Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалаю Статкевічу ў шклоўскай калёніі пагражае спагнаньне


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Ужо на другі дзень знаходжаньня Мікалая Статкевіча ў шклоўскай калёніі яму паспрабавалі вынесьці спагнаньне. Якія побытавыя ўмовы і якое абыходжаньне чакаюць палітвязьня ў шклоўскай калёніі?

Трэці дзень Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў карантыне шклоўскай калёніі, куды яго перавялі з магілёўскай турмы. Палітвязьня ўжо наведаў адвакат, а ўчора, 15 студзеня, яму дазволілі патэлефанаваць жонцы Марыне Адамовіч. Марына распавяла вядомыя ёй падрабязнасьці першых дзён знаходжаньня Мікалая Статкевіча ў шклоўскай калёніі:

«Ведаю, што да яго прычапіліся, што нібыта недакладная на ім вопратка. Штаны ім падаліся ня тыя, як трэба. Між тым, гэта тыя штаны, якія разам з робай былі выдадзеныя яму ў магілёўскай турме, таму калі накладаць на каго спагнаньне, дык на магілёўскіх турэмшчыкаў. Але пакуль няма выніку, ці далі яму за гэта спагнаньне. Мне падаецца гэта ціскам, што звычайна робіцца адразу пасьля этапу. Пабачым, які будзе вынік».

У карантыне Мікалай Статкевіч мусіць адбыць 2 тыдні, потым яго накіруюць у адзін з атрадаў. Праваабаронца з «Плятформы інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая нядаўна наведвала шклоўскую калёнію, паведаміла пра ўмовы і асаблівасьці кантынгенту вязьняў у гэтай установе.

«Атрадаў у калёніі 17. Ва ўсіх, акрамя трох, казарменны тып разьмяшчэньня — гэта калі ўсе знаходзяцца ў адным вялікім памяшканьні. Ложкі там двух’ярусныя. У кожным з атрадаў ад 70 да 95 чалавек. Прыкладна да 25% вязьняў асуджаныя паводле артыкула 328 — гэта злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркотыкаў. Ёсьць таксама вязьні, якія трапілі туды за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. У кожнага з атрадаў ёсьць невялікі дворык, на якім ёсьць турнік для заняткаў спортам».

Мікалай Статкевіч ужо быў у шклоўскай калёніі ў 2011 годзе. Адтуль яго перавялі ў магілёўскую турму — нібыта як злоснага парушальніка рэжыму. У шклоўскай калёніі, паводле Мікалая Статкевіча, быў выпадак з турніком у атрадным дворыку: нібыта турнік, на якім займаліся фізкультурай Статкевіч і ягоныя сябры, быў зрэзаны на загад адміністрацыі. Статкевіч меркаваў, што гэта было зроблена наўмысна, каб справакаваць варожасьць да яго з боку іншых вязьняў. Алёна Красоўская-Касьпяровіч распавяла, што згадала пра гэтую гісторыю, калі наведвала шклоўскую калёнію. «Мы наведалі ўсе атрады і ўбачылі, што ўсе турнікі цяпер на месцы», — паведаміла праваабаронца.

70% вязьняў шклоўскай калёніі працуюць. У калёніі ёсьць добры дрэваапрацоўчы цэх, ёсьць кравецкая і шавецкая вытворчасьць, мэталаапрацоўка:

«У кожным з атрадаў ёсьць вялікі вадкакрышталічны тэлевізар. Але чаго не хапае, як на маю думку, дык гэта лядоўняў. Калі ў некаторых атрадах яны ёсьць, дык па адной. На 70–95 чалавек хацелася б болей».

Стаўленьне да палітычных там адрозьніваецца ад стаўленьня да звычайных вязьняў

Былы палітвязень Алег Гнедчык у 2011 годзе таксама адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. Ён мяркуе, што да палітвязьняў там асаблівае стаўленьне і што яно не зьмянілася:

«Мне цяжка параўноўваць умовы зь іншымі калёніямі, бо я сядзеў толькі ў Шклове. Але стаўленьне да палітычных там адрозьніваецца ад стаўленьня да звычайных вязьняў. Гэтым могуць дараваць нейкія нязначныя парушэньні, а палітычным адразу заносяць гэта ў справу і лічаць за адміністрацыйнае парушэньне. Палітычным там сядзець цяжка. Вось калі Лукашэнка прыяжджаў у Шклоў, то мяне і палітвязьня Новіка адразу зьмясьцілі ў карцэр. Прэвэнтыўна, відаць».

Нагадаю, калі ў 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў Шклоў, ён упершыню заявіў пра магчымасьць вызваліць палітвязьня Статкевіча, калі той напіша прашэньне аб памілаваньні і зьедзе зь Беларусі. Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч пісаць такое прашэньне адмовіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG