Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ня ўбачыла парушэньняў у шэсьці з расейскімі сьцягамі ў цэнтры Магілёва


Фота ўдзельнікаў велапрабегу каля ўязнога знаку ў Магілёў
Фота ўдзельнікаў велапрабегу каля ўязнога знаку ў Магілёў

Магілёўская міліцыя ня ўгледзела парушэньня закону ў дзеяньнях маладых людзей, якія 22 верасьня з расейскімі сьцягамі хадзілі па цэнтры гораду. Гэта вынікае з адказу старшыні абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімеру Шанцаву.

Партыец дамагаўся, каб «невядомых сябраў БРСМ» прыцягнулі да адказнасьці. У сваёй скарзе актывіст спасылаўся на апублікаваныя ў шэрагу недзяржаўных СМІ фота з калёнай маладых людзей у майках з надпісам «БРСМ», якія несьлі ўзьнятымі сьцягі суседняй дзяржавы.

Уладзімер Шанцаў настойваў: учынак маладзёнаў падпадае пад «публічнае дзеяньне ў выглядзе дэманстрацыі, скіраванае на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

У адказе зь міліцыі ня згадваецца, што нехта ішоў калёнаю і нёс расейскую атрыбутыку. Гаворыцца толькі, што ў названы Шанцавым час у Магілёве праходзіў «Велапрабег Саюзнай дзяржавы „Моладзь Расеі і Беларусі — дарога ў будучыню Саюзнай дзяржавы“».

Яго ўдзельнікамі, гаворыцца ў лісьце, былі маладыя парлямэнтары, лідэры моладзевых грамадзкіх арганізацыяў, студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, а таксама працоўная моладзь Беларусі і Расеі.

«У іхных дзеяньнях якіхсьці парушэньняў дзейнага заканадаўства ня выяўлена», — адпісалі зь міліцыі Ўладзімеру Шанцаву.

Дазволенае ўладай «саюзнае мерапрыемства» праходзіла на плошчы Славы. Тым часам, як сьцьвярджаюць сьведкі, маладыя людзі ішлі да яе з разгорнутымі расейскімі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы — Першамайскай.

«Мы ж памятаем, з чаго ўсё пачыналася ў Луганскай і Данецкай абласьцях — вось з такіх бяскрыўдных зусім на першы погляд мерапрыемстваў», — камэнтуе адказ зь міліцыі Ўладзімер Шанцаў.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

«Мы ўсё часьцей пачынаем чуць пра „Магілёўскую Народную Рэспубліку“ і пра грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі на баку сэпаратыстаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе і якія ў інтэрвію заяўляюць, што гатовыя бараніць гэтую „Магілёўскую Народную Рэспубліку“. Гэта ня ўсё так бяскрыўдна, і гэта трэба выкараняць, пакуль не прарасло».

Кіраўнік апазыцыйнай партыйнай арганізацыі перакананы, што падобныя мерапрыемствы, якія праходзяць з дазволу Міністэрства адукацыі Беларусі і кіраўніцтва аблвыканкаму, не ўмацоўваюць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, а яшчэ мацней яе размываюць.

«Зразумела, што важную ролю цяпер адыгрывае расейская прапаганда. А калі няма годнага ёй адказу, то на беларусаў яна дзейнічае. Таму беларуская моладзь ходзіць не зь беларускімі сьцягамі, а з расейскімі. Без сумневу, па тэрыторыі Беларусі трэба хадзіць зь беларускімі сьцягамі. Аднак калі б я прайшоў, як тыя маладыя людзі, зь бел-чырвона-белым сьцягам, мне б быў штраф», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

На ягоную думку, беларускія праваахоўныя органы і чыноўнікі ня бачаць пагрозы ад шэсьцяў з расейскімі сьцягамі, альбо робяць выгляд, што такой пагрозы няма.

«За плячыма вышэйшага афіцэрскага складу міліцыі, КДБ, войска — савецкая школа. У іх шмат агульнага зь іх расейскімі калегамі. Разам з тым мушу нагадаць пра падзеі ў Крыме. Тады ж шмат украінскіх афіцэраў перайшлі на бок Расеі, і расейцы тады хваліліся, што ўзялі паўвостраў безь ніводнага стрэлу. Тыя ўчынкі былі здрадаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG