Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начны саміт «Менск-2» адышоў у гісторыю. Настаў час прааналізаваць, што маем у сухім астатку.

Найперш, зьвярнуў бы ўвагу, што падпісаны дакумэнт называецца «Комплекс захадаў па выкананьні Менскіх пагадненьняў». То бок — дамоўленасьці, дасягнутыя ў Менску 5 і 19 верасьня мінулага году, ня выкананыя. Цяпер іх зафіксавалі, расшыфравалі ў новым дакумэнце. Але якая імавернасьць, што хоць новыя пагадненьні будуць выконвацца? То бок уся праблема ўпіраецца ў тое, што бакі, найперш — Расея, ня хочуць рэалізоўваць дамоўленасьці. І няма судзьдзі, арбітра, моцнага вонкавага ціску, які б мог прымусіць выконваць тое, што падпісалі.

Я б падзяліў усе падпісаныя дакумэнты на дзьве часткі. Першая ахоплівае канкрэтныя пытаньні спыненьня агню, замірэньня, разьвядзеньня бакоў, абмену палоннымі, гуманітарнай дапамогі. Яны расьпісаныя больш дакладна, пазначаныя даты і адлегласьці адводу цяжкіх узбраеньняў. То бок імавернасьць іх выкананьня вышэйшая. Хоць і тут ужо ўзьніклі рознагалосьсі ў інтэрпрэтацыі. Усё пагадненьне можа разбурыць сытуацыя вакол Дэбальцава. Пуцін трактуе гэтую тэрыторыю як захопленую сэпаратыстамі, бо ўкраінскія войскі ў аблозе, а Кіеў гэта адмаўляе. Ці вось пытаньне пра вызваленьне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якую Расея ня хоча вызваляць з палону, — яно можа прыпыніць абмен ваеннапалоннымі.

Тут зноў жа пытаньне пра арбітра. Калі б былі прадугледжаныя міратворчыя сілы, якія б разьмясьціліся паміж бакамі канфлікту, то імавернасьць разьвядзеньня войскаў была б большая.

Наколькі можна зразумець з тэксту пагадненьня, тыя тэрыторыі, якія былі захопленыя сэпаратыстамі падчас наступу з 24 студзеня, застаюцца пад кантролем ДНР і ЛНР. Прымусіць Расею вярнуцца да статус-кво на 19 верасьня Ўкраіне не ўдалося. Гэта значная саступка Кіева.

Другая частка пагадненьня «Менск-2» тычыцца палітычнага ўрэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны. Тут фармулёўкі ў дакумэнце менш дакладныя, што дае магчымасьць бакам інтэрпрэтаваць іх па-свойму. Напрыклад, пункт 4 прадугледжвае патрабаваньне «пачаць дыялёг аб мадальнасьці правядзеньня мясцовых выбараў» на тэрыторыі цяперашніх ДНР і ЛНР. Вельмі канкрэтна, праўда? Паколькі Кіеў не прызнае кіраўніцтва гэтых самаабвешчаных рэспублік за суб’екта перамоваў, то я не ўяўляю, як гэтае палажэньне пагадненьняў можа быць выканана.

Як і ў верасьнёўскіх пагадненьнях, у падпісаных цяпер дакумэнтах узгадкі пра ДНР і ЛНР няма ўвогуле. Нават Расея прызнае юрысдыкцыю Ўкраіны над гэтымі тэрыторыямі. Што варта лічыць важнай саступкай з боку Масквы.

Калі замірэньне, разьвядзеньне войскаў удасца рэалізаваць, а палітычнае ўрэгуляваньне — не, то мы атрымаем клясычны замарожаны канфлікт накшталт Прыднястроўя ці Нагорнага Карабаху

Увогуле, усталяваньне кантролю Ўкраіны над захопленымі сэпаратыстамі тэрыторыямі жорстка ўвязана з правядзеньнем ва Ўкраіне канстытуцыйнай рэформы, наданьнем Данецкай і Луганскай абласьцям значнай аўтаноміі. Гэта яшчэ адзін кампраміс з боку Кіева. Бо ў пагадненьнях ад 5 верасьня гаворка не ішла пра канстытуцыйнае замацаваньне аўтаноміі. Думаю, на гэтым пытаньні перамовы і завязнуць. Я вельмі скептычна ацэньваю пэрспэктыву вырашэньня згаданай праблемы бліжэйшым часам.

Зьвярніце ўвагу, што адразу пасьля завяршэньня перамоваў Пуцін пайшоў даваць інтэрвію расейскім мэдыям, а Парашэнка — украінскім. Кожны бок, такім чынам, адразу ж пачаў інтэрпрэтаваць пагадненьні на сваю карысьць.

Вось жа, калі замірэньне, разьвядзеньне войскаў удасца рэалізаваць, а палітычнае ўрэгуляваньне — не, то мы атрымаем клясычны замарожаны канфлікт накшталт Прыднястроўя ці Нагорнага Карабаху. І гэта не найгоршы варыянт, калі зыходзіць зь цяперашніх суадносінаў сілаў. Ён у пэўным сэнсе часова задаволіў бы ўсіх. Калі гарачай вайны няма, захоўваецца халодны мір, палітычнае ўрэгуляваньне можна весьці гадамі. Няхай кантактная група перасяляецца ў Менск, Аляксандар Рыгоравіч забясьпечыць удзельнікам ня толькі гарачую ежу і каву, але і ўтульнае жытло.

Тым часам Украіна атрымае магчымасьць праводзіць рэформы, не спасылаючыся на вайну. Заходнія санкцыі супраць Расеі будуць захоўвацца, і эканоміка РФ будзе паціху загніваць. Час працуе супраць Масквы. Як кажуць беларусы, абы не было вайны.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG