Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія летуценьнікі, альбо Пара вяртацца ў рэальнасьць


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Пасьля ня самага ўдалага ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году варта было б чакаць разбору палётаў і работы над памылкамі. Аднак замест гэтага апазыцыйныя лідэры робяць вельмі дзіўны ход.

30 кастрычніка пяцёра беларускіх апазыцыйных палітыкаў зьвярнуліся зь лістом да Эўразьвязу з просьбай паўплываць на Аляксандра Лукашэнку, каб прымусіць яго пайсьці на перамовы з апазыцыяй, закансэрваваныя ў 1999 годзе, а таксама запатрабаваць ад афіцыйнага Менску правядзеньня свабодных выбараў падчас парлямэнцкай кампаніі ў наступным годзе. Паводле ліста, Эўразьвяз павінен выставіць гэтыя патрабаваньні ў якасьці ўмовы адмены санкцыяў адносна кіраўніцтва Беларусі.

Галоўная праблема згаданага чыну лідэраў апазыцыі — гэта нерэальнасьць практычнага ажыцьцяўленьня такіх патрабаваньняў. З чаго раптам Лукашэнка пачне перамовы з апанэнтамі ці правядзе свабодныя выбары? На гэтую тэму нядаўна быў добры блог Юрыя Дракахруста. Але пасьля гэтага ліста тэма ня стала менш актуальнай.

Існуе ўсім вядомая максыма: будзь рэалістам, патрабуй немагчымага. Паводле гэтай лёгікі, чым больш ты задзіраеш плянку патрабаваньняў у торгу з апанэнтамі, тым больш атрымліваеш у выніку. Безумоўна, такая тактыка мае права на існаваньне. І можна прывесьці шмат прыкладаў, калі зь яе дапамогай палітыкі атрымлівалі перамогі.

Але каб атрымаць дывідэнды, настойваючы на максымуме, патрэбны шэраг спрыяльных умоваў. Найперш, трэба мець пэўную моц. Калі гэтага няма, то ў рэальнай палітыцы, эканамічных перамовах ці нават у бытавым канфлікце, калі ты задзіраеш надта высокую цану, выстаўляеш непрымальныя ўмовы, то з табой, часьцей за ўсё, проста ня стануць размаўляць.

Якраз гэта падобна да беларускага выпадку. Спроба вярнуцца ў мінулае, на 16 гадоў назад, — гэта як чалавеку вярнуцца ў маладосьць. Было б прыемна, але немагчыма. Звычайныя людзі гэта разумеюць, палітыкі — не заўсёды.

У 1990-я гады беларуская апазыцыя была мацнейшая. Яе палітычная сіла ў значнай ступені грунтавалася на міжнародна прызнанай легітымнасьці Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Яна магла выводзіць на вуліцы тысячы людзей. Таму тады апазыцыя ў значнай ступені вызначала парадак дня ў палітыцы Захаду адносна афіцыйнага Менску.

Сёньня апазыцыя слабая. Упершыню за шмат гадоў яна падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году фактычна ня мела вонкавых матэрыяльных рэсурсаў. Бо няма сэнсу падтрымліваць слабых, на іх ніхто ня робіць стаўкі.

Паводле разважаньняў прадстаўнікоў Захаду, моц палітыкаў выяўляецца ў падтрымцы грамадзтва. У гэтым сэнсе больш шанцаў атрымаць заходнюю дапамогу ў Тацяны Караткевіч і кампаніі «Гавары праўду». Невыпадкова яе цяпер запрашаюць у Брусэль і Вашынгтон.

Падабаецца нам ці не, але з моманту ўкраінскага крызісу геапалітыка ўсё больш выцясьняе каштоўнасьці

Нацыянальныя інтарэсы краін Захаду ніколі не супадалі поўнасьцю з інтарэсамі беларускай апазыцыі. Але ніколі раней яны так не адрозьніваліся, як цяпер. Падабаецца нам ці не, але з моманту ўкраінскага крызісу геапалітыка ўсё больш выцясьняе каштоўнасьці. ЭЗ і ЗША гатовыя весьці перамовы і прагматычна дамаўляцца з рэжымам Лукашэнкі як рэальным уладатрымальнікам. Асабліва ва ўмовах, калі самі беларусы ня надта патрабуюць дэмакратыі і свабодных выбараў.

Адна справа — патрабаваць дэмакратычных выбараў у якасьці піяру, публічнай рыторыкі. І зусім іншая справа, калі палітычныя лідэры імкнуцца грунтаваць на гэтым пытаньні рэальную палітыку. І тут варта ўзгадаць яшчэ адну максыму: палітыка — гэта мастацтва магчымага. Таму я задаю пытаньне: што падумаюць пра лідэраў беларускай апазыцыі кіраўнікі ЭЗ, атрымаўшы гэты ліст? Варыянты адказу я прапаную даць чытачам на форуме.

Калі практычная палітыка грунтуецца на ілюзіях, то гэта дрэнна. Галоўная праблема лідэраў беларускай апазыцыі — гэта нежаданьне вяртацца ў рэальнасьць. Магчыма, жыць у прыдуманым, віртуальным сьвеце камфортна. Там ёсьць і байкот, і ігнор выбараў, і масавая падтрымка ў Фэйсбуку. А рэальнасьць непрыгожая. Але летуценьнікі рэдка перамагаюць.

Пара вяртацца ў рэальнасьць, на грэшную зямлю. Калі канкрэтна, то варта абмяркоўваць, як апазыцыя зьбіраецца ўдзельнічаць у парлямэнцкай кампаніі 2016 году. Якая, ня варта мець ілюзіі, пройдзе паводле звычайнага беларускага сцэнару. Ніхто свабодныя выбары не прынясе на сподачку з блакітнай аблямовачкай.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG