Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка: Пастка захлопваецца


Дзеяньні ўладаў у Мінску 25 сакавіка ўражвалі ня толькі жорсткасьцю, але поўнай, на першы погляд, абсурднасьцю. Рэакцыя была «заточаная» пад прадухіленьне Майдану, рэвалюцыі, зрынаньня ўлады.

Нічым такім ня быў ніводны з папярэдніх пратэстаў апошніх месяцаў ні ў Менску, ні ў іншых гарадах краіны. Настрою учыніць нешта падобнае 25 сакавіка не было ні ў патэнцыйных арганізатараў, ні ў патэнцыйных удзельнікаў. У адрозьненьні ад 2006 і 2010 гадоў не гучала, што «ўсё вырашыцца 25 сакавіка». Але ва ўлады была свая лёгіка.

З верасьня 2015 года, пасьля вызваленьня Мікалая Статкевіча, сотні людзей шмат разоў удзельнічалі ў дэманстрацыях у Мtнску, у тым ліку і недазволеных. Колькасьць удзельнікаў тых акцыяў была параўнальна невялікая.

Але потым сышлося адразу шмат рэчаў: і зацяжны, ужо двухгадовы эканамічны спад, і падвышэньне пэнсійнага ўзросту, і тарыфы ЖКГ, і самы «каштоўны» падарунак ад улады добраму народу — дэкрэт № 3. Ну і на гэта наклаўся і вопыт хай і куртатай, але ўсё ж «вольніцы» паўтара гадоў — ня б’юць, не саджаюць, здаецца. На самай справе гэта ўбачыла, пачула значна больш людзей, чым ўяўлялася і ўладзе, і апазыцыі, і публіцы.

Ва ўлады не было падставаў баяцца чаканых, відавочных наступстваў акцый пратэсту па ўсёй краіне.

Гэта і дало нечаканы эфэкт. Ва ўлады не было падставаў баяцца чаканых, відавочных наступстваў акцый пратэсту па ўсёй краіне — яны не былі настолькі ўжо шматлікія, маніфэстанты дэманстравалі моцнае раздражненьне і абурэньне, але ніякай агрэсіі, акцыі не станавіліся шматдзённымі, стацыянарнымі, сілавыя структуры не праяўлялі ніякіх ваганьняў.

Усё гэта не давала падстаў меркаваць, што пратэст набудзе іншую якасьць, па меншай меры ў найбліжэйшай будучыні.

Але ўлада глядзела ў далёкую будучыню, у невядомасьць. Цяпер спалучэньне розных фактараў, у тым ліку і паслабленьняў, спарадзіла такі пратэст, а які спародзіць праз месяц, паўгода, год? Да таго ж маляваліся ў розуме, мабыць, усякія карцінкі накшталт кіеўскага Майдану, каірскай плошчы Тахрыр і іншых гарачых месцаў на мапе сьвету.

Таму нават калі ўлады розумам і ўсьведамлялі, што ў Беларусі сытуацыя не тая, душа, натура падказвала, што зьвязка лібэралізацыя-пратэсты павінная быць разарваная неадкладна і дэманстратыўна жорстка. І ўсё роўна, якой сілы і характару пратэсты лібэралізацыя спарадзіла цяпер.

Быў сэнс адпомсьціць за «пакуты», якія ўлада зьведала ў нядоўгі пэрыяд «адлігі», адбіць ахвоту пратэставаць надоўга.

Гэтай жа лёгікай ўлады кіраваліся і ў 2010 годзе. І не 19 сьнежня, калі на плошчу выйшлі дзесяткі тысячаў чалавек, а 20 сьнежня, калі стала ясна, што Майдану ў Менску не будзе. Не было сэнсу яго прадухіляць, але быў сэнс адпомсьціць за «пакуты», якія ўлада зьведала ў нядоўгі пэрыяд «адлігі», адбіць ахвоту пратэставаць надоўга. Як тлумачыў Ленін свае зьверскія расстрэльныя загады, «здушыць супраціў з такой жорсткасьцю, каб яны не забыліся гэтага на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў».

Для таго, каб на дзесяцігодзьдзі, трэба быць людажэрам ленінскага маштабу. Калі маштаб нашмат сьціплейшы, то як з няўмольнасьцю пэрыяды адлігаў зьмяняюцца палітычнымі замаразкамі, так адбываецца і адваротнае — пасьля сьнежня 2010 году надыходзіць жнівень 2015 году.

Свабоду можна не даваць, асабліва калі ня моцна просяць, з заробкамі і працай складаней.

На гэты раз гэта можа адбыцца хутчэй. Цяперашнія пратэсты спарадзіла як мінімум не толькі палітычная лібэралізацыя. У рэгіёнах падчас пратэстаў патрабавалі не свабоды, а заробкаў і працы. Свабоду можна не даваць, асабліва калі ня моцна просяць, з заробкамі і працай складаней.

Прычым пасьля 25 сакавіка, вельмі верагодна, стане складаней, чым да гэтага дня. Ці ўвядзе цяпер Захад ізноў санкцыі адносна Мінска — гэта невядома. Па тых настроях, якія пануюць у калідорах улады ў эўрапейскіх сталіцах — хутчэй не, чым так. Але «пернікаў» у выглядзе крэдытаў, прэфэрэнцыяў, супрацоўніцтва не будзе. Карцінка, як у эўрапейскай сталіцы сілы правапарадку хапаюць сотні людзей, прычым людзей, якія нічога не разбураюць і ня захопліваюць — гэта вельмі непрыгожая, нясмачная карцінка для Эўропы. Можа, не настолькі, каб выкарыстоўваць «пугу», але выдаваць «пернікі» ў такой сытуацыі занадта брыдка.

Пастка яшчэ не зачыніліся, магчыма, розум ўсё ж пераможа натуру, і поўнага вяртаньня ў сьнежань 2010 году не адбудзецца.

Думаю, што назіраючы за тым, што адбываецца ў Менску, у Крамлі 25 сакавіка з радасьці кульнулі па чарцы каньяку. І не таму, як мяркуюць многія, што беларускія пратэсты — вынік расейскай шматхадовай камбінацыі. Проста калі твой вораг ці нават «закаранелы сябар» (як нядаўна Лукашэнка назваў Мядзьведзева) робіць вялікае глупства — галоўнае, яму ў гэтым не перашкаджаць. Яму і не перашкаджалі.
Пастка яшчэ не зачыніліся, магчыма, розум ўсё ж пераможа натуру, і поўнага вяртаньня ў сьнежань 2010 году не адбудзецца. Сытуацыя пакуль яшчэ абарачальная.

Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, вызваленьне многіх затрыманых у Менску 25 сакавіка. Хоць незачыненая крымінальная справу супраць «баевікоў», рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і зборшчыкаў дапамогі для ахвяраў рэпрэсіяў не дазваляюць сказаць, што вопыт 2010 года нечаму навучыў беларускую ўладу.

Пратэсты лютага-сакавіка паказалі, што ў беларускім грамадзтве назапасіўся вельмі значны патэнцыял незадаволенасьці, злосьці і крыўды. Асабліва пратэсты ў рэгіёнах паказалі, што ён не абмяжоўваецца «крэатыўнай клясай», тымі, каму парадкі ў Беларусі не падабаліся і раней. Дзеяньні ўлады апошніх тыдняў заганяюць гэты патэнцыял пад спуд дзеля вонкавага спакою. Але ён ад гэтага не распусьціцца. Сьціснутая спружына часам раскручваецца нечаканым чынам і ў нечаканы час.

Перадрук з парталу tut.by

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG