Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: «Георгіеўская стужка пераўтварылася ў сымбаль расейскага шавінізму»


Мікалай Статкевіч у лісьце з турмы выказаўся пра насаджэньне ў Беларусі георгіеўскіх стужак і працэс фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў.

Мікалай Статкевіч пракамэнтаваў зьвесткі пра тое, што напярэдадні 9 траўня і 3 ліпеня ў Беларусі шмат дзе распаўсюджвалі георгіеўскія стужкі. Палітык лічыць гэта прыкметай таго, што дзяржаўная нацыянальная палітыка церпіць паразу. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч працытавала ягоны ліст.

Мікалай Статкевіч з жонкай

Мікалай Статкевіч з жонкай

«З нашага спатканьня згадваю пра тваё назіраньне, што палова міліцэйскіх машын у Менску „ўпрыгожаная“ георгіеўскімі стужкамі. Шчыра кажучы, ўражаны. Пасьля ўкраінскіх падзей тыя стужкі ўжо выглядаюць не ўзнагародай ўласаўскай „расейскай вызваленчай арміі“ ці стужкай да савецкага ордэну „Слава“, а сымбалем агрэсіўнага расейскага шавінізму. Цікава, што будуць рабіць такія абаронцы парадку ў незалежнай Беларусі, калі Пуцін, прыкладам, у 17-ым годзе вырашыць падняць перад выбарамі свой рэйтынг шляхам вяртаньня „да хаты“ яшчэ адной часткі „рускага сьвету“. Мабыць, пабягуць „зялёным чалавечкам“ дарогу паказваць». Такая сытуацыя цалкам прадказальная, бо калі дзяржава не фармуе ў сваіх грамадзянаў уласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці, то ў іх сфармуецца чужая, бо сьвятое месца пустым не бывае».

Паводле Мікалая Статкевіча ў Беларусі для фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці не задзейнічаныя мова і гісторыя. «20 гадоў дзяржава змагаецца са сваёй гісторыяй», — лічыць былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

Днямі зь Міколам Статкевічам сустрэўся адвакат. Паводле зьвестак абаронцы, Статкевіч не згубіў бадзёрасьці і аптымізму.

Палітвязьня трымаюць ў крытай магілёўскай турме. Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, што ён не прызнаў.

XS
SM
MD
LG