Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менская група застаецца, але да Менску яна ня мае ніякага дачыненьня», — экспэрт


Нягледзячы на тое, што ўрэгуляваньнем канфлікту ў Нагорным Карабаху займаецца Менская група АБСЭ, Беларусь фактычна ніякага дачыненьня да перамоўнага працэсу ня мае.

Пра гэта распавёў Свабодзе палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

Менская група была ўтворана дзеля ўрэгуляваньня канфлікту ў Нагорным Карабаху. Калі ў сакавіку 1992 году было прапанавана склікаць міжнародную канфэрэнцыю па Нагорным Карабаху, Беларусь прапанавала Менск у якасьці места перамоў.

Сустаршыні групы — Расея, ЗША і Францыя. Пастаянныя чальцы Менскай групы АБСЭ — Беларусь, Нямеччына, Італія, Швэцыя, Фінляндыя і Турэччына, а таксама Армэнія і Азэрбайджан.

— Якую ролю на пачатку 90-х адыграла Беларусь пры стварэньні менскай групы і на мірных перамовах?

— Наколькі я памятаю, гэта была ініцыятыва тагачаснага міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі. Ну, і, можа, толькі першае пасяджэньне гэтай групы сабралася ў Менску, і Беларусь ніякай асаблівай ролі ў гэтых працэсах не адыграла. Ініцыятыва (урэгуляваньня канфлікту пры дапамозе Менскай групы АБСЭ. — РС) была. Але прайшло амаль чвэрць стагодзьдзя, і ніякіх сурʼёзных вынікаў няма. Так, было даволі доўгае зацішша, але цяпер зноў абвастрэньне. Мы ведаем, што абодва бакі настроеныя рашуча і ні на якія саступкі адзін аднаму ісьці не гатовыя. Таму, мне падаецца, назва «Менская група» застаецца, але ні да Менску яна ня мае ніякага дачыненьня, ні, па шчырасьці, сама па сабе гэтая група ня можа нічога вырашыць.

— Дэ-юрэ Беларусь застаецца чальцом Менскай групы АБСЭ. Якія магчымасьці прадугледжвае гэты статус?

— На мой погляд — ніякіх. Каб мець нейкія магчымасьці, трэба мець нейкі ўплыў. Мне падаецца, што іншыя чальцы гэтай групы фармальна маюць значна большы ўплыў на абодва бакі канфлікту, але нават яны нічога ня могуць вырашыць, як мы бачым. Тым больш нічога ня можа зрабіць і Беларусь.

Разбураны ў выніку абстрэлу дом у вёсцы Гарагойунлу

Разбураны ў выніку абстрэлу дом у вёсцы Гарагойунлу

— Для Беларусі ў гэтым канфлікце чые інтарэсы бліжэй — Армэніі ці Азэрбайджана?

— З Армэніяй мы ў хаўрусе знаходзімся і ў Эўразійскім эканамічным зьвязе, і ў АДКБ, таму нібыта мы павінны падтрымліваць больш менавіта Ерэван. Але ж з Баку ў нас больш мэркантыльныя стасункі. Азэрбайджан у свой час дапамог нам з тэрміновым крэдытам, здаецца, на 300 мільёнаў даляраў. Таму Беларусь тут хоча заставацца нэўтральнай і ня хоча станавіцца ні на які бок.

— Між тым учора амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Армэніі, дзе выказалі зьдзіўленьне ў сувязі з заявамі беларускага зьнешнепалітычнага ведамства. Што не задаволіла армянскі бок?

— Не задаволіла тое, што там прагучалі словы пра аднаўленьне міжнародна прызнаных межаў. Гэта, зразумела, ніякім чынам не пасуе армянскаму боку, бо мы ведаем, што міжнародныя дамоўленасьці пакідаюць Нагорны Карабах у межах Азэрбайджану. Тут яшчэ можна лічыць Нагорны Карабах спрэчнай тэрыторыяй, але ж прабіты Лачынскі калідор паміж Армэніяй і Нагорным Карабахам, 6 ці 7 раёнаў Азэрбайджану, якія былі захопленыя армянамі — гэта, здаецца, ніхто не аспрэчвае. Менавіта гэта, думаю, і не спадабалася Ерэвану.

— Гэты інцыдэнт сьведчыць пра тое, што Беларусі будзе цяжка задаволіць сваёй пазыцыяй абодва бакі канфлікту?

— Так. Наагул Беларусі ў гэтай сытуацыі чакаць нічога не выпадае. І не таму, што Беларусь такая ці сякая, а з абсалютна абʼектыўных прычын.

XS
SM
MD
LG