Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычнае фліртаваньне Лукашэнкі з АБСЭ


Аляксандар Лукашэнка вітаецца зь Лямбэртам Заньерам
Аляксандар Лукашэнка вітаецца зь Лямбэртам Заньерам

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) зможа накіраваць для назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі ўсіх, каго палічыць неабходным. Такую заяву зрабіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, калі прымаў генэральнага сакратара АБСЭ Лямбэрта Заньера і дырэктара Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Міхаэля Георга Лінка. А кіраўнік БДІПЧ на асобнай сустрэчы з праваабаронцамі запэўніў іх, што ягонае бюро пільна сочыць ня толькі за выбарамі, але і за станам правоў чалавека ў Беларусі.

У размове з двума высокімі чыноўнікамі АБСЭ Аляксандар Лукашэнка, паводле паведамленьняў БЕЛТА, назваў гэтую міжнародную структуру «арганізацыяй, якая вельмі сур’ёзна назірае за выбарчым працэсам». Пры гэтым ён прызнаў, што БДІПЧ часьцей крытыкуе арганізацыю беларускіх выбараў, чым адзначае ў ёй нешта станоўчае. Аднак гэтым разам ранейшую крытыку з боку экспэртаў Лукашэнка сьпісаў не на іхнюю перадузятасьць, як у былыя гады, а на разуменьне таго, што «дагэтуль няма адзіных падыходаў, правілаў у рамках АБСЭ што да назіраньня за выбарамі».

Зьмена танальнасьці ў Лукашэнкі выразная, і для гэтага ёсьць свае прычыны, адзначае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Ідзе, і ўжо досыць даўно, пацяпленьне дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам. І крытычны момант, калі яны могуць быць уведзеныя ў дзеяньне, — гэта прэзыдэнцкія выбары.

Усё будзе вырашацца пасьля выбараў. І таму для беларускага рэжыму надзвычай важныя пазытыўныя ацэнкі выбарчых працэсаў. Ну хаця б у нейкім рэчышчы — неабавязкова прызнаньне выбараў дэмакратычнымі, але хаця б канстатацыя таго, што сытуацыя з выбарамі палепшылася. Таму і ідзе цяпер такое палітычнае фліртаваньне з АБСЭ, каб мець больш пазытыўны настрой тых экспэртаў, якія прыедуць сюды назіраць».

Прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ могуць зьявіцца ў Беларусі ўжо ў другой палове ліпеня, лічыць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына:

«Дырэктар БДІПЧ казаў мне, што калі яны дастаткова хутка атрымаюць запрашэньне, то бок літаральна празь некалькі дзён пасьля прызначэньня даты выбараў, то ўжо дзесьці пад канец ліпеня можна будзе гаварыць пра пачатак працы доўгатэрміновай місіі».

Старшыня ЦВК таксама сказала, што запрашэньні для міжнародных назіральнікаў традыцыйна рассылае Міністэрства замежных спраў Беларусі, а пытаньня пра колькасны склад місіі Цэнтравыбаркам уздымаць ня будзе.

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Лямбэрта Заньера
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Лямбэрта Заньера

Спадар Лінк першы год працуе на пасадзе дырэктара БДІПЧ. «І было бачна — сёньняшняя размова з праваабаронцамі для яго не была фармальная», — сказаў Свабодзе старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Прадстаўнікі БХК разам з экспэртамі праваабарончага цэнтру «Вясна» сёньня сустракаліся зь ім для асобнай размовы:

«Галоўнай тэмай былі будучыя выбары і назіраньне за імі. Але, што таксама важна, выбарамі мы не абмяжоўваліся. Бо таксама абмяркоўваліся пытаньні больш шырокага ўдзелу і ўплыву БДІПЧ у працы ў Беларусі і пасьля выбараў таксама.

Па-першае, нас запэўнілі, што правы чалавека па-ранейшаму застаюцца важным пытаньнем. Пра гэта гаварылася і на сустрэчах зь міністрам замежных спраў і з прэзыдэнтам. І гэтак будзе заставацца ў далейшых стасунках АБСЭ і Беларусі. І ёсьць зацікаўленасьць у некалькіх доўгатэрміновых праектах, якія кладуцца ў кантэкст правоў чалавека».

А вось з патэнцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнта чыноўнікі АБСЭ ні ўчора, ні сёньня не сустракаліся. «Было б лепей, калі б такая размова адбылася», — лічыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

«Для Аб’яднанай грамадзянскай партыі свабодныя і сумленныя выбары — адзін з галоўных прыярытэтаў.

І другое: адна з нашых задач — не дапусьціць легітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных і сумленных выбараў. І тут БДІПЧ стане галоўным, хто будзе вызначаць, што ў нас — выбары ці кампанія бяз правілаў?»

Мяркуецца, што выбары прэзыдэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG