, які хіба што толькі эўрапейцам ды празьмерным аптымістам у Беларусі перашкаджае разгледзець плоць. Менавіта так я схіляюся разумець прамоўленае Ўладзімерам Макеем у Варшаве. А што думаеце, вы, калегі?

Гурневіч: Зьмена дзяржаўнай палітыкі, паводле мяне, гэта стварэньне беларускіх школаў і садкоў, беларускамоўных ВНУ. У Беларусі, дарэчы, няма аніводнай цалкам беларускамоўнай ВНУ. Дык у гэтым сэнсе зьменаў у дзяржаўнай моўнай палітыцы не адбылося. Зьмянілася трошкі рыторыка Лукашэнкі. Падчас аднаго з інтэрвію ён сказаў, што цяпер ён аддае пытаньню мовы больш увагі, чым раней. Ня ведаю, чым вымяраецца гэтая ўвага. Бо акрамя заяваў і шырэйшым выкарыстаньнем беларускай мовы ў візуальным афармленьні гарадоў, я ніякіх зьменаў менавіта ў дзяржаўнай палітыцы ня бачу.

Сапраўды, апошнім часам неяк часьцей сталі казаць пра больш прыхільнае стаўленьне дзяржавы да беларускай мовы. Але адчуйце ідыятызм гэтай фразы: беларуская дзяржава стала больш прыхільна ставіцца да беларускай мовы. Пытаньне ўсё ж у іншым. Гэтыя крокі мізэрныя. Але паколькі нічога падобнага не было ўжо два дзесяцігодзьдзі, а нават наадварот, былі крокі ў горшы бок, то цяпер многія ўспрымаюць гэты мізер як нейкую рэвалюцыю. Дастаткова, каб нейкі вядучы на Беларускім тэлебачаньні адзеў вышыванку і мноства людзей пачынае казаць: ну вось, нарэшце адумаліся. Але такія рэчы са зьменай дзяржаўнай палітыкі ня маюць нічога супольнага.

Словы Макея ў інтэрвію польскай штодзёнцы «Rzeczpospolita» пра страшныя наступствы аднамоўя ў Беларусі 25 гадоў таму — звычайная маніпуляцыя. Няхай спадар Макей пакажа доказы масавых пратэстаў супраць дзяржаўнага статусу беларускай мовы

Словы Макея ў інтэрвію польскай штодзёнцы «Rzeczpospolita» пра страшныя наступствы аднамоўя ў Беларусі 25 гадоў таму — звычайная маніпуляцыя. Няхай спадар Макей пакажа доказы масавых пратэстаў супраць дзяржаўнага статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай? Калі былі дэманстрацыі? Каля якіх школаў галадалі бацькі дзяцей у знак пратэсту? Хай распавядзе пра тых, хто зьехаў зь Беларусі з гэтай нагоды? Не было такіх выпадкаў. Людзі абсалютна спакойна ўспрынялі беларускамоўную адукацыю. Узьнікла дзяржава Беларусі і нармальна, што ў яе дзяржаўная — свая мова. Усе гэтыя пужалкі пра рускамоўных на чамаданах — звычайныя міты. У Эстоніі на ўсходзе краіны тысячы дзяцей вучацца на расейскай мове пры тым, што дзяржаўная мова там эстонская. Палова Таліна, паводле апытаньняў, расейскамоўная. Ніхто гэтым людзям не замінае размаўляць на іншай мове.

Але нават дзьвюхмоўе ў Беларусі — на паперы. Калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, то няхай міністар Макей пакажа — як гэта выконваецца на практыцы. Няхай пакажа палову беларускамоўных школаў, садкоў, ВНУ, газэт, тэлеканалаў. Пра якое рэальнае дзьвюхмоўнае можа ісьці гаворка, калі бацькі дзьвюх дзяўчынак у Баранавічах дамагаліся адкрыцьця беларускамоўнай клясы ў мясцовай гімназіі праз пракуратуру і звароты ў Міністэрства адукацыі?

Глод: Паколькі падставай для меркаваньня стаў візыт Уладзімера Макея ў Польшчу, я хачу спачатку паразважаць над гэтым візытам. Ведаеце, зараз шмат хто задае пытаньне: чаму Варшава ў справе збліжэньня з Менскам бяжыць нават наперадзе Брусэля? Мне бачыцца адказ такі: новыя ці адносна новыя польскія ўлады маюць тыя ж ілюзіі, што і яе некаторыя папярэднікі. І раней у Варшаве спадзяваліся зрабіць буфэр паміж Польшчай і Расеяй. І роля гэтага буфэра адводзіцца, зразумела, Беларусі. А каб так атрымалася, трэба найперш аддаліць Лукашэнку ад Крамля. Вось чаму такая ўвага вялікая да вельмі набліжанага да прэзыдэнта Беларусі чалавека. Нездарма міністра прымаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Аднак, кажуць, шток канкрэтыкі ад гэтага візыту няма. Разглядалася, напрыклад, тэма Саюзу палякаў у Беларусі. Адказ Макея: давайце размаўляць. Але ж размаўляць можна і 200 гадоў. Другое ключавое пытаньне — памежны рух. Таксама нічога ня вырашана. Хоць усе ведаюць, польскі бок сваю частку справы зрабіў яшчэ чатыры гады таму. Беларусі дагэтуль нібыта разважае. І гэтак амаль паўсюдна. Як дарэчы, адносна сталай акрэдытацыі групы супрацоўнікаў Белсату.

А што тычыцца адрыву ад Масквы, дык гэта немагчыма, пра што і казаў Макей. Так. што, баюся, варшаўскія ілюзіі так і застануцца ілюзіямі.

А цяпер пра само пытаньне. Калегі фактычна ўжо ўсё распавялі. Я хачу дадаць толькі адно. Мяне найбольш уразіла тая частка інтэрвію міністра Макея, дзе ён казаў пра моўную сытуацыю ва Ўкраіне. Украіну беларускія ўлады зрабілі пужалкай для сваіх грамадзянаў. Але раней гэта пужалка была крывавай — вайна, гінуць людзі, жабрацкай — глядзіце, як там абваліўся дабрабыт людзей. Аднак з цягам часу гэтыя пагрозы згубілі сваю ступень страху. У Беларусі бачаць, што і страляюць там зараз значна меней, і жабракоў няма. Вось і запусьціў міністра новую пужалку — «мы атрымалі б, можа нават не тое ж, а ў дзесяткі разоў горш сытуацыю, чым ва Ўкраіне».

Моўная сытуацыя ў Беларусі фармавалася Лукашэнкам пад Расею. Патрэбны былі грошы, нафта, газ. І рабілася ўсё, каб Масква была задаволеная

Моўная сытуацыя ў Беларусі фармавалася Лукашэнкам пад Расею. Патрэбны былі грошы, нафта, газ. І рабілася ўсё, каб Масква была задаволеная. Ды і многім жыхарам Беларусі было лягчэй — навошта займацца роднай мовай, калі ў краіне афіцыйнае двухмоўе.

Аднак зараз становішча ў краіне складанае. Заробкі абваліліся, жыць робіцца ўсё цяжэй. І людзі пачынаюць задумвацца, а ці правільна ўсё рабілася? Але ўлады даюць разумець, што магло быць яшчэ горш. І гэта яны засьцераглі ад яшчэ горшага. Таму і ўкраінская пужалка добра ўпісваецца ў гэтую сыстэму. А некаторыя палёгкі на карысьць роднай мовы, гэта толькі тактычны манэўр уладаў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG