Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будоўля ў Курапатах прыпыненая на дзень, але ня спыненая


На раніцу 27 лютага будаўнічыя работы на пляцоўцы ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» прыпыненыя. З будаўнічай пляцоўкі пад радасныя воклічы актывістаў вывелі бульдозэр, будаўнікі з малой тэхнікай зачыніліся за агароджай, але не вядуць работ. Таксама будоўля фактычна не вялася на выходных.

Абарона Курапатаў. Раніца 27 лютага (Фотагалерэя):

Але і актывісты, і будаўнікі заяўляюць, што будоўля ня спыненая канчаткова. Дырэктар ЗАТ «Белцяжмаш» Ігар Анішчанка пагадзіўся менавіта на прыпыненьне будаўнічых работ на адзін дзень, але ня вёў гаворкі пра спыненьне будаўніцтва. Пра гэта карэспандэнту Свабоды кажа прараб, пацьвярджаюць актывісты Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец.

Актывісты абвясьцілі мабілізацыю на наступную раніцу, 28 лютага. Будаўнічыя работы звычайна пачынаюцца а 8-й гадзіне.

***

Пратэсты на будаўнічай пляцоўцы трываюць ужо другі тыдзень.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG