Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Гілевіч: Баязьліўцу ня месца ў літаратуры ПОЎНАЯ АЎДЫЁВЭРСІЯ


Прапануем з архіваў Свабоды "Вольную студыю" з Нілам Гілевічам. Тут поўная аўдыёвэрсія размовы.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч выдаў свой збор твораў уласным коштам. Дваццаць тры тамы паэзіі, прозы, публіцыстыкі, перакладаў са славянскіх літаратур.

Чаму гэтым зборам твораў не зацікавіліся дзяржаўныя бібліятэкі? Наколькі небясьпечна ў Беларусі займацца палітычнай сатырай? У чым прычыны пасыўнасьці беларускага грамадзтва?

Ніл Гілевіч — госьцем «Вольнай студыі».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:21 0:00
Наўпроставы лінк

— Ніл Сымонавіч, выхад вашага дваццацітрохтомавіка — факт беспрэцэдэнтны ў гісторыі беларускай літаратуры. Яшчэ не было выпадку, каб народны паэт выдаваў збор твораў уласным коштам. Ці няма ў вас крыўды ў гэтай сувязі на айчынных выдаўцоў, на грамадзкія інстытуцыі, якія ўсё ж маглі б заапекавацца выданьнем вашых твораў?

— Я сапраўды 23 тамы выдаў за сваю вельмі сьціплую пэнсію, адрываючы ад таго, што трэба было пускаць на харчаваньне, на лекі. А што, хіба іншых вядомых паэтаў і празаікаў дзяржава шматтомна выдала? У лепшым выпадку — 3-4 тамы. На жаль, мне не пашанцавала на фундатараў. Мне калі і дапамагалі, дык толькі мае бедныя сваякі — хто даў 50 даляраў, хто 100. А больш ніхто не дапамог. Таму і наклады 100, 70 і нават 50 асобнікаў. А дзе браць грошы? Нават ня ўсе абласныя бібліятэкі заказалі. Уяўляеце, абласная бібіліятэка і — ніводнага тому ў яе фонды ня трапіла. Да чаго мы дажыліся? Я ўсё жыцьцё працаваў, як катаржнік. У мяне вельмі рэдка былі вольныя дні. Сябры, знаёмыя як нядзеля — у лес на шашлыкі. Мне гэта невядома. У той час, калі добрыя людзі езьдзілі смажыць шашлыкі, я раскладаў паперы (не хапала стала — на падлозе раскладаў), бо трэба было, скажам, з 50 варыянтаў народнай песьні выбраць адзін, каб паставіць у зборнік. Вельмі мала змарнаваў я свайго жыцьця. І гэта мяне цешыць.

— У збор твораў увайшлі і сатырычныя паэмы, сярод якіх — «Сказ аб незвычайнай эпідэміі ў старажытнай Тутэміі». Пра тое, як у адной краіне выбіралі цара. Падзеі вельмі нагадваюць першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Ды і героі паэмы пазнавальныя — Івась, Лявось, Ляксандусь, Віктусь. Пазнаецца і новаабраны цар Васісёр, які, як кажуць у народзе, і крошачкі пабраў... Вы не баіцеся публікаваць такія творы пад сваім прозьвішчам?

— Як вам сказаць... Я думаў пра тое, што надзённая сатыра можа абысьціся мне вельмі дорага. Увогуле, праца ў літаратуры — справа для людзей мужных. Баязьліўцу ня месца ў літаратуры. Асабліва ў такія эпохі, калі Бог ведае, што адбываецца за дзьвярыма тваёй кватэры, у тваёй

Я думаў пра тое, што надзённая сатыра можа абысьціся мне вельмі дорага

краіне. Справа, што і казаць, рызыкоўная. Але я адчуваю абсалютную патрэбу выказацца на надзённыя тэмы так, як мне хочацца. А ўсё астатняе ў Божых руках. Калі нехта пазнаў сябе, хай падумае. З самага пачатку, калі ў нас памянялася ўлада, з высокай трыбуны прагучала: «Эти Быковы, Гилевичи и Шушкевичи». Бачыце, нават у множным ліку. Ня ведаю, ці гэта выступоўца прачытаў мае паэмы, ці проста — ведаючы маю пазыцыю. Я ж тады адразу, як было заяўлена, што беларуская мова нічога ня вартая, зрэагаваў вельмі рэзка.

— «Я ва ўсім дэмакрат прынцыповы, / за свабоду жыцьцё пакладу, / а супроць беларускае мовы / нават з Гітлерам разам пайду!»

— Менавіта. Я рэагаваў так, бо ня ўкладвалася ў маёй галаве, каб адказныя ў дзяржаве людзі былі супроць дзяржаўнай мовы, мовы свайго народу, мовы нацыі. Таму і «супроць беларускае мовы нават з Гітлерам разам пайду». Думаю, што гэта справядліва сказана.

— Тры тамы вашага збору твораў займаюць пераклады. 175 баўгарскіх паэтаў, 55 славацкіх, 23 украінскіх... Не шкадуеце, што столькі шмат часу патрацілі на чужую творчасьць?

— Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб’ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны баўгарскі раман, дзьве аповесьці, шмат апавяданьняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія — мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысьціся спакойна. І з паэзіі ня столькі трэба было перакладаць. Канешне, у кожнай нацыянальнай літаратуры ёсьць імёны і творы, якімі мне пасьля прачытаньня ў арыгінале хацелася падзяліцца з чытачамі беларускімі. Ніхто ж другі ня браўся, не рабіў. Вось у чым справа. У нас перакладалі зь нямецкай, з францускай, а хто з баўгарскай? Ніхто. А паэзія выдатная! Імёны, Божа мой, якія! Ці тая ж украінская паэзія. Вялікі сучасны паэт Дмытро Паўлычка, пасьля Шаўчэнкі другога такога ва ўкраінскай літаратуры няма. Ёсьць і другія выдатныя, і жывуць, дзякуй Богу, але Паўлычка — гэта велічыня! Як я мог не перакласьці яго белыя санэты, яны ж геніяльныя! Вось у чым справа. Але мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш — назад не адкруціш.

— З 1995 году ў Беларусі не прысвойваецца званьне народнага паэта. Новыя народныя артысты, скажам, зьяўляюцца, а паэты ці пісьменьнікі — не. Як вы лічыце, чаму?

— Тут усё вельмі проста. Даць такое званьне — значыць, павысіць прэстыж усёй беларускай літаратуры, яе аўтарытэт, зьвярнуць увагу ўсёй

Навошта ўладзе павышаць прэстыж літаратуры, якой яна жадае сьмерці?

грамадзкасьці на пэўнае імя. А дзяржаўная палітыка скіраваная зусім у другі бок. Навошта ўладзе павышаць прэстыж літаратуры, якой яна жадае сьмерці? Маўляў, няма каму тое званьне даваць. Хтосьці нешта выдае за свой кошт, як мая міласьць — хай сабе, спускаецца ўсё на ўзровень самадзейнасьці. А падымаць аўтарытэт нашай літаратуры — гэта значыць, падымаць аўтарытэт беларускай мовы. А палітыка, паўтараю, скіраваная на тое, каб прынізіць гэты аўтарытэт, яшчэ раз давесьці, што мова нашая нічога ня вартая. Калі ня зьменіцца ў нас культурная палітыка, ня зьменяцца адносіны да літаратуры, да культуры, да беларускай мовы, нічога добрага нас не чакае. Сьвіней можна праз год нагадаваць ізноў. Ураджай можна павысіць. Машынаў можна нарабіць больш сучасных. Але калі загіне мова — канец. Разумныя людзі, асабліва інтэлігенцыя і тыя, якія маюць уладу ў краіне, павінны гэта разумець. Але пакуль не разумеюць. І гэта мой самы вялікі клопат і боль.

— Вось запавет Кастуся Каліноўскага беларускаму народу: «Жыві ў праўдзе, жыві ў свабодзе». Здаецца, так проста — у праўдзе і свабодзе. Няўжо наша грамадзтва яшчэ не дарасло, каб жыць паводле Каліноўскага?

— Нам не далі дарасьці. Увесь час, як толькі мы пачыналі набіраць глыбокае дыханьне, нас білі па галаве і асаджалі, заганяючы ў становішча рабоў. Згадайма 20-я гады — які ўзьлёт беларускага духу быў! Што адбывалася! Колькі цягнулася? 6-7 гадоў. А колькі пасьпелі зрабіць, якая літаратура вырасла! Было 5 пісьменьнікаў, а стала 105! Ды якія таленты! І што? Адразу — па галаве. У гады вайны, у час акупацыі, нібыта павярнулася трошкі да лепшага ў Маскве, зьявілася ўвага да нацыянальнага пытаньня. Ясна чаму, бо трэба было, каб беларусы,

Беларускі народ і ў маўчаньні вялікі

якія тут засталіся, не пайшлі на згоду з акупантамі, ня сталі калябарантамі. Таму — калі ласка. Імем Каліноўскага нават партызанскія атрады называліся. І колькі такая палітыка пратрымалася пасьля вайны? Некалькі гадоў. У пачатку 50-х зноў пачалі гакаць і біць. І зноў — па галаве, па галаве. А вазьміце нядаўнія 90-я. Ізноў — які ўздым быў! Колькі цягнуўся? Тры-чатыры гады... Наш народ гатовы жыць у сваёй краіне, сваім ладам-парадкам, толькі трэба па-Боску паставіцца да яго памкненьняў. Дзякаваць Богу, сёньня ў нас многа маладых, якія дарасьлі, прынялі да сэрца і ўзброіліся лёзунгам Каліноўскага: жыць у праўдзе і свабодзе. Гэта, дарэчы, непадзельнае: няма праўды — няма свабоды. Доўгія стагодзьдзі забівалі ў народзе ўсё, што можна было забіць. Але ж не забілі дарэшты. Тое, што народ сёньня не бярэ зброю ў рукі і не змагаецца — нічога. Беларускі народ і ў маўчаньні вялікі. Прыйдзе пара, і вырашальнае слова будзе сказана.

— Ніл Гілевіч — самы блізкі да нацыянальнага тэатру пісьменьнік. Я маю на ўвазе, што ад вашага дому да Купалаўскага — з паўсотні мэтраў. І тым ня менш, ніводная з вашых 15 (!) п’есаў не пастаўленая на сцэне. Чаму так сталася?

— Відаць, я ня маю небходных драматургу здольнасьцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісьці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я — палец аб палец ня ўдарыў. Вось прачытаў Валеры Анісенка маіх «Родных дзяцей» і папрасіў зрабіць лібрэта для радыёп’есы. Я зрабіў. П’еса пару разоў прагучала па радыё, былі добрыя водгукі, выдатныя акторы прымалі ўдзел. Але сапраўды ніводзін тэатр не заўважыў, не зьвярнуў увагі на мае драматычныя творы. Што ж, у гісторыі літаратуры, і сусьветнай, і нашай, не ў аднаго мяне такая сытуацыя, калі на нейкую частку тваёй творчасьці ня зьвернутая ўвага.

— У свой час вы плённа супрацоўнічалі зь беларускімі кампазытарамі, напісалі шмат выдатных песьняў. А ці зьвяртаюцца да вас кампазытары-песеньнікі сёньня?

— Ужо гадоў дваццаць не зьвярталіся. Вядомыя кампазытары — людзі практычныя, пабачыўшы адносіны рэжыму да мяне, перасталі зьвяртацца. Навошта ім рызыкаваць? Маўляў, напішу — а ўсё роўна

Вядомыя кампазытары — людзі практычныя, пабачыўшы адносіны рэжыму да мяне, перасталі зьвяртацца

ня пусьцяць у эфір. За 20 гадоў па дзяржаўным тэлебачаньні ні разу не паказалі народнага паэта Ніла Гілевіча. Ніводнай перадачы па дзяржаўным радыё пра народнага паэта. І вядомым кампазытарам усё стала зразумела. Зьвярнуўся да мяне малады кампазытар, ён жа і сьпявак, Зьміцер Смольскі. У маёй паэзіі ён выбраў верш «Талісман» і напісаў песьню. Мне асабіста яна вельмі спадабалася, і ня толькі мне. Я атрымаў шмат-шмат званкоў з падзякай за гэтую песьню. Яна і цяпер гучыць па радыё. Праўда, ніводнага разу не было названа імя аўтара. Гучыць — як народная. Ну і няхай. Я, канешне, горка ўсьміхаюся і кажу майму суаўтару-камапазытару: няхай не называюць, але хай гучыць, каб людзі слухалі.

— У вас заўсёды былі свае чытачы, і іх было шмат. Скажам, «Сказ пра Лысую гару» выйшаў агульным накладам 160 000 асобнікаў і ніколі ў кнігарнях не залежваўся. Сярод тысячаў вашых чытачоў мне хочацца назваць дзьве асобы — Ларысу Геніюш і Зоську Верас. Я рыхтаваў да друку іх лісты і ведаю, як яны вас цанілі. Калі б у вас была магчымасьць зьвярнуцца да Ларысы Антонаўны ці Людвікі Антонаўны, што вы ім сказалі б?

— Найперш я пакланіўся б нізка да зямлі — адной і другой. Гэта дзьве вялікія жанчыны ў нашай гісторыі. Паглядзіце, у мяне на самым відным месцы стаіць партрэт Ларысы Геніюш. Што датычыць Зоські Верас, то мне ўдалося выправіць адну страшную несправядлівасьць у адносінах да яе. Яна ж не была нават сябрам нашага Саюзу пісьменьнікаў, маючы вялікі літаратурны стаж. А значыць — не атрымлівала пэнсіі. І мне ўдалося паспрыяць ёй, з дапамогай Генадзя Каханоўскага, бо была адна фармальнасьць. Кандыдат у СП мусіў абавязкова жыць у Беларусі, а Зоська Верас жыла пад Вільняй. Дык Каханоўскі меў сваю хату ў Маладэчне і прыпісаў да сябе нейкую бабульку, ніхто там не разьбіраўся. Перашкода была зьнятая, і я тут жа, без прыёмнай камісіі (быў жа першым сакратаром саюзу) — адразу на прэзыдыюм, і ўсе падтрымалі. Літаральна назаўтра — па тэлефоне сярдзіты голас з ЦК КПБ, загадчык аддзелу Антановіч: «Што вы робіце? Вам не хапала ў Саюзе пісьменьнікаў гэтай старэчы?». Я кажу: «Вельмі не хапала. Вы проста ня маеце ўяўленьня, што гэта за чалавек, колькі яна зрабіла для нашай літаратуры і культуры». «Больш не рабіце так.» Вось які быў жудасны страх ва ўлады перад беларускім нацыяналізмам, дакладней, перад беларускім патрыятызмам. Перад беларускай мовай і перад асобамі, якія столькі зрабілі для нашай культуры.

— У сваіх творах вы часам выкарыстоўваеце трасянку. Вось як прамаўляе тост у гонар маці герой раману «Родныя дзеці»: «У ту вужасную разруху, / благадара і вапракі, / ана ня пала сілай духу, / пускала нас, как пціц, з рукі». Сёньня на трасянцы пішуцца цэлыя кнігі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі — расейская мова. Вось і ўсё. Трасянка — зьява пачварная, іншай ацэнкі быць ня можа. Той, хто думае іначай, проста памыляецца. А інтэлігентам беларускім у гэтым нельга памыляцца. Таму трэба вельмі крытычна ставіцца да трасянкі як зьявы. Я за доўгае жыцьцё пераканаўся — пачынаецца з трасянкі, а заканчваецца расейшчынай. Выняткі і тут могуць быць, але адзінкавыя.

— Сёлета ў вас выйшла кніга пад назвай «З Божай ласкі — дасеўкі». Але мне здаецца, што сяўня ваша яшчэ не пустая. Вось і нядаўна «Народная воля» надрукавала нізку вашых новых, як заўсёды актуальных, вершаў.

— Здаўна ў народзе гаварылася: засеўкі і дасеўкі, зажынкі і дажынкі. Мне здалося было — пара падбаць і пра дасеўкі. А калі нешта ўдасца яшчэ зрабіць, Бог мне маю пасьпешлівасьць даруе. Вось выйшлі 23 тамы, але ж у мяне тэкстаў яшчэ на некалькі тамоў падрыхтавана. Назьбірваецца вершаў на цэлы том, ужо набраныя тамы публіцыстыкі, літаратуразнаўства і крытыкі. Ну і, напэўна, тамы два будзе эсэістыкі. Прыкідваю, што можа набрацца тамоў сем дадатковых да збору твораў, якія я выдам, калі пасьпею. А не пасьпею — іншыя выдадуць.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG