Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гісторык абвяргае гістарычныя прэтэнзіі Пуціна на Крым


«Я б пакінуў палітыку палітыкам, а гісторыю — гісторыкам», — так ацаніў менскі гісторык Андрэй Кіштымаў выказваньні Ўладзімера Пуціна пра ролю Крыма ў станаўленьні расейскай нацыі.

Падчас пасланьня да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сёньня заявіў, што з Крыму і Херсанэсу пачалася адзіная расейская нацыя. Гісторык Андрэй Кіштымаў гэта катэгарычна абвяргае:

Андрэй Кіштымаў

Андрэй Кіштымаў

«Верагодней за ўсё, гаворка ішла пра тое, што князь Уладзімер (ня будзем забывацца, што ён быў кіеўскім князем) са сваёй дружынай быццам бы ў Херсанэсе прыняў хрысьціянства. Гэта найбольш трывалая, скажам так, гістарычная вэрсія. І калі казаць пра праваслаўе як пра аснову — ну ня ведаю, ці то расейскай нацыі, ці то расейскай дзяржавы — то трэба казаць пра тое, што Ўладзімер быў кіеўскім князем, а не маскоўскім. А што тычыцца Расеі і рускіх — дык не качавала ж расейская сталіца: яна пераяжджала, канечне ж, з Масквы ў Пецярбург і назад, але ну ніяк кіеўскі князь ня мог стаць заснавальнікам расейскай дзяржаўнасьці. Так што тут прэтэнзіі неабгрунтаваныя.

Акрамя таго, калі казаць пра нацыю (а хрышчэньне Ўладзімера з дружынай адбылося ў Х стагодзьдзі, як і хрышчэньне Русі ў цэлым), то казаць, што ў Х стагодзьдзі пачалося фармаваньне расейскай нацыі, наагул не даводзіцца. Як, зрэшты, і ўкраінскай, беларускай, і францускай, і ангельскай. Нацыі, як любы гісторык пацьвердзіць, — гэта прадукт апошніх двухсот, максымум трохсот гадоў. Я б пакінуў палітыку палітыкам, а гісторыю — гісторыкам. Тады б гэтых казусаў не было».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG