Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менскія баракі хаваюць за рэклямнымі расьцяжкамі. Рэпартаж


Баракам на вуліцы Папаніна і Дзекабрыстаў на менскім прадмесьці Грушаўка сёлета спаўняецца 80 гадоў. Праўда, мясцовыя жыхары называюць гэты юбілей ня сьвятам, а ганьбай: дахі тут трымаюцца на падпорках, а з-пад падлогі прарастаюць дрэвы. Як жывуць у менскіх бараках, высьветліла Свабода.

Расейскія рэжысэры ўпадабалі Грушаўку

Вуліцы Папаніна і Дзекабрыстаў моцна дысануюць з суседнім праспэктам Дзяржынскага. Уздоўж шырокага праспэкту — сучасныя дамы ў 20 паверхаў і шкляныя бізнэс-цэнтры. І адразу за гмахамі схаваныя цэлыя кварталы прыватнага сэктару і драўляных баракаў, якія пабудавалі яшчэ да вайны.

За сто мэтраў ад праспэкту Дзяржынскага іншае жыцьцё

За сто мэтраў ад праспэкту Дзяржынскага іншае жыцьцё

«У нас вельмі любяць здымаць кіно пра вайну, — кажа Сьвятлана Рамуальдаўна з дому № 12 на вуліцы Папаніна. — Тут жа дэкарацыі непатрэбныя».

Раён і праўда захаваў атмасфэру савецкага часу. Ні на адным будынку тут няма шклопакетаў, на падʼездах не стаяць жалезныя дзьверы з дамафонамі. Даўно не фарбаваныя двухпавярховыя баракі хутчэй нагадваюць дэкарацыі, чым жыльлё.

У кожным доме толькі па восем кватэр, і ўсе тут ведаюць адно аднаго

У кожным доме толькі па восем кватэр, і ўсе тут ведаюць адно аднаго

Калі ў Грушаўку прыяжджаюць кіношнікі, на вуліцах зьяўляюцца нямецкія салдаты ці пачынаюць хадзіць трамваі. А аднойчы для фільму нават прывезьлі сланоў з цырку.

«Я неяк з пʼянкі прачнуўся, гляджу — за акном немцы, — узгадвае дзядзька Анатоль з 13-га дому. — Думаў, што вайна пачалася».

На здымках тутэйшыя жыхары часам зарабляюць грошы. Той жа дзядзька Анатоль патрапіў аднойчы ў масоўку. Некаторыя жыхары баракаў здаюць свае кватэры для здымкаў.

Чарговая здымачная група мусіць прыехаць сюды і сёлета. Кажуць, расейскія рэжысэры Дзьмітры Астрахан і Ўладзімер Краснапольскі вельмі ўпадабалі Грушаўку.

Лазьню зьнесьлі, але можна і ў рэчцы мыцца

Насамрэч, мала хто тут настроены рамантычна. Ці ня ўсе жыхары гатовыя зьехаць з сваіх баракаў хоць заўтра. Пабудаваныя ў 1936 годзе пад камунальныя кватэры, баракі не разьлічваліся на 80 гадоў. Старажылы ўзгадваюць, што яшчэ з 1960-х ходзяць размовы пра знос гэтых дамоў.

За дзіцячай пляцоўкай даглядаюць жыхары баракаў

За дзіцячай пляцоўкай даглядаюць жыхары баракаў

«Дзесьці будавалі барока, а ў нас — баракі», — кажа Сьвятлана Рамуальдаўна.

Да 1980-х у бараках разьмяшчаліся камунальныя кватэры. Потым тут зрабілі капітальны рамонт і абʼядналі адна- і двухпакаёвыя кватэры, якія раней мелі агульную кухню. Адну сямʼю з абʼядананай кватэры пакідалі тут, а іншай давалі новае жыльлё.

Пасьля капрамонту тут прыбралі печы, на якіх раней гатавалі і якімі абагравалі баракі. Зараз жыхары маюць газавыя калёнкі. Замест прыбіральняў на двары, усе займелі ўласныя выгоды. А вось ванныя пакоі так і не зьявіліся ў бараках.

Пасьля дажджу вада з вуліцы сьцякае ў падʼезд. У ЖРЭА Свабодзе паабяцалі разабрацца з гэтым пытаньнем

Пасьля дажджу вада з вуліцы сьцякае ў падʼезд. У ЖРЭА Свабодзе паабяцалі разабрацца з гэтым пытаньнем

Мыцца ўся Грушаўка хадзіла ў лазьню на вуліцы Папаніна. Часам у чарзе ў лазьню чакалі па тры гадзіны. Але пару гадоў таму на месцы лазьні пабудавалі офісны будынак. Найбліжэйшая лазьня — на Маскоўскай вуліцы.

«Езьдзім туды, а што рабіць? — кажа Канстанцін Лукʼянавіч з бараку на вуліцы Дзекабрыстаў, 16. — А летам можна і на рэчцы дзе. А што рабіць?»

Мышы, пацукі, прусакі і вусень ніколі не зьнікаюць

Езьдзіць штодня ў лазьню можа ня кожны. Таму многія жыхары баракаў зрабілі сабе «душалеты» — душы ў туалеце. Канстркуцыя вельмі простая: над унітазам знаходзіцца кран з вадой. Мясцовыя навучыліся мыцца пад такім душам, каб вада сьцякала менавіта ва ўнітаз.

У такіх умовах жывуць жыхары баракаў

У такіх умовах жывуць жыхары баракаў

Душалеты» гэтыя незаконныя, і за іх абсталяваньне можна нават атрымаць штраф. Але камісія выканкаму, ЖЭСу і санітарнай службы, наадварот, залічыла іх за душавыя паддоны. А значыць, праблемаў з мыцьцём у жыхароў баракаў няма.

Баракі ж літаральна развальваюцца. Летам у кватэрах на першых паверхах вельмі высокая вільготнасьць, а зімой прамярзае падлога. У адной кватэры з-за батарэі прабіваецца дрэва, якое гаспадыня ўвесь час падразае. Мышы, пацукі, прусакі і вусень ніколі не зьнікаюць.

Каб дах не абрынуўся ў падʼезд, яго падперлі драўлянай бэлькай

Каб дах не абрынуўся ў падʼезд, яго падперлі драўлянай бэлькай

«Гэта хіба XXI стагодзьдзе? — абураецца Алена Іванаўна з 12-га дому. — Жывём тут, як быдла якое!»

Дом № 14 на Папаніна ўвогуле ледзь трымаецца на драўляных падпорках. Гады чатыры таму тут абрынуўся дах у падʼезьдзе. ЖЭС дзіру закрыў дошкамі і паставіў пад іх драўляную бэльку.

«Мы ўжо на гэта не зьвяртаем увагі, — кажа Раіса Фішаўна з гэтага дому. — Нашы скаргі ўсё роўна нічога не даюць».

Калі прыяжджаў Лукашэнка, баракі хавалі за плякатамі

Акрамя кінарэжысэраў, грушаўскія баракі, відаць, нікому не патрэбныя. Зьнесьці іх зьбіраліся ўжо даўно. Калі пачалася рэканструкцыя праспэкту Дзяржынскага, жыхарам паабяцалі, што на іх месцы дакладна пабудуюць шматпавярховік.

Але грошай у інвэстара хапіла толькі на пару баракаў, што стаялі каля самай станцыі мэтро. А калі на адкрыцьцё станцыі мэтро «Грушаўка» ў 2012 прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка, баракі ад праспэкту схавалі.

«Чым толькі на закрывалі нашы дамы тады, — кажа Алена Іванаўна. — Ён іх, напэўна, і ня бачыў. Я думаю, Лукашэнка разабраўся б з такім бязладзьдзем у цэнтры гораду».

Ад праспэкту Дзяржынскага баракі відаць толькі праз гэты праход

Ад праспэкту Дзяржынскага баракі відаць толькі праз гэты праход

Цяпер ад праспэкту баракі таксама схаваныя рэклямнымі расьцяжкамі. А дом, што мае быць на іх месцы, пачалі будаваць зь сярэдзіны — з той часткі, якая выходзіць на праспэкт. Жыхары маюць на руках паперы, дзе абяцана адсяленьне да лістападу 2015 года. Але ў 2015 годзе прыйшоў новы ліст з новым тэрмінам адсяленьня — 2017-ы.

«Мы згодныя нават на меншую кватэру, — кажа Алена Іванаўна. — Але толькі ў новым доме. Хопіць ужо жыць у бараку».

На ўсе скаргі ў менскі гарвыканкам і адміністрацыю прэзыдэнта жыхары баракаў атрымліваюць адзін і той жа адказ: «рэалізацыю маёмасных правоў грамадзянаў-уласьнікаў нерухомай маёмасьці забясьпечвае ТАА „Датч Стар“».

У старых кватэрах жывуць па тры пакаленьні семʼяў

У старых кватэрах жывуць па тры пакаленьні семʼяў

Свабода датэлефанавалася да забудоўшчыка, але там не змаглі патлумачыць сытуацыю са зносам.

Нас прадалі як прыгонных сялян гэтаму забудоўшчыку

Пакуль чыноўнікі і забудоўшчыкі пераносяць час зносу баракаў, іхнія жыхары баяцца рамантаваць свае кватэры. Сёньня можна ўкласьціся ў новы газавы кацёл, а заўтра ён будзе непатрэбным у новай кватэры.

«Гэта лепшы дом на Грушаўцы», кажуць жыхары бараку па Папаніна, 13. Тут ужо даўно ўсталяваныя ванныя пакоі і прыбіральні

«Гэта лепшы дом на Грушаўцы», кажуць жыхары бараку па Папаніна, 13. Тут ужо даўно ўсталяваныя ванныя пакоі і прыбіральні

Каб сказалі, што ня будуць нас кранаць, мы б памянялі і вокны, і дзьверы, прывялі б кватэры ў парадак, — скардзіцца Тамара Міхайлаўна зь Дзекабрыстаў, 16. — А так кожны год нам паўтараюць, што гэта нашы праблемы. Дзяржава прадала нас як прыгонных сялян гэтаму забудоўшчыку».

Дамы ідуць пад знос, а таму ў дварах не мяняюць асфальт, ня робяць рамонту ў падʼездах, ня чысьцяць сьценаў, якія парасьлі мохам. У той жа час штомесяц жыхары атрымліваюць квітанцыі, дзе ім налічваюць плату за капітальны рамонт дому і тэхнічную абслугу.

Справа ў тым, што жыхары шматкватэрных дамоў штомесяц адлічваюць грошы не за капітальны рамонт свайго дому, але адпраўляюць іх на агульны рахунак. Таму гэтую паслугу не здымаюць з жыхароў баракаў.

Толькі з аднаго 8-кватэрнага бараку за год зьбіраецца боль за 5 мільёнаў рублёў, адлічаных на капітальны рамонт. Але жыхары ўпэўненыя, што ніякага рамонту тут ужо не правядуць.

«Думаю, нас, жыхароў, зьнясуць хутчэй, чым гэты дом», — кажа Канстанцін Лукʼянавіч.

XS
SM
MD
LG