Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Майдан у Беларусі немагчымы — тут патрэбна іншая мэнтальнасьць», — беларус-снайпэр з «Азова»


Беларускі баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў» з пазыўным «Ота» распавёў у інтэрвію Свабодзе, якая ідэалёгія пануе ў палку «Азоў», чаму ён расчараваны ў Беларусі і ці шмат ягоных суайчыньнікаў ваююць на баку Ўкраіны.

Сапраўднае імя «Ота» — Антон. Сваё прозьвішча і твар ён хавае ад СМІ праз пагрозу крымінальнага перасьледу ў Беларусі.

Антону 28 гадоў, ён родам з Магілёва. Па адукацыі гісторык. На вайну ў Данбас прыехаў у красавіку 2015 году.

— Антон, я хацеў бы распачаць інтэрвію пытаньнем наконт вашага аднапалчаніна Станіслава Ганчарова, які ў красавіку быў арыштаваны ў Віцебску і цяпер чакае суду. Ці ведалі вы Ганчарова асабіста? Што можаце расказаць пра гэтага чалавека?

— Асабіста ня ведаў, але шмат пра яго чуў. У прынцыпе, гэта такая легенда «Азова».

— Легенда?

— Ну, было некалькі сумнеўных эпізодаў зь яго ўдзелам, ня вельмі добрая слава ў яго была.

Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну "Азоў"
Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну "Азоў"

— Значыць, легенда ў адмоўным сэнсе?

— Хутчэй так. Хоць хапала і станоўчых момантаў. Ён быў кулямётчыкам паводле сваёй спэцыяльнасьці і, здаецца, казалі, што кулямётчыкам ён быў някепскім. Але было і некалькі сумнеўных эпізодаў — думаю, ня трэба іх цяпер агучваць.

— Ці будуць байцы «Азова» неяк змагацца за вызваленьне Ганчарова?

— Я ня чуў пра такія ініцыятывы. Ды і, мне здаецца, гэта пазбаўлена сэнсу. Мы маем уяўленьне пра тое, што такое беларускія ўлады, таму нейкімі актамі грамадзянскага пратэсту наўрад ці атрымаецца чагосьці дамагчыся. Мы ў прынцыпе пазбаўлены нейкіх рычагоў уплыву на сытуацыю.

— Як вядома, спэцслужбы Беларусі акцэнтуюць увагу на тым, што Ганчароў прыхільнік нацысцкай ідэалёгіі. Як вы ставіцеся да такіх яго поглядаў?

— Разумееце, вялікае пытаньне, ці ёсьць тут нейкая ідэалёгія ўвогуле. Людзі, якія быццам бы падзяляюць такую ідэалёгію, маюць вельмі цьмянае ўяўленьне пра яе. Тыя ж тату — гэта ў асноўным субкультурныя моладзевыя зьявы. Мне здаецца, што ніякіх ідэалягічна абгрунтаваных поглядаў, хутчэй за ўсё, у такіх людзей няма.

Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота
Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота

— Але да самой нацысцкай сымболікі вы як ставіцеся?

— Я гісторык і стаўлюся да гэтага проста як да гістарычнай зьявы, ня болей.

— Шмат каго зьдзівіла, што Ганчароў вырашыў прыехаць у Беларусь, ведаючы, што яму можа пагражаць. А ці наведваюць Беларусь іншыя добраахвотнікі?

— Я чуў толькі пра аднаго байца, які яшчэ ў 2014 годзе прыяжджаў некалькі разоў. Але чуткі хадзілі розныя — аж да таго, што ён быў завэрбаваны спэцслужбамі. Больш я ня чуў, каб хтосьці вяртаўся ў Беларусь.

«Я вельмі хацеў паехаць на Майдан»

— Чаму вы вырашылі паехаць на вайну?

Калі пасьля Майдану крамлёўскія нэабальшавікі захацелі задушыць Украіну, я ўспрыняў гэта як асабістую праблему.

— Для мяне не стаяла пытаньня, навошта, — гэта было зусім натуральна. З самага пачатку Майдану я асабіста вельмі перажываў гэтыя падзеі. Украіна прыкладна ў той жа палітычнай сытуацыі знаходзілася, як і большасьць краін постсавецкай прасторы, і гэты акт грамадзянскага пратэсту вельмі мяне разварушыў. Я вельмі хацеў паехаць на Майдан, але праз пэўныя абставіны гэта ў мяне не атрымалася зрабіць. Але я надта ўважліва адсочваў гэтыя падзеі. Калі пасьля Майдану крамлёўскія нэабальшавікі захацелі задушыць Украіну, я ўспрыняў гэта як асабістую праблему. Таму, калі ў мяне зьявілася магчымасьць, я паехаў.

Байцы добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота
Байцы добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота

— А чым вы займаліся да вайны?

— Вучыўся ў інстытуце на спэцыяльнасьці «гісторыя», скончыў. Потым працаваў.

— Працавалі па спэцыяльнасьці?

— Не, працаваў я ў сфэры будаўніцтва.

— Да вайны вы неяк удзельнічалі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі?

— Не, ні ў якіх партыях ці аб’яднаньнях я ня быў.

— Можа, удзельнічалі ў мітынгах, у Плошчы-2010?

— Не. Я неяк расчараваўся ў гэтых працэсах.

«Афіцыйная лінія „Азова“ ня вельмі зразумелая»

— Чаму вы выбралі менавіта «Азоў», а ня нейкі іншы добраахвотніцкі батальён?

— Было шмат рэклямы ў сеціве, у «Азова» складаўся даволі пазытыўны імідж. Я вырашыў, што там усё ж узровень вышэйшы, чым у астатніх падразьдзяленьнях.

Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота
Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота

— А чаму выбралі такі пазыўны — «Ота»?

— Тут ніякага глыбіннага падтэксту няма. Гэта вытворнае ад імя: Антон — «Ота».

— У інфармацыйнай прасторы Беларусі полк «Азоў» мае рэпутацыю вельмі неадназначную. Многіх бянтэжаць ультранацыяналістычныя настроі ў «Азове» — кажуць, што там сабраліся прыхільнікі нацызму. А як бы вы ахарактарызавалі тую ідэалёгію, якая пануе сярод байцоў «Азова»?

Афіцыйная лінія «Азова», на мой погляд як гісторыка, наогул ня вельмі зразумелая — гэтай нейкая сумесь усяго...

— Ідэалёгіі як такой фактычна ніхто не прытрымліваецца. Так, ёсьць прыхільнікі пэўнай моладзевай субкультуры, але глыбінныя ідэалягічныя погляды ёсьць толькі ў адзінак. Афіцыйная лінія «Азова», на мой погляд як гісторыка, наогул ня вельмі зразумелая — гэтай нейкая сумесь усяго...

— Гэта так званая ідэалёгія сацыял-нацыяналізму, пра што гаворыць Андрэй Білецкі?

— Так, сацыял-нацыяналізм. Насамрэч сярод шарагоўцаў мала хто разумее, што гэта.

— А вы прыхільнік якой палітычнай ідэалёгіі?

— Я стараюся вельмі крытычна ставіцца да такіх рэчаў. У любой ідэалёгіі ёсьць свае плюсы і мінусы. Я думаю, што няма ідэалёгіі ўнівэрсальнай, дасканалай — прыходзіцца выбіраць меншае зло.

Байцы добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота
Байцы добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота

— Колькі цяпер у «Азове» беларусаў?

— Цяпер засталося нашмат меней, чым было. Дакладнай лічбы я вам не назаву, але мне здаецца. што ўжо меней за 10. За апошні час шмат пайшло людзей.

— Наколькі я разумею, гэта зьвязана пераважна з тым, што на фронце цяпер няма актыўных баявых апэрацый?

— Ня толькі. Магчыма, у некаторых былі завышаныя чаканьні першапачаткова: усё ж, калі ўсё толькі пачыналася, полк даволі гучна пра сябе заявіў. Цяпер некаторыя расчараваліся ў падразьдзяленьні.

— Колькі ўсяго, паводле вашых падлікаў, беларусаў ваюе на баку Ўкраіны?

— Мне здаецца, менш за сотню дакладна. Іх у разы менш, чым тых, хто ваюе на супрацьлеглым боку. Гэта нават несупастаўныя лічбы.

Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота
Баец добраахвотніцкага батальёну «Азоў», ілюстрацыйнае фота

— Нядаўна стала вядома, што сьледзтва ў справе забойства журналіста Паўла Шарамета распрацоўвае, сярод іншых, вэрсію, згодна зь якой да забойства могуць быць датычныя ўкраінскія добраахвотніцкія батальёны. У тым ліку некаторыя крыніцы называюць і полк «Азоў». Што вы думаеце на гэты конт?

— Зразумела, я ня ведаю, хто мог быць датычны да гэтага злачынства. У «Азова» не было матываў гэта рабіць. Улічваючы рэзананс падзеі, такое рашэньне магло быць прынятае толькі на ўзроўні камандаваньня. Але я ня бачу ніякіх падстаў для гэтага.

«Матывацыя ў кожнага на вайне свая»

— Якая ваша вайсковая спэцыяльнасьць?

— Я снайпэр.

— І колькі на вашым рахунку забітых сэпаратыстаў?

— ...Я не магу сказаць вам гэта. Гэта ўсё ж далікатнае пытаньне... Але ёсьць пэўны вынік, скажам так.

— Што вы адчувалі пасьля таго, як упершыню забілі? Вы неяк перажывалі гэта ці падзея прайшла для вас амаль незаўважна?

— Не скажу, што былі нейкія перажываньні. Калі ты настроены на гэтыя дзеяньні, то асаблівых эмацыйных наступстваў няма.

— Як доўга вы знаходзіліся ў зоне АТА?

— Калі лічыць не перадавую, а менавіта зону АТА, то атрымліваецца год і сем месяцаў.

— Вядомы расейскі вайсковы карэспандэнт Аркадзь Бабчанка кажа, што празь нейкі час на вайне патрыятычная або ідэалягічная матывацыя ў салдата зьнікае і ён ужо ваюе проста «за сябе і за таго хлопца, які побач». Ці згодны вы з гэтым? Ці сапраўды празь нейкі час у людзей на вайне зьяўляюцца ўжо зусім іншыя матывацыі?

Матывацыя ў кожнага на вайне свая. Камусьці пачынае падабацца ўжо сам працэс, і палітычныя матывы адыходзяць на другі плян. І такая зьява, як баявое братэрства, сапраўды існуе.

— Ведаеце, у прынцыпе, матывацыя ў кожнага на вайне свая. Камусьці пачынае падабацца ўжо сам працэс, і палітычныя матывы адыходзяць на другі плян. І такая зьява, як баявое братэрства, сапраўды існуе. Даволі моцна прывыкаеш да людзей, зь якімі разам пабываў пад абстрэлам.

«Я глыбока расчараваны ў краіне»

— У вас у Беларусі засталася маці; вы казалі, што ў яе былі ператрусы. На вас заведзеная крымінальная справа?

— Так, здаецца. Наколькі казалі маці, артыкул — «найміцтва».

— Значыць, вяртацца ў Беларусь вы не плянуеце...

— Нават калі б была такая магчымасьць юрыдычная, я б усё роўна не вярнуўся. Я глыбока расчараваны ў краіне.

— Патлумачце, у чым расчараваньне?

Справа ў пасіўнасьці людзей, якія нават не асэнсоўваюць тую сытуацыю, у якой яны знаходзяцца. Абыякавасьць — гэта вельмі важны фактар. Гэта забівае матывацыю.

— Верагодна, справа ў пасіўнасьці людзей, якія нават не асэнсоўваюць тую сытуацыю, у якой яны знаходзяцца. Абыякавасьць — гэта вельмі важны фактар. Гэта забівае матывацыю.

— Вы лічыце, Майдан у Беларусі немагчымы?

— Думаю, немагчымы. Тут патрэбна іншая мэнтальнасьць, іншая грамадзкая сьвядомасьць. Плюс іншая палітычная сытуацыя. Нягледзячы на спробы ва Ўкраіне ўзяць пад кантроль грамадзкае жыцьцё, яны да канца даведзены не былі. Майдан актыўна падтрымалі даволі моцныя нацыяналістычныя, патрыятычныя арганізацыі — гэта былі арганізаваныя людзі, з пэўнай ідэалёгіяй. У Беларусі такое немагчыма. Нават калі выйдуць пратэставаць, у іх проста ня будзе шанцаў, яны ня здолеюць арганізавацца.

— Шмат хто гаворыць пра тое, што ў Беларусі Расея можа паўтарыць данбаскі ці крымскі сцэнар. Наколькі гэта рэальна, на ваш погляд?

Лукашэнка знаходзіцца на вельмі кароткім эканамічным павадку, ён проста нікуды не дзенецца ад Масквы.

— Мне здаецца, у гэтым няма неабходнасьці. Лукашэнка знаходзіцца на вельмі кароткім эканамічным павадку, ён проста нікуды не дзенецца ад Масквы.

— Як вы лічыце, хто мог бы стаць годным лідэрам Беларусі?

— Сёньня такіх фігур няма. Лукашэнкам быў штучна створаны палітычны вакуўм, калі ўсе больш-менш заўважныя фігуры былі або рэпрэсаваныя, або эмігравалі.

— Але калі зьвяртацца да гісторыі (нават не абавязкова беларускай), які лідэр найбольш адпавядае вашым уяўленьням пра тое, якім павінен быць прэзыдэнт Беларусі?

— Цікавае пытаньне. У гісторыі было шмат годных асоб. Але спачатку трэба разумець, якая палітычная сыстэма больш падыходзіць Беларусі — парлямэнцкая ці прэзыдэнцкая рэспубліка? Мне здаецца, што павінна быць усё ж калектыўнае прыняцьце рашэньня. Я ня думаю, што павінна быць адна ключавая асоба, вакол якой усё павінна круціцца. Але калі правесьці ўсё ж паралелі... Ня ведаю, магчыма, Уінстан Чэрчыль.

— Якой вы бачыце сваю будучыню? Вы разьлічваеце атрымаць украінскае грамадзянства?

— Так. Хацелася б атрымаць грамадзянства, бо зь беларускім пашпартам я так ці інакш трапляю ў залежнасьць ад беларускай дзяржавы. Таму ў маіх найбліжэйшых плянах атрымаць украінскае грамадзянства. Хоць яго неяк ня вельмі хочуць мне даваць, узьнікаюць праблемы тыя ці іншыя. Далейшыя пляны? Заняцца ўладкаваньнем свайго цывільнага жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG