Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск наведае ўкраінская ўрадавая дэлегацыя


Генадзь Зубко

Генадзь Зубко

10 лістапада Менск з працоўным візытам плянуе наведаць украінская ўрадавая дэлегацыя. Яе ачоліць віцэ-прэм’ер — міністар рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўкраіны Генадзь Зубко.

Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.

Украінская ўрадавая дэлегацыя возьме ўдзел у 24-м пасяджэньні міжурадавай беларуска-ўкраінскай зьмяшанай камісіі па пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Беларускую дэлегацыю на пасяджэньні ўзначаліць віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Чакаецца, што бакі абмяркуюць пытаньні супрацоўніцтва ў розных сфэрах, паведамляе БелТА.

У жніўні гэтага году віцэ-прэм’ер — міністар рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўкраіны Генадзь Зубко сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Яны абмеркавалі пашырэньне супрацоўніцтва ў транспартнай сфэры і энэргетыцы.

Паводле Зубко, разам зь Беларусьсю трэба «ўзмацніць эканамічную вагу транспартнага калідора паміж краінамі ЭЗ і Прычарнаморскім басэйнам».

Афіцыйны Менск спадзяецца, што неўзабаве будзе прызначаны амбасадар Украіны ў Беларусі. Ранейшы амбасадар Міхаіл Ежэль быў адкліканы з гэтай пасады ў траўні 2015 году.

На папярэднім пасяджэньні беларуска-ўкраінскай камісіі ў мінулым годзе абодва бакі дамаўляліся вярнуць былы таваразварот, які ў 2012 годзе дасягнуў 8 мільярдаў даляраў.

Было таксама дамоўлена, што Ўкраіна і Беларусь будуць разьлічвацца грыўнямі замест даляраў.

Адно з пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва — гэта пастаўкі і транзыт украінскай электраэнэргіі празь Беларусь.

XS
SM
MD
LG