Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская майстрыня стварыла лялечную дынастыю Агінскіх


Рамантычны Міхал Клеафас Агінскі
Рамантычны Міхал Клеафас Агінскі

Ад сёньня і да канца верасьня ў шэрагу краінаў праходзіць тыдзень Міхала Клеафаса Агінскага. 25 верасьня будзе адзначацца 250-гадовы юбілей выбітнага грамадзкага дзеяча, паўстанца, дыплямата, кампазытара. Рашэньнем ЮНЭСКО 2015-ты абвешчаны годам Агінскага.

Да імпрэзаў далучаецца і Беларусь: значная частка жыцьця Міхала Клеафаса ды ягонай сям’і зьвязаная зь мястэчкам Залесьсе на Смаргоншчыне, якое і стане галоўным асяродкам сьвяткаваньняў. Як лічаць дасьледчыкі, менавіта тут ён уславіў сваё імя геніяльным творам — палянэзам ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»).

Менская мастачка Маргарыта Верамейчык да знакавай даты стварыла аўтарскую лялечную галерэю, у якой прадстаўлены чатыры пакаленьні роду Агінскіх — ад дзядоў і бацькоў Міхала Клеафаса да жонак і дзяцей. Сам жа Міхал Клеафас у эксклюзіўнай калекцыі грае першую скрыпку ня толькі ў пераносным сэнсе:

«Цалкам натуральна, што галоўны герой маёй калекцыі — Міхал Клеафас Агінскі. Сапраўды, мабыць, усе ведаюць, што ён быў выдатным піяністам, але насамрэч яшчэ і вельмі ўмелым скрыпачом. Мяне заўсёды дзівіла: у разьездах па Эўропе, калі яму ў нейкім сьвецкім салёне трапляўся музыка, які добра валодаў скрыпкай, ён заўсёды браў у яго ўрокі, каб удасканаліць сваё граньне. А потым у адным зь лістоў нават напісаў, што сыграў усе квартэты Гайдна — а ў Гайдна гэтых квартэтаў больш за 80. Так што Агінскі вельмі любіў скрыпку і часта на ёй іграў».

Маргарыта Верамейчык з галоўным героем
Маргарыта Верамейчык з галоўным героем

У галерэі Маргарыты Верамейчык — дзед Тадэвуш, бацькі Андрэй і Паўліна, дзьве жонкі, чацьвёра дзяцей, а таксама ўплывовыя сваякі — Рыгор і Міхал Казімір. Кожную з 12-ці фігурак суправаджае рэпрадукцыя тагачаснага партрэту. Менавіта на падставе пасланьняў векавой даўніны мастачка «расшыфроўвала» характары ды густы сваіх герояў:

«Углядаючыся ў твары на партрэтах, трошку дадала ім аб’ёму, колеру, у некаторых выпадках прыдумала фасон у адпаведнасьці з тагачаснай модай», — тлумачыць суразмоўніца:

З жонкай Марыяй дэ Нэры і чатырма дзецьмі
З жонкай Марыяй дэ Нэры і чатырма дзецьмі

«Бачым Паўліну Шэмбэк, маці Міхала Клеафаса. Ён яе вельмі любіў, паважаў; пісаў пра яе надзвычай чульліва, адзначаў, што яна ўважлівая, пяшчотная. Лялька-партрэт — у стылі ракако, калі абавязковым атрыбутам былі парыкі, пышныя сукенкі. Дарэчы, усе героі ў строях розных часоў: сам Агінскі, напрыклад, ужо прадукт рамантызму, зусім іншы характар гардэробу... Дзеці ад шлюбу з італьянкай Марыяй дэ Нэры: дочкі Амэлія, Эма і Іда, сын Ірэнэуш. Першае іх дзіця, Амэлія, выглядае як на партрэце мастака Фабра, які захоўваецца, на жаль, не ў Залесьсі, а ў Коўне. Але цалкам можна ўявіць яе з такім букетам і ў залескім маёнтку. Вельмі цікавы яе лёс, яна шмат нарадзіла дзяцей, увогуле была гераічная жанчына. Мірна суседнічаюць жонкі: першая — Ізабэла Лясоцкая, і другая — Марыя дэ Нэры. Жыцьцё з Ізабэлай прыпала на самы актыўны палітычны пэрыяд дзейнасьці Агінскага, і яны рассталіся. А з Марыяй было вельмі рамантычнае, узьнёслае каханьне».

Ірэнэуш з бабуляй Паўлінай
Ірэнэуш з бабуляй Паўлінай

Мэтад выкананьня лялек — канструктарскае ноў-хаў Маргарыты Верамейчык. ЗD-носікі арганічна спалучаюцца з накладнымі парыкамі і падведзенымі фарбай абрысамі, спадарожныя прадметы ў руках герояў падкрэсьліваюць статус ці зацікаўленьні: скрыпка, шабля, веер, кветкі, парасон. Як кажа суразмоўніца, ці ня большых высілкаў, чым самі фігуркі, вымагалі складаныя строі:

«Строі ўсе розныя — розных часоў, розных эпохаў, бо нашы героі апынуліся якраз на зломе гісторыі. Бо калі да Вялікай францускай рэвалюцыі былі адны строі, то пасьля яе зьмянілася абсалютна ўсё: настала эра рамантызму, і гардэроб стаў зусім іншы. Гэта бачна нават па ўбраньні Агінскага: яно зрабілася сьціплае, нашмат зручнейшае, бязь лішніх упрыгожаньняў. Калі параўнаць з барочным строем, дзе ўсё было вышыта, зіхацела, выкарыстоўваліся вельмі дарагія матэрыялы, дык яму на зьмену прыйшоў прынцыпова новы стыль. Я ўжо не кажу пра сармацкі строй дзеда Тадэвуша, які нёс вялізную сэнсавую нагрузку кожным сваім элемэнтам і быў недаступны нават звычайнай шляхце — толькі магнатам. А што тычыцца Андрэя Агінскага, бацькі Міхала, то была спроба зрабіць „фірмовы“ строй дзяржаўнага дзеяча ВКЛ — кашталяна, ваяводы Троцкага».

Першы зьлева — Андрэй Агінскі, бацька Міхала Клеафаса
Першы зьлева — Андрэй Агінскі, бацька Міхала Клеафаса

Маргарыта Верамейчык кажа, што на ўвасабленьне ідэі спатрэбілася ні многа ні мала... 30 гадоў. Думка прыйсьці да адукацыі праз гульню наведала яе яшчэ ў сярэдзіне 1980-х, але рэалізаваць яе майстрыня наважылася толькі пад 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага:

Маргарыта Верамейчык – пра лялькавую калекцыю роду Агінскіх
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:15 0:00

«Насамрэч гісторыя вельмі даўняя. Яшчэ ў 1985 годзе мне першы раз трапіўся ў рукі раман Уладзімера Набокава „Приглашение на казнь“. У тыя часы Набокаў быў забаронены, і, само сабой, карцела зразумець, зь якой прычыны. Праўда, разьвіцьцё атрымалася зусім іншае. Галоўны герой кнігі Цынцынат займаецца тым, што робіць лялькі для дзяўчатак. Пры гэтым каго ён у сваёй майстэрні вырабляе? Як піша сам аўтар, тут і маленькі валасаты Пушкін у бекешы, і падобны да пацука Гогаль у квяцістай камізэльцы, і старэнькі Талстой, таўстаносенькі, у зіпуне, і шмат хто яшчэ. Мяне гэта вельмі ўразіла: калі ў 1918-м быў запушчаны плян ленінскай прапаганды, дык тут мэтад прынцыпова іншы: не прапаганды, а адукацыі праз гульню. То бок, забаўляючы — адукоўваць. Дагэтуль памятаю, як мяне гэта ўразіла. Нягледзячы на тое, што гэта было даўно і зьнікла ў нябыт, думка ўвесь час сядзела ў галаве. Час ад часу рабіла лялькі-партрэты, але глябальна ня мысьліла».

Дзяржаўны дзеяч, кампазытар, паэт Міхал Казімір Агінскі
Дзяржаўны дзеяч, кампазытар, паэт Міхал Казімір Агінскі

За штуршок у патрэбным напрамку і «ідэалягічную падтрымку» спадарыня Маргарыта ўдзячная брату, колішняму навуковаму супрацоўніку на той час яшчэ «музэя-руіны» ў Залесьсі Сяргею Верамейчыку. Пры канцы 1980-х ён зьмяніў сталіцу на Паўночныя Атэны, як называлі сучасьнікі Агінскага гэты райскі куток, але ўрэшце капітуляваў перад непрабівальнай сьцяной замшэлай бюракратыі. Менавіта ад яго запазычыла сястра прынцып творчага падыходу: гераізацыя не праз манумэнт, а праз іголку, тканіну, аловак.

Чатыры пакаленьні роду Агінскіх
Чатыры пакаленьні роду Агінскіх

«У справу зацягнуў брат. Ён чалавек надзвычай апантаны, натхняе на подзьвігі тых, хто навокал. Вось далучыў і мяне. Яшчэ ў 1990-х я рабіла лялькі для залескай батлейкі, дакладней, для дзіцячай опэры „Сон Антонькі, альбо Вечар у Паўночных Атэнах“. Праз гэтыя батлейкавыя лялькі ў мяне і здарылася першая сустрэча з Агінскімі. А ўжо пад сёлетні юбілей зьявілася ідэя зрабіць цэлую дынастыю. Зноў жа, успомніла таго набокаўскага Цынцыната, які вырабляў лялькі. Ідэя захапіла — гераізаваць Агінскага і ягоных блізкіх не праз манумэнт, не праз бронзу, не праз граніт — то бок не праз помнік, калі стаіш, задраўшы галаву, і глядзіш наверх — а праз узровень пабытовы, калі лялька робіцца з падручных матэрыялаў, калі яна блізкая, зразумелая і да яе можна дакрануцца. Прынцып такі: выкарыстоўваць рэчы, якія, калі ўтрыраваць, проста валяліся пад нагамі. Ня браць нейкія каштоўныя матэрыялы, а ўсё самае простае: пацеркі са старых упрыгожаньняў, сьпіцы, тканіна, папера. Ня патасныя матэрыялы, не дарагія, а даступныя кожнаму. Ну вось неяк атрымалася...»

Апошнія прыгатаваньні перад выставай
Апошнія прыгатаваньні перад выставай

Матэрыялам для вытанчаных постацяў служыла ўсё, што апыналася пад рукой: кавалкі тканіны, старыя сукенкі, аркушы пажоўклых часопісаў; сьпіцы, на якіх некалі вучыла вязаць Маргарыту яе матуля. Між тым адпачатку выношвалася зусім іншая форма ўвасабленьня — аб’ёмная. З залескага дзёньніка Амэліі, датаванага 1810 годам, вынікала: у яе і малодшай сястры Эмы была лялька, «убраная з пышнасьцю і густам, а твар яе меў далікатныя рысы, якія, дзякуючы артыстычна зробленай прычосцы, выглядалі яшчэ прыгажэйшымі». Паколькі 200 гадоў таму ў Залесьсі ўжо жылі лялькі, Маргарыта Верамейчык задумала спробу рэканструкцыі цацкі пачатку ХІХ стагодзьдзя. Але фігурка з пазнавальнымі рысамі Амэліі так і засталася ў адзіным экзэмпляры — наступныя вырашыла крыху «сплюшчыць»:

Аб’ёмная Амэлія так і засталася ў адзіным экзэмпляры
Аб’ёмная Амэлія так і засталася ў адзіным экзэмпляры

«У мяне цэлыя чамаданы лялек, якія не атрымаліся і ўвесь час перарабляюцца. Паколькі нічога падобнага дагэтуль не рабіла, папросту не здагадвалася, што будзе так складана. Думала: ну што тут такога? Шах-мах, усё хутка скончу, буду паказваць. Так не атрымалася. Першую такую ляльку я зрабіла паўтара года таму. Мы ехалі ў Літву, у Рэтавас, да Вітаса Руткаўскаса, які таксама апантаны Агінскімі. Там палац Ірэнэуша Агінскага, вельмі цікавы музэй. Я доўга мучылася: божа, ну які прыдумаць падарунак? І зрабіла маленькую ляльку Агінскага, падарыла яму. Тая фігурка там стаіць і цяпер. Ну, а гэты варыянт ужо больш прадуманы, больш грунтоўны. Адпаведна, і больш складаны. Бо, яшчэ раз кажу, даводзілася вучыцца на хаду, ніколі падобнага не рабіла. І хоць насамрэч яны, так бы мовіць, спляжаныя, плоскія, усё ж пакідаюць адчуваньне аб’ёму. Шчыра кажучы, не набралася сьмеласьці, каб зрабіць іх „круглымі“, каб можна было хадзіць вакол іх з усіх бакоў. Не, яны не такія».

Афіша выставы «12 партрэтаў Агінскіх у ляльках»
Афіша выставы «12 партрэтаў Агінскіх у ляльках»

Прэзэнтацыя калекцыі тузіна лялечных Агінскіх заплянаваная на 25 верасьня ў літоўскім Рэтавасе. Аўтарка калекцыі не выключае, што менавіта там яе «гадаванцы» ўрэшце атрымаюць сталую прапіску:

«На юбілейныя імпрэзы едзем у Рэтавас, дзе, як я ўжо казала, знаходзіцца музэй гісторыі і культуры Агінскіх. Я прапанавала зрабіць такую калекцыю, яны пагадзіліся, таму ўвесь лялечны род едзе туды. Калі б былі прапановы нешта падобнае арганізаваць для Беларусі, безумоўна, зрабіла б з задавальненьнем, але пакуль нічога такога няма. А ў Літве, перакананая, гэта з радасьцю прымуць, бо там такія людзі, якія ставяцца да тэмы Агінскіх зь вялікім імпэтам, у гэтым пляне ім усё цікава. Прынамсі, я ведаю, што там маім лялькам будзе ўтульна і добра. На жаль, выходзіць так, што яны абмінаюць Залесьсе, але менавіта так складаюцца абставіны. Дарэчы, у Рэтавасе сам Міхал Клеафас ня жыў, але ягоны сын Ірэнэуш праславіў прозьвішча Агінскіх як прагрэсіўны па тым часе рэфарматар. Таму месца само па сабе таксама знакавае».

Анёлы зь беларускім характарам
Анёлы зь беларускім характарам

Дагэтуль у лялечных прыярытэтах Маргарыты Верамейчык былі анёлы. Самых разнастайных формаў, але ўсе зь беларускім характарам і калярытам. Прыкладам, з дудкай ці з «у нескладовым» у руках.

Маргарыта Верамейчык нарадзілася ў Менску, скончыла мастацкую школу, Акадэмію мастацтваў. Займалася інтэр’ерамі, вітражамі, манумэнтальным росьпісам, прыдумляла і шыла адзеньне, вышывала харугвы і штандар, рабіла ў якасьці падарункаў лялькі-партрэты.


У 1997 годзе ў суаўтарстве з братам Сяргеем Верамейчыкам стварыла калекцыю батлеечных лялек для дзіцячай опэры «Сон Антонькі, альбо Вечар у Паўночных Атэнах» у выкананьні маленькіх артыстаў дзіцячай студыі «Альтанка» зь вёскі Залесьсе Смаргонскага раёну. Так у творчым жыцьці зьявілася тэма Агінскага і Залесься, а год таму і пілётная тэчка з партрэтамі прадстаўнікоў знакамітай дынастыі. Задума рэалізавалася да 250-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG