Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два Нобэлеўскія ляўрэаты і помнік голаму Леніну. Як гісторык стварыла інтэрактыўную мапу Старажоўкі


Помнік Тарасу Шаўчэнку ў раёне Старажоўка

Помнік Тарасу Шаўчэнку ў раёне Старажоўка

Два Нобэлеўскія ляўрэаты і помнік голаму Леніну. Гісторык стварыла інтэрактыўную мапу зьніклага раёну Старажоўкі

Гэтае месца дало сьвету двух Нобэлеўскіх ляўрэатаў і трапіла ў творы Караткевіча. Але ніводнай шыльды, нават на могілках, дзе пахаваныя ўсе менчукі XIX і першай паловы XX стагодзьдзяў, тут няма. Аднавіць гістарычныя маркеры, прынамсі на інтэрактыўнай мапе, узялася маладая гісторык Паўліна Скурко.

Спачатку была сямейная гісторыя

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Тыдзень таму яна пачала весьці жывы часопіс Старажоўкі онлайн starazhouka.livejournal.com. Там публікуе гісторыі, запісаныя ад старых менчукоў.

«Гэты ЖЖ створаны для захаваньня памяці пра менскую Старажоўку — адзін з самых старажытных раёнаў горада, які страчваем, як і ўвесь Менск», — напісала яна ва ўводнай публікацыі.

Чаму з усіх гістарычных раёнаў абраная менавіта Старажоўка, і як онлайн-праект можа ўвасобіцца ў шыльдах і помніках, Паўліна Скурко, магістрантка гістарычнага дэпартамэнту ЭГУ, распавяла Свабодзе.

«Мае продкі купілі там дом у 1912 годзе. На гэтым месцы стаіць цяпер гістарычны архіў, — распавяла Скурко. — У пачатку 1980-х гэты дом зьнесьлі. Для сям’і гэта была вялікая радасьць, таму што нарэшце ў іх зьявілася гарачая вада, у кожнага быў свой пакой».

У хуткім часе Старажоўка зусім зьмяніла аблічча. Цяпер тут не знайсьці ніводнага жылога дома даваенных часоў.

«У мяне і ў маіх сваякоў пачалася туга па старой Старажоўцы, — кажа Паўліна. — Не па адсутнасьці гарачай вады, але па тым часе і тым доме. Зьніклі любыя маркеры Старажоўкі таго часу, акрамя некалькіх — царква й заводы».

Комплекс будынкаў бровару "Аліварыя" ў Менску

Комплекс будынкаў бровару "Аліварыя" ў Менску

Старажоўка, што натхняла Алексіевіч

Па сканчэньні магістратуры БДУ Паўліна Скурко паступіла ў магістратуру ЭГУ. Пасьля адной працы пра Старажоўку, гэтай тэмай зацікавіліся выкладчыкі і студэнты ўнівэрсытэту.

«Гэта такая справа жыцьця, — кажа Скурко. — У межах студэнцкага праекту гэта знайшло пэўнае ўвасабленьне і, так бы мовіць, матывацыю, бо цяжка самой пачаць працу над такімі вялікімі праектамі».

Яе праект пабудаваны на вусных інтэрвію старых жыхароў Менску. Пачала яна з апытаньня сваёй бабулі, якая нарадзілася на Старажоўцы і да 1980-х гадоў жыла там. Празь яе, сяброў у сацыяльных сетках і знаёмых-знаёмых яна ўжо мае 12 запісаных інтэрвію.

Гэтыя гісторыі яна штодня плянуе публікаваць у адмысловым профілі ЖЖ. Першая гісторыя прысьвечаная нобэлеўскім ляўрэатам, чые жыцьці зьвязаныя са Старажоўкай.

Жарэс Алфёраў

Жарэс Алфёраў

Па-першае, тут жыў Жарэс Алфёраў. Ён нарадзіўся ў Віцебску, але яшчэ ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Менск. Жылі яны на рагу Крапоткіна й Камуністычнай.

Найлепшым сябрам Алфёрава быў сын Кандрата Крапівы, чыя сям’я таксама жыла на Старажоўцы. Праз успаміны Зоі Аўхімовіч — нявесткі Кандрата Крапівы, — вельмі шмат вядома пра дзяцінства Жарэса Алфёрава на Старажоўцы.

Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Другі нобэлеўскі ляўрэат — Сьвятлана Алексіевіч. Яна жыве ў доме на сучаснай Старажоўскай вуліцы, дзе ў 1980-я гады давалі кватэры менскім журналістам.

«Віды Старажоўкі натхнілі нашу Нобэлеўскую ляўрэатку па літаратуры. Вядома, ня толькі яны, але атачэньне яе жыцьця на Старажоўцы — гэта дэкарацыі ідэальнай прозы».

Дзе на Асмалоўцы быў голы Ленін

Таксама Паўліна Скурко паспрабавала вызначыць межы гістарычнай Старажоўкі. Яна кажа, што афіцыйных межаў раёну не існуе. Таксама ў розных людзей, зь якімі яна гаварыла, сваё ўспрыманьне межаў Старажоўкі.​

Вельмі тонкая мяжа паміж Старажоўкай і Камароўкай. Яна праходзіць недзе па палях балотнай станцыі. Ні станцыі, ні балот ужо няма, і цяжка вызначыць, дзе праходзіла мяжа.

«Напрыклад, вельмі тонкая мяжа паміж Старажоўкай і Камароўкай. Яна праходзіць недзе па палях балотнай станцыі. Ні станцыі, ні балот ужо няма, і вельмі цяжка вызначыць, дзе дакладна праходзіла мяжа».

Як асобны раён некаторыя менчукі таксама вызначаюць Пярэспу. Гэта рака на поўначы Старажоўкі, што цяпер скаваная ў трубы пад зямлёй.

Тут жа месьціўся вядомы калгасны рынак. Ён патрапіў у гісторыю ў тым ліку й дзякуючы Ўладзімеру Караткевічу, які апісаў Старажоўскі рынак у пачатку раману «Чорны замак Альшанскі».

«Зьміцер Саўка расказваў, што ля ўезду на рынак была яміна з дызэнфікуючым сродкам. Коні мусілі ступаць у гэтую соль. Калі ён мне расказаў гэтую гісторыю, літоўцы на мяжы ўвялі гумовы дэзынфэктар. Такая сувязь часоў».

Такіх прыватных гісторый, мала каму вядомых, Скурко ўжо запісала вельмі шмат. Адна з самых нечаканых была пра голага Леніна на Асмалоўцы. Гэты раён некаторыя лічаць часткай Старажоўкі. Асмалоўка раней была падзелена на дзьве часткі: ад Багдановіча да Чычэрына — вайсковая, і ад Чычэрына да вуліцы Куйбышава — багемная, дзе жылі мастакі і былі майстэрні.

«Мой рэспандэнт, сын вайскоўца, хадзіў у госьці да сябра — сына скульптаркі. Аднойчы прыходзіць да яго ў госьці, а там — голы Ленін. Яго маці скульптарка стала ляпіць Леніна, і выляпіла яго, як скульптары робяць: спачатку — голую фігуру, а потым яго апранала. І вось стаіць голы Ленін у ботах і ў кепцы».

Тысячы пахаваных менчукоў без аніводнай згадкі

Царква Марыі Магдалены ў Менску

Царква Марыі Магдалены ў Менску

Сьпіс таго, што са старой Старажоўкі яшчэ можна пабачыць сёньня — вельмі кароткі. Царква Марыі Магдалены, сынагога, інфэкцыйны шпіталь, піўны завод, парцалянавы завод, які хутка зьнясуць, — амаль усё, што засталося ад Старажоўкі. Нават вуліца Старажоўская, што праходзіць па ўзьбярэжжы Сьвіслачы — мае не гістарычную назву. Сапраўдная Старажоўская — гэта сёньняшняя Кісялёва.

Паўліна Скурко кажа, што найперш шыльду варта паставіць на Старажоўскіх могілках. На іх месцы сёньня стаіць Старажоўскі сквэр, будуецца Моладзевы тэатар.

Гэта месца, дзе зь 19 да першай паловы 20 стагодзьдзя хавалі ўсіх праваслаўных менчукоў — галоўныя гарадзкія могілкі. Яны былі канчаткова зьнесеныя пасьля Другой сусьветнай вайны, але мясцовыя кажуць, што яшчэ да 1970-х тут сустракаліся й крыжы, і надмагільныя камяні.

Экскугамацыі былі, але надзвычай рэдкія. Пры будаўніцтве тут знаходзяць косьці й сёньня. А калі ў 1984 годзе перакопвалі вуліцу Старажоўскую, труны тырчалі проста з гэтага пракопу.

«Там пахаваныя тысячы людзей! — кажа Скурко. — Трэба, каб было месца памяці, куды можна прыходзіць да сваіх сваякоў хаця б сымбалічна — на інтэрактаўнай мапе».

Адзіны напамін пра Старажоўскія могілкі ў сквэры — валуны з адтулінамі. Раней у іх былі ўстаўеныя крыжы, а сёньня камяні выкарыстоўваюцца як дэкаратыўныя.

Пакуль ніякіх фізычных згадак пра гісторыю раёну тут няма, праз онлайн-мапу, спадзяецца Скурко, можна хаця б пагуляць па ўяўнай Старажоўцы.

«Мая мара, каб яшчэ на нашым жыцьці ўвесь Менск быў у такіх маркерах. І можна будзе выбіраць сабе на выходныя нейкі раён — Грушаўку, Немаршанскі сад ці Лошыцу — І проста ісьці па тых старых месцах і чытаць іх гісторыі».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG