Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Аўтуховіча патрабуюць амаль 2 мільёны празь бюракратычны казус


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Грошы ад былога прадпрымальніка і палітвязьня патрабуе ваўкавыская ўправа Фонду сацыяльнай дапамогі насельніцтву. Чыноўнікі заяўляюць, што Мікалай Аўтуховіч, калі адбыў апошняе пакараньне зьняволеньнем, ня зьняўся з уліку як прадпрымальнік і за пэрыяд, пакуль не ўладкаваўся на працу, мусіць сплаціць абавязковыя ашчадныя ўнёскі. За 7 месяцаў 2014 году яму трэба сплаціць 1 мільён 700 тысяч рублёў запазычанасьці. Мікалай Аўтуховіч кажа, што ня мог зьняцца з уліку, бо паводле прысуду прадпрымальніцкая дзейнасьць яму забароненая яшчэ цягам 5 гадоў.

«Паводле закону забарона на прадпрымальніцкую дзейнасьць, якую мне прызначыў суд, распаўсюджваецца на ўвесь тэрмін, што я сядзеў, і яшчэ на 5 год. Я нават занёс ім копію прысудаў. Сказалі — добра, мы разьбярэмся. Разьбіраліся гэтак, што ўчора пазванілі і сказалі: не, ты павінен нам заплаціць. Але нічога я плаціць не зьбіраюся», — сказаў Свабодзе Мікалай Аўтуховіч.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, у мясцовым Фондзе дапамогі насельніцтву спасылаюцца на ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб унясеньні дапаўненьняў ва ўказы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня» ад лютага 2014 году. Паводле гэтага дакумэнту, які ўзялі за пункт адліку чыноўнікі фонду сацыяльнай дапамогі насельніцтву, вызваліць індывідуальнага прадпрымальніка ад сплаты страхавых унёскаў можна толькі тады, калі ён спыніў сваю дзейнасьць.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на тое, у якім становішчы знаходзіўся Мікалай Аўтуховіч як прадпрымальнік.

«Досыць дзіўная сытуацыя. Чалавек ня мог і ня можа ажыцьцяўляць прадпрымальніцкую дзейнасьць паводле выраку суду, але выплочваць грошы ў сацыяльны фонд за гэты пэрыяд ён абавязаны. Калі Мікалай сядзеў у турме, ён тым больш фізычна ня мог ані ліквідаваць ІП, ані сплаціць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Атрымліваецца замкнёнае кола», — выказваецца Валянцін Стэфановіч на сайце «Вясны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG