Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск маўчыць пра «саюзны дагавор» Масквы і Цхінвалі


Леанід Цібілаў і Уладзімер Пуцін
Леанід Цібілаў і Уладзімер Пуцін

«Агрэсіяй і правакацыяй» з боку Крамля назвалі ў Тбілісі падпісаньне так званага «саюзнага дагавору» паміж Расеяй і Паўднёвай Асэтыяй.

Свае подпісы пад гэтым дакумэнтам 18 сакавіка паставілі Ўладзімер Пуцін і Леанід Цібілаў. Так званы «саюзны дагавор» тычыцца супрацоўніцтва Расеі і Паўднёвай Асэтыі ў пытаньнях абароны і бясьпекі, зьнешняй палітыкі, у сацыяльнай, эканамічнай і гуманітарнай сфэрах. Дакумэнт прадугледжвае таксама ўзаемную каардынацыю ў сфэры забесьпячэньня стабільнасьці і бясьпекі ў Закаўкаскім рэгіёне.

Сёньня Леанід Цібілаў заявіў, што кіраўніцтва Паўднёвай Асэтыі пакуль ня ставіць на парадак дня пытаньне аб далучэньні да Расеі:

«Ідэя далучэньня да Расеі ў нашага народа існуе. Мы будзе рабіць усё, каб яна была рэалізаваная. Аднак сёньня гэтае пытаньне не стаіць».

У Тбілісі і ў сталіцах краін Захаду выступілі з асуджэньнем гэтага кроку Масквы.

Так, міністар замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі адзначыла:

«Гэты дакумэнт ня мае прававой сілы і супярэчыць міжнародным нормам. Ён зьяўляецца яшчэ адным фактам парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі і крокам да анэксіі яе часткі».

А сьпікер парлямэнту Давід Усупашвілі заявіў:

«Увесь цывілізаваны сьвет прытрымліваецца адной думкі: гэта агрэсіўны крок з боку Масквы супраць Грузіі».

Кіраўнік грузінскага парлямэнту паведаміў, што ўрады ўсіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацыяў выказалі падтрымку ўладам Грузіі.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Федэрыка Магерыні назвала новы дагавор «яшчэ адным крокам супраць намаганьняў па ўмацаваньні бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне».

А афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі заявіла:

«Мы працягваем падтрымліваць незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. ЗША не прызнаюць законнасьці нейкага так званага дагавору паміж фактычнымі лідэрамі мяцежных рэгіёнаў Грузіі і Расейскай Фэдэрацыяй».

А вось прадстаўнікі ўладаў Беларусі — і на выканаўчым, і на заканадаўчым роўні — адмаўляюцца выказваць сваё стаўленьне да падпісаных у Маскве дакумэнтаў.

«Мне гэта зразумела, паколькі цяпер ня лепшы час для абнародаваньня сваёй пазыцыі», — адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Беларускаму кіраўніцтву ня вельмі падабаецца тое, што робіць Расея на Каўказе. Гэта вынікае з таго, што яно дагэтуль не прызнае дзяржаўнай незалежнасьці ні Абхазіі, ні Паўднёвай Асэтыі. Дый тое, што падпісаная новая дамова, мала што мяняе. Гэта, хутчэй, вынік усёй той палітыкі, якую Расея вядзе адносна Грузіі.

На гэта наўрад ці будзе зьвернутая ўвага заўтра ў Астане, дзе сустрэнуцца кіраўнікі Расеі, Беларусі і Казахстану. Цяпер не такі стан у Беларусі, каб псаваць дачыненьні з Расеяй з-за гэтага адносна дробязнага пытаньня. Са свайго боку, і Расея ня будзе акцэнтаваць на гэтым увагу з тых жа матываў. І ў Масквы, і ў Менску і без таго хапае праблемаў і напружанасьцяў. Няма сэнсу ствараць новыя».

Андрэй Фёдараў зьвяртае ўвагу на тое, што так званы саюзны дакумэнт Расеі і паўднёвай Асэтыі падпісалі падчас сьвяткаваньня ў Расеі анэксіі Крыму:

«Гэта паказвае насельніцтву Расеі — аднаўленьне імпэрыі працягваецца».

Расея прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі неўзабаве пасьля ваеннага канфлікту з Грузіяй у жніўні 2008 году. У абедзьвюх рэспубліках разьмешчаныя расейскія войскі. Тбілісі лічыць гэта акупацыяй грузінскай тэрыторыі.

Незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі ад Грузіі прызнаюць толькі Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру, Вануату і Тувалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG