Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Бяльчук трымае галадоўку ў СІЗА


Іван Бяльчук, бацька Мікалая

Іван Бяльчук, бацька Мікалая

Жыхар Арлянкі Маларыцкага раёну Мікалай Бяльчук, вакол якога 12 кастрычніка здарыўся канфлікт з АМАПам, 11 дзён трымае галадоўку ў СІЗА Берасьця.

Пра гэта сказаў Свабодзе бацька Мікалая — Іван Бяльчук. Ён кажа, што атрымаў ліст ад сына:

«Білі яго, вадой халоднай аблівалі, урач не прыходзіць. Сёньня адразу 6 лістоў ад Мікалая прыйшло. Ён пісаў, а яны не дасылалі, а сёньня ўсе адразу прыйшлі», — кажа Іван Бяльчук.

Бацька зачытаў урывак зь ліста Мікалая:

«Прыходзіў адвакат. Але цяпер не стаіць пытаньне аб судовым разборы. Я б расказаў усё пра жыцьцё ў СІЗА, пра начальніка зь Менску. Мне пры адвакату стала зусім дрэнна, ледзь дайшоў да камэры. Прыходзіў урач, бачыў, што я даходжу, але яму да лямпачкі. Дачушка, і ўсе родныя, я разумею ваш боль, але зразумейце ўсе і мяне, я да галадоўкі ня мог есьці і хадзіць у прыбіральню, на нос не магу дыхаць, відаць, паламаны. Я не магу пісаць, капэрту падпісаў сукамэрнік. Хутчэй за ўсё, гэта апошні ліст. Усе родныя, жывіце дружна, заставайцеся зь мірам... Ня ведаю, калі скончыцца маё дыханьне», — працытаваў ліст свайго сына ад 9 лістапада Іван Бяльчук.

Іван Бяльчук кажа, што хадзіў у СІЗА, каб прасіць сустрэчы з сынамі Мікалаем і Аляксандрам:

«Але ніхто не дазволіў. У абласны суд таксама хадзілі. Ніхто ніякай сустрэчы не дае, каб пабачыць, у якім яны стане. Мікалай піша, што калі прыяжджала да іх нейкая камісія, то яго з камэры ў камэру хавалі, каб не паказваць. Мікалай трымае галадоўку з 1 лістапада, ужо адзінаццаты дзень».

Іван Бяльчук рыхтуе заяву кіраўніцтву ізалятара, каб Мікалая перавялі ў лякарню.

Канфлікт сямʼі Бельчукоў зь міліцыянтамі здарыўся 12 кастрычніка. Міліцыянты, супрацоўнікі АМАПу прыехалі ў вёску Арлянка Маларыцкага раёну, каб забраць Мікалая Бельчука, якога зьвінавацілі ў «гвалце або пагрозе выкарыстаньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі».

Іван Бяльчук сьцьвярджае, што міліцыянты тады не прадставіліся і былі ня ў форме, таму сваякі пагналіся «за невядомымі», каб высьветліць, хто яны такія і куды павезьлі Мікалая.

Урэшце АМАПаўцы прымянілі табэльную зброю.

У прэс-службе УУС аблвыканкаму заявілі, што стралялі ў паветра і ў кола, але Бельчукі кажуць, што стрэлам быў паранены брат затрыманага Мікалая — Аляксандар Бяльчук.

Аляксандар трапіў у лякарню, аднак на яго завялі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам. Зь лякарні фэрмэра Аляксандра забралі ў СІЗА. Там цяпер і трымаюць, як і брата — Мікалая.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG